Украіна. Хто напісаў праект апакаліпсіса?

Украіна. Хто напісаў праект апакаліпсіса?

Украіна. Хто напісаў праект апакаліпсіса?
Самы свежы скандал украінскай палітыкі: хто сапраўдны аўтар дакладу, які прагназуе поўны калапс украінскай эканомікі? Дакумент з’явіўся пару дзён таму ў інтэрнэце. Ананімы, якія яго выклалі, сцвярджалі, што тэкст напісаны міністрам фінансаў Віктарам Пінзенікам у якасці сакрэтнай запіскі для прэм’ера Юліі Цімашэнка. Галоўныя тэзісы даклада: у краіне ў хуткім часе знікне трэцяя частка вытворчасці, бюджэтных грошай хопіць толькі на заробкі і пенсіі, дэфолт непазбежны. Адным словам, катастрофа. Аднак сам міністр кажа, што нічога падобнага не пісаў. У выніку грамадства падзялілася на дзве фракцыі: тыя, хто лічаць Пінзеніка аўтарам дакладу, і тыя, хто адмаўляецца прызнаць яго аўтарства. Абодва бакі праводзяць лексічны аналіз тэксту даклада, намагаючыся абгрунтаваць сваю правату. Стаўка ў гэтай барацьбе вельмі высокая: калі Пінзеніка прызнаюць аўтарам, адразу ўзнікае пытанне, якім чынам тэкст трапіў у медыя. Калі гэта быў свядомы ўчынак, то палітыку пагражае адстаўка, што можа прывесці да крызісу ўсяго кабінета. Між тым, галоўны фігурант скандалу — міністр фінансаў — раптам захварэў і на публіцы больш не з’яўляецца.
Аўстрыя. Юбілей цірольскай партызанкі
Жыхары аўстрыйскай правінцыі Ціроль гучна святкуюць двухсотую гадавіну цірольскага паўстання 1809 года, больш вядомага як паўстанне Андрэаса Хофера — лідэра інсургентаў. З Хоферам (а дакладней з яго вобразам) адбылася цікавая гісторыя. Сам Хофер нарадзіўся ў 1767 годзе, гандляваў віном і канямі, пакуль не пачалася Вялікая французская рэвалюцыя. Як заўзяты каталік Хофер змагаўся з французамі ў войсках Прусіі і Аўстрыі. Калі Ціроль у пачатку ХІХ стагоддзя далучылі да Баварыі — саюзніка Парыжу, Хофер узняў паўстанне. Паўстанцы тройчы перамагалі французаў, аднак у вырашальнай бітве верх узялі салдаты Напалеона. Правадыр цірольцаў быў расстраляны. Прапаганда Брытаніі, якая на той час змагалася з Банапартам, раскруціла імя Хофера на ўсю Еўропу як прыклад адданасці імператару. У часы Аўстра-Венгрыі яго культ быў амаль дзяржаўным. У незалежнай даваеннай Аўстрыі фігуру Хофера выкарыстоўвалі фашысты, якія патрабавалі ад Італіі вяртання ў склад Аўстрыі паўднёвай часткі Ціролю. Нічога дзіўнага ў тым, што італьянскія цірольцы ў адказ у якасці мішэні абралі помнікі Хоферу: яны падкладвалі па манументы бомбы аж да пачатку 1970-х. Цяпер камуны жывуць мірна, і Андрэасу Хоферу да юбілею прыдумалі новы імідж. Ён — галоўны герой рэкламнага роліка, які заклікае дзяцей не пакідаць у гарах пластыкавыя пакеты, якія наносяць прыродзе вялікую шкоду.
Японія. Лаўрэат прэміі Нобеля за мір хацеў атамнай вайны
Як выходзіць з дакументаў, знойдзеных у архівах Японіі, японскі прэм’ер Эйсаку Сато — лаўрэат нобелеўскай прэміі міру 1974 года, быў не супраць ужывання ядзернай зброі, і нават настойваў на гэтым. Як сведчаць дакументы, у 1965 годзе палітык прапанаваў ураду ЗША праект дамовы, адпаведна якой у выпадку любога канфлікту Токіа і Пекіна, ЗША скінуць на кітайцаў ядзерны фугас. Прапанова была зроблена падчас сустрэчы Эйсаку Сато з міністрам абароны ЗША. Думаецца, што Амерыка была не супраць такога сцэнару. Як мінімум пасля гэтага рандэву на амерыканскіх марскіх базах у Японіі з’явіліся атамныя ракеты. Нягледзячы на такі мілітарысцкі настрой, японскі палітык змог атрымаць у 1974 годзе прэмію Нобеля за мір. Як шведскія акадэмікі праглядзелі такі ляпсус, невядома. Між тым, гісторыкі заклікаюць не разглядаць у свеце апошніх архіўных адкрыццяў Эйсаку Сато як заўзятага праціўніка міру. Хутчэй за ўсё, ягоныя паводзіны былі выкліканыя тагачаснай сітуацыяй: кітайцы напярэдадні правялі паспяховае выпрабаванне атамнай бомбы, а Японія, адпаведна канстытуцыі, не мела права траціць на абарону больш за адзін працэнт свайго бюджэту, што, натуральна, штурхала яе шукаць саюзнікаў і думаць пра тое, як гарантаваць знешнюю бяспеку краіны.