Ва Украіне сёння адзначаюць Дзень памяці і прымірэння
Гэты дзень адзначаюць ва Украіне з 2015 года. Менавіта тады Вярхоўная Рада вызначыла 8 мая як Дзень памяці і прымірэння.
Упершыню новая традыцыя ўшанавання ахвяраў Другой сусветнай вайны была пачата ў 2015 годзе, і такім чынам Украіна далучылася да агульнаеўрапейскай традыцыі.
9 красавіка 2015-га Вярхоўная Рада Украіны ўстанавіла 8 мая Днём памяці і прымірэння ў гонар усіх ахвяр Другой сусветнай вайны. Закон быў прыняты згодна рэкамендацыйнай рэзалюцыі ААН ад 2004 года, якая абвясціла 8 і 9 мая Днямі памяці і прымірэння і прапанавала дзяржавам — сябрам ААН, акрамя святкавання сваіх Дзён перамогі або вызвалення, штогод адзначаць адзін ці два дні ў памяць усіх ахвяр Другой сусветнай вайны.
Падчас святкавання Дня памяці і прымірэння ў Кіеве і абласных цэнтрах каля помнікаў і мемарыялаў, прысвечаных увекавечанню перамогі над нацызмам і ўшанаванню памяці ахвяраў Другой сусветнай вайны 1939–1945 гадоў, усталёўваецца ганаровая варта, а таксама ўскладаюцца вянкі і кветкі.
З 2014 года сімвалам Дня прымірэння і Дня перамогі ва Украіне стаў чырвоны мак. Гэта міжнародны сімвал памяці ахвяр усіх ваенных і грамадзянскіх узброеных канфліктаў.
Адзначым, што 8 мая ў большасці еўрапейскіх краін і ў ЗША адзначаецца Дзень перамогі ў Другой сусветнай вайне (V-E Day, ці Victory in Europe Day), паколькі 7 мая быў падпісаны акт капітуляцыі Германіі, а 8 мая ён уступіў у сілу па сярэднееўрапейскім часе.
Паводле 112.ua