Аляксандр Класкоўскі: Гэты клінч быў непазбежны

Нарастае энергетычны канфлікт на лініі Мінск — Масква. У адказ на памяншэнне паставак нафты беларускі бок рэзка, адразу на 50%, падняў тарыф на прапампоўку расійскай нафты ў Еўропу па магістральных трубаправодах.

Фота baj.by

Фота baj.by


Як лічыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі, такім жорсткім спосабам Мінск спрабуе павысіць стаўкі перш за ўсё на газавых перамовах з усходнімі партнёрамі. Наогул, у стасунках Беларусі і Расіі назіраецца глыбокі крызіс.

Паколькі рэформы праводзіць Аляксандр Лукашэнка не хоча, то ён стараецца хоць нешта выціснуць з Расіі, — адзначае Аляксандр Класкоўскі. — У прыватнасці, менавіта беларускі бок устанавіў з пачатку гэтага года справядлівую, на яго погляд, цану на газ, якая амаль удвая меншая чым цана кантрактная. У свой час абодва бакі распачалі гэтую братнюю інтэграцыю, так бы мовіць “па паняццях”. Шмат высокіх слоў, а насамрэч Мінск хацеў “прыстаканіцца” да расійскіх рэсурсаў, а Масква хацела прасунуць свае імперскія інтарэсы. Так што рана ці позна гэты клінч быў непазбежны.

Са слоў Аляксандра Класкоўскага, даваць энергетычныя гранты Беларусі Расія ўжо не можа — анексія Крыма, санкцыі Еўразвяза, ваенныя канфлікты на Данбасе і Сірыі моцна падарвалі расійскую эканоміку. У той жа час Лукашэнка не жадае пагаджацца на ўмовы выдзялення чарговага крэдыту Беларусі з боку Міжнароднага валютнага фонду. Беларускі кіраўнік катэгарычна адмаўляецца ад рынкавых рэформаў ды прыватызацыі.


Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя