Ва Украіне помнік Дзяржынскаму перарабілі ў казака Крываноса
У Бярдзянску Запарожскай вобласці дэкамунізавалі бюст аднаго з ініцыятараў чырвонага тэрору Фелікса Дзяржынскага, размешчаны на тэрыторыі Бярдзянскай папраўчай калоніі.
Як паведамляе pro.berdyansk.biz, помнік жалезнаму Феліксу не зруйнавалі, а перарабілі ў помнік украінскаму казаку Максіму Крываносу.
Пасля дэкамунізацыі ўсе помнікі гэтаму дзеячу на тэрыторыі Украіны падлягалі зносу. Аднак у Бярдзянскай папраўчай калоніі вырашылі «не марнаваць жа дабро» — і зладзілі рэдызайн помніка. У выніку Дзяржынскі стаў Максімам Крываносам, пра што сведчыць шыльда на помніку.
Максім Крыванос — адзін з кіраўнікоў казацка-сялянскіх паўстанняў, адзін з бліжэйшых паплечнікаў Багдана Хмяльніцкага. Якіх-небудзь дакладных звестак аб яго паходжанні няма. А некаторыя гісторыкі часта абвінавачваюць Крываноса і яго казакоў у гвалце і разнастайнай жорсткасці і зверствах.
Зрэшты, нават пасля ператварэння Дзяржынскага ў Крываноса першапачатковыя рысы былога бюста праглядаюцца і ў новым вобразе
Дзяржынскаму надтачылі вусы, „згалілі” бародку, зрабілі казацкі асяледзец і „апранулі” у вышыванку. На помнік усталявалі шыльду з надпісам „Максім Крыванос (Перабійніс). 1600-1648. Палкоўнік войска Запарожскага”.
Паводле www.racyja.com, pro.berdyansk.biz