У Варшаве прапануюць паслугу — за грошы прытуліцца і паабдымацца
Прафесійныя «абдымальнікі» дапамогуць кліенту разняволіцца і зняць стрэс.

Ілюстрацыйнае фота
Неўзабаве ў Варшаве пачне дзейнічаць салон, дзе за грошы можна будзе прытуліцца іпаабдымацца, піша Польскае радыё. Ініцыятарамі бізнесу выступілі дзве маладыя жыхаркі польскай сталіцы.
Салон пачне працу 15 лістапада. Ён будзе працаваць у цэнтры Варшавы. Салон складаецца з двух пакояў, у якіх за аплату можна будзе прытуліцца і паабдымацца з прафесійным «абдымальнікам». Карацейшая сэсія каштуе 49 злотых (каля 12 эўра), даўжэйшая – 79 злотых (каля 19 эўра).
Ініцыятаркі праекту зазначаюць, што іх бізнес трэба ўспрымаць абсалютна без эратычнага падтэксту. Перад тым, як пачаць сустрэчу з «абдымальнікам», кліент атрымлівае інструкцыю, у якой гаворыцца пра тое, што дазволена і што катэгарычна забаронена.
Паводле ўладальніц установы, абдыманне і прытульванне аказвае пазітыўны ўплыў на псіхалагічны стан чалавека, дапамагае разняволіцца і зняць стрэс.
Варшаўскі салон прытульвання і абдымання – першы ў Польшчы. Падобныя існуюць ад нядаўняга часу ў Вялікабрытаніі й ЗША.
У варшаўскім салоне «абдымальнікамі» будуць працаваць тры дзяўчыны і два маладыя мужчыны.