Украіна спыняе супрацоўніцтва з Беларуссю ў галіне адукацыі і навукі

Кабінет міністраў Украіны разарваў шэраг пагадненняў з Беларуссю, паведамляе Свабода.

images_161.jpg

Аднаму з разарваных пагадненняў было амаль 30 гадоў. Украіна правяла дэнансацыю праз тое, што Рэспубліка Беларусь прадаставіла сваю тэрыторыю для расійскіх войскаў для ракетных удараў, перамяшчэння вайскоўцаў і іх лячэння.
Пастанову № 417 пра скасаванне дзейнасці шэрагу дакументаў у адукацыйнай галіне зацвердзіў 9 красавіка прэм’ер-міністр Дзяніс Шмыгаль.
У прыватнасці, прыпыніла дзеянне міжурадавая дамова аб супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій, падпісаная 17 снежня 1992 года ў Кіеве.
Урад Украіны таксама нівеляваў дзеянне міжурадавага пагаднення аб узаемным прызнанні і эквівалентнасці дакументаў аб адукацыі і навуковых званнях, падпісанага 6 лютага 1998 года ў Мінску.
Акрамя таго, больш не дзейнічае пагадненне паміж урадамі Украіны і Беларусі аб супрацоўніцтве ў галіне атэстацыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў вышэйшай кваліфікацыі, падпісанае 16 траўня 2000 года ў беларускай сталіцы.
1 красавіка Кабінет міністраў Украіны прыпыніў дзеянне пагаднення з урадам Беларусі аб супрацоўніцтве ў галіне стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, прынятага 16 чэрвеня 1994 года.
Што тычыцца галіны асветы, то раней супрацоўніцтва з шэрагам універсітэтаў Беларусі спынілі, напрыклад, польскія ВНУ, якія заявілі, што ніякіх кантактаў не будзе да змены ўлады.