Вартавыя Хаосу: Дзесяцігодзьдзі дэстабілізацыі і тэрору іранскага Корпусу Вартавых Ісламскай Рэвалюцыі

Калі Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі быў створаны ў 1979 годзе, яго называлі абаронцам новых ідэалаў Ірана. Але замест таго, каб абараняць іранскі народ, гэтая спецслужба стала прыладай прыгнёту. Корпус распальвае грамадзянскія войны, падтрымлівае тэрарыстычныя арганізацыі і падтрымлівае аўтарытарныя рэжымы. Якія злачынствы цягнуцца за імі? Прасочым у 45-ю гадавіну ўзьнікненьня Корпуса вартавых.

Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі. Фота: АР

Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі. Фота: АР

Узьнікненьне

Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі быў створаны ў 1979 годзе новым кіраўніцтвам Ірана пасьля зрынаньня шаха падчас Ісламскай рэвалюцыі. Яго асноўнай місіяй афіцыйна была абарона Ісламскай Рэспублікі ад нутраных і вонкавых пагрозаў, забесьпячэньне выжываньня рэвалюцыйнага ўрада на чале з аяталой Хамэйні. У адрозьненьне ад традыцыйных узброеных сілаў Ірана, Корпус быў распрацаваны, каб быць ідэалягічна лаяльным да прынцыпаў рэвалюцыі, ён выступаў ў якасьці процівагі рэгулярнай арміі, да якой ставіліся з падазрэньнем праз яе сувязі з былой манархіяй.

Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі хутка стаў інструмэнтам для здушэньня іншадумства, скіраваны супраць палітычных апанэнтаў і этнічных меншасьцей. З часам паўнамоцтвы Корпуса пашырыліся за межы нутранай бясьпекі. Яны ўзялі на сябе агрэсіўную ролю ў экспарце рэвалюцыйнай ідэалёгіі ісламісцкага Ірана за мяжу.

Падтрымка тэрарызму

Пасьля вайны Ізраіля і Лібана ў 1982 годзе Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі забясьпечыў мясцовую тэрарыстычную групоўку «Хезбалу» зброяй і фінансаваньнем, каб стварыць магутны пляцдарм Ірана ў рэгіёне. З тых часоў «Хезбала» пераўтварылася ў буйнога палітычнага і ваеннага гульца ў Лібане. Адначасова з гэтым яны зьдзейсьнілі серыю нападаў на ізраільскія, амэрыканскія і эўрапейскія цэлі на працягу дзесяцігодзьдзяў.

Падтрымка Корпуса дазволіла Хезбале стаць адной з самых (калі не самай) моцных недзяржаўных узброеных груповак у сьвеце, чый арсэналам можа супернічаць з лібанскай арміяй. Тэрарыстычная дзейнасьць Хезбалы ўключала ў сябе бамбаваньне ў 1983 годзе казармы марской пяхоты ЗША ў Бэйруце, у выніку якога загінуў 241 амэрыканскі вайсковец, і выбух у габрэйскім грамадзкім цэнтры ў Буэнас-Айрэсе ў 1994 годзе, у выніку якога загінулі 85 мірных жыхароў.

Глядзіце таксама

Абедзьве атакі былі арганізаваныя пры непасрэднай падтрымцы і каардынацыі з боку Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі.

У Емэне іранскі Корпус аказаў значную падтрымку паўстанцам-хусітам, якія зрынулі ўрад Емэна ў 2015 годзе. Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі пастаўляў зброю, у тым ліку ракеты і беспілотнікі, што дапамагло хусітам вытрымаць у працяглай вайне супраць кааліцыі пад кіраўніцтвам Саўдаўскай Арабіі.

Корпус вартуе Асада ў Сірыі

Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі. Фота: АР

Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі. Фота: АР

Калі ў 2011 годзе ў Сірыі ўспыхнулі пратэсты супраць рэжыму Башара Асада, яны атрымалі ў адказ надзвычайны гвалт, што выклікала поўнамаштабную грамадзянскую вайну. Кантроль Асада хутка пачаў слабець. Розныя апазыцыйныя групы і паўстанцы заваёўвалі пазіцыі. У гэты вырашальны момант Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі, асабліва праз свае элітныя сілы Кудс, непасрэдна ўмяшаўся, каб забясьпечыць выжываньне Асада.

Для Ірана выратаваньне рэжыму Асада было вельмі істотным для захаваньня яго ўплыву ў рэгіёне, асабліва для доступу ў Лібан, да сваіх «дзяцей» – Хізбалы. Іранцы дапамаглі арганізаваць, навучыць і ўзброіць шмат праасадаўскіх фармаваньняў, многія зь якіх былі датычныя да ваенных злачынстваў.

Адным з найбольш яскравых прыкладаў жорсткасьці Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі у сірыйскай грамадзянскай вайне зьяўляецца яго ўдзел у аблозе і канчатковым захопе Алепа напрыканцы 2016 года.

Іран, большасьць насельніцтва якога складаюць шыіты, выкарыстаў сірыйскую вайну, каб паглыбіць свой уплыў на «шыіцкім паўмесяцы» ад Тэгерана да Бэйрута.

Рэпрэсіі ў Іране

У лістападзе 2019 года пратэсты ўспыхнулі па ўсім Іране пасьля раптоўнага павышэньня коштаў на паліва. Гэта адлюстроўвала глыбокую незадаволенасьць іранцаў у эканоміцы і агульнай карупцыяй. Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі разам з іншымі сіламі бясьпекі адказалі на гэта тэрорам. Праваабарончыя арганізацыі паведамлялі, што сотні дэманстрантаў былі забітыя за некалькі дзён, а сілы бясьпекі стралялі ў натоўп баявымі патронамі. Дакладная колькасьць загінулых застаецца невядомай, але некаторыя ацэнкі паказваюць, што загінулі каля 1500 чалавек.

На працягу многіх гадоў палітыкі-рэфармісты (каоі такіх можна ўявіць у сучасным Іране), студэнцкія актывісты і нават прадстаўнікі ісламскага духавенства Ірана, якія крытыкавалі рэжым, апынуліся за кратамі, выгнаныя або зьмешчаныя пад хатні арышт. Сотні і сотні людзей былі павешаныя.

Адным з яскравых прыкладаў гэтага зьяўляецца абыходжаньне з Мір-Хасэйнам Мусаві і Мэхдзі Карубі (які зьяўляўся прэм'ерам Ірана ў свой час), лідэрамі пратэстаў так званага Зялёнага руху 2009 года, якія знаходзіліся пад хатнім арыштам з 2011 года. Нягледзячы на ​​міжнародныя заклікі да іх вызваленьня, Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыіпаклапаціўся аб адваротным. Толькі напрыканцы жніўня 2024 года Мэхдзі Карубі вызвалілі, але яго паплечнік застаецца ў руках Корпуса.

Глядзіце таксама

Таемныя апэрацыі па-за межамі Ірана

Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі стварыў элітнае падразьдзяленьне «сілы Кудс», якое адказвае за выкананьне замежных ваенных і выведвальных місій Ірана. Ім афіцыйна даручана «экспартаваць ісламскую рэвалюцыю». Сілы «Кудс» адыгралі непасрэдную ролю ў падтрымцы баевікоў, арганізацыі проксі-войнаў і правядзеньні таемных апэрацый па ўсім сьвеце.

З моманту свайго стварэньня сілы Кудс былі датычныя да серыі забойстваў і замахаў на іранскіх дысідэнтаў, актывістаў у выгнаньні і замежных чыноўнікаў, якія крытычна ставіліся да палітыкі Ірана.

У 1980-х і 1990-х гадах шмат вядомых іранскіх дысідэнтаў, якія жылі ў Эўропе, былі забітыя ў выніку нападаў, якія, як шмат хто мяркуе, арганізаваў Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі.


Напрыклад, у 1992 годзе ў Бэрліне чатыры лідэры курдзка-іранскай апазыцыі былі забітыя ў рэстаране людзьмі, зьвязанымі з іранскім рэжымам. Пазьней нямецкі суд абвінаваціў высокапастаўленых іранскіх чыноўнікаў, у тым ліку сябраў
Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, у стварэньні замовы на забойствы.

Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі. Фота: ЕРА

Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі. Фота: ЕРА

Былы прэм'ер-міністр Ірана Шапур Бахціяр, таксама стаў мішэньню. Бахціяр, у свой час вядомы крытык ісламскага рэжыму, быў забіты ў сваім доме ў Парыжы ў 1991 годзе. Тады двое з забойцаў уцяклі ў Іран, а трэці, Алі Вакілі Рад, быў арыштаваны ў Швайцарыі разам з меркаваным саўдзельнікам Зэйналабэдзінам Сархадзі, унучатым пляменьнікам тагачаснага прэзідэнта Ірана Хашэмі Рафсанджані.

Абодва былі экстрадаваныя ў Францыю для суда. Вакілі Рад быў прысуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня, але Сархадзі быў апраўданы. Рад быў умоўна-датэрмінова вызвалены ў 2010 годзе. Афіцыйныя асобы Ісламскай Рэспублікі Іран сустрэлі яго як героя. Цікава, што вызваленьне забойцы Рада адбылося ўсго праз два дні пасьля таго, як Тэгеран вызваліў Клатыльду Рэйс, французскую студэнтку, якую ісламскі рэжым абвінаваціў у шпіянажы.

І французскі, і іранскі ўрады адмаўлялі сувязь гэтых двух справаў.

У нашыя дні Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыіне пасьпявае залізваць раны пасьля пасьпяховых дзеяньняў Ізраіля па вынішчэньні ўзрошчаных іранцамі тэрарыстаў з ХАМАС і Хезбалы. Таямнічая сьмерць іранскага прэзідэнта ў гэтым годзе, верагодна, яшчэ прынясе ў будучыні інфармацыю пра чарговы правал Корпуса.

Але пакуль неабходна быць напагатове.

Глядзіце таксама