Як святкуюць дзень Перамогі ў Другой сусветнай вайне ў іншых краінах?

З заходніх краінаў-саюзніц святочныя мерапрыемствы кшталту парадаў і салютаў адбываюцца, бадай што, толькі ў Францыі.

makron_aland.jpg


У большасці краінаў Заходняй Еўропы днём, калі скончылася Другая сусветная вайна, лічыцца 8 мая. І толькі ў краінах былога савецкага блоку адзначаюць Дзень перамогі на дзень пазней, бо другі акт аб капітуляцыі Германіі быў падпісаны, калі ў Маскве на гадзінніку было ўжо 00:43 9-га мая.

Нягледзячы на тое, што ў Сербіі, напрыклад, час супадае з Еўрапейскім, яны і зараз святкуюць Дзень Перамогі на дзень пазней фактычнай даты.

З заходніх краінаў-саюзніц святочныя мерапрыемствы кшталту парадаў і салютаў адбываюцца, бадай што, толькі ў Францыі. 

Францыя

 8 мая ў Францыі — нацыянальнае свята і выходны дзень. Некалькі разоў за пасляваенную гісторыю Францыі гэты дзень рабілі звычайны працоўным днём з той логікі, што святкаваць капітуляцыю Германіі так маштабна — гэта не ветліва ў адносінах да суседкі, з якой у 50–70-я гады Францыя актыўна развівала адносіны. Але з 1981 года свята вярнулі.

Акрамя таго, французы асобна адзначаюць Дзень памяці дэпартаваных габрэяў у апошнюю нядзелю красавіка, а 11 лістапада — дзень воінаў, памерлых у баях за Францыю.

Рытуальна святкаванне Дня Перамогі ў Францыі мала чым адрозніваецца ад савецкай традыцыі: па Елісейскіх палях праходзіць парад, прэзідэнт разам з іншымі высокімі асобамі ўскладае кветкі да Магілы невядомага салдата каля Трыумфальнай аркі. Сёлета гэтая цырымонія прыцягнула асаблівую ўвагу, бо 7 мая Францыя абрала новага прэзідэнта — Эманюэля Макрона. Ён удзельнічаў ва ўскладанні кветак разам з Франсуа Алландам.

Тое ж адбываецца ў меншых гарадах. Аднак, у адрозненне ад былых савецкіх краінаў, без патрыятычна-прапагандыстскага фанатызму. Няма такой колькасці ваеннай тэхнікі, тым больш, ніякіх кансерваваных шкарпэтак, і налепкі «НА БЕРЛІН!» у Францыі проста немагчымыя. 8 мая — дзень, калі скончылася вайна, а не дзень, калі трэба рыхтавацца да новай. 

ЗША

 Злучаныя штаты Амерыкі не святкуюць 8 мая нейкім спецыяльным чынам. Там гэты дзень вядомы як Дзень заканчэння вайны ў Еўропе (V-E Day — Victory in Europe Day), бо для Штатаў вялікая частка вайны была яшчэ паперадзе, у Японіі, з ядравым бамбаваннем Хірасімы і Нагасакі. Дзень канчатковай перамогі ў Другой сусветнай вайне ў ЗША святкуецца ў другі панядзелак жніўня, у гэтым годзе — 14-га жніўня.

У апошні ж панядзелак мая ЗША святкуюць Дзень памяці ўсіх вайскоўцаў, загінулых у войнах на баку войска ЗША. У гэты дзень людзі наведваюць мемарыялы і могілкі, нясуць сцягі і кветкі. Нацыянальны сцяг напалову спускаюць. Дзень з’яўляецца выходным, таму звычайна людзі выходзяць на пікнікі і спартовыя мерапрыемствы. Гэтае свята лічыцца пачаткам летняга сезону. 

 

Сцягі на могілках вайскоўцаў, загінулых у войнах за ЗША. 26 мая, 2016. Washington, DC.Фота: Science World Report

Сцягі на могілках вайскоўцаў, загінулых у войнах за ЗША. 26 мая, 2016. Washington, DC.Фота: Science World Report

2 верасня адзначаецца дзень перамогі ў Другой сусветнай вайне і ў Вялікай Брытаніі.

 Сербія

 9 мая ў Сербіі вышэйшыя асобы кіраўніцтва краінай ускладаюць вянок да помніка вызваленцам Бялграду, на цырымоніі прысутнічаюць ветэраны, студэнты, запрошаныя госці ды іншыя грамадзяне. Ідзе па галоўнай вуліцы сталіцы вядомы нам «Бессмяротны полк». У Сербіі гэта таксама нацыянальнае свята, з парадам вайсковай тэхнікі, авіяшоў і патрыятычнымі лозунгамі.

 У гэтым годзе прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч выступіў з прамовай да Дня Перамогі, і падзякаваў Расеі за гераізм, які выратаваў усіх ад фашызму.

 «Дзень перамогі — адно з найважлівейшых святаў у гісторыі ўсяго чалавецтва. З усіх нацыяў менавіта рускі народ пацярпеў найбольш у Вялікай айчыннай вайне, і гэта будзе заўсёды заставацца прыкладам патрыятызму і найвялікшай мужнасці. Дзякуючы гераічным учынкам у Другой сусветнай вайне, фашызм быў зрынуты, а мір — выратаваны ад яго цёмнай моцы. Мужнасць салдатаў Чырвонай Арміі заслугоўвае павагі, гонару і вечнай памяці ў нашых сэрцах», — сказаў Вучыч па-руску ў відэазвароце з нагоды дня Перамогі.

 Парад у гонар 70-годдзя перамогі ў другой сусветнай вайне. 9 мая 2015. Масква, Расія. Фота: kremlin.ru

 Парад у гонар 70-годдзя перамогі ў другой сусветнай вайне. 9 мая 2015. Масква, Расія. Фота: kremlin.ru

З другога боку

Прэзідэнт Рычард фон Вайцзакер 8 мая 1985 году на цырымоніі ўганаравання 40 гадавіны перамогі над фашызмам звярнуўся да немцаў з наступнымі словамі:

«Розныя нацыі сёння святкуюць канец Другой сусветнай вайны ў Еўропе. Кожная нацыя робіць гэта з уласным пачуццём і ў залежнасці ад свайго лёсу ў гэтай вайне. Ці гэта перамога, ці гэта паражэнне, звальненне ад несправядлівасці і акупацыі, або пераход да новай залежнасці, падзелу тэрыторый, новых саюзаў, перакладання паўнамоцтваў і падзелу сфераў уплыву — 8 мая 1945 году стала вырашальнай гістарычнай датай для ўсёй Еўропы.

Мы, немцы, успамінаем гэтую дату ў нашай краіне таксама. Мы павінны знайсці нашыя ўласныя стандарты. Але мы не зможам зрабіць гэта, калі мы самі, або іншыя будзем хаваць нашыя пачуцці. Мы павінныя і мы зможам паглядзець праўдзе ў вочы — без абялення і скажэнняў».

У Германіі няма афіцыйнага нацыянальнага свята перамогі над фашызмам, але ў гэты дзень праходзяць розныя памятныя мерапрыемствы. Канцлерка Германіі Ангела Меркель і іншыя афіцыйныя прадстаўнікі Германіі ўдзельнічаюць ва ўшанаваннях загінулых праз фашызм у іншых краінах.

 Вераніка Чыгір, belsat.eu