«У той момант усе пераключыліся на дапамогу Украіне. А беларусы сціпла маўчалі»

Мінчанка Алена Жаркевіч арганізавала ў Беластоку дом для тых, хто ўцякае ад рэпрэсій з Беларусі і ад вайны ва Украіне. «М*дыязона» паразмаўляла з Аленай пра працу гэтага дома і пра складанасці з яго ўтрыманнем.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: tuwroclaw.com

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: tuwroclaw.com


За 60 км ад беларуска-польскай мяжы ў беларусаў ёсць месца, дзе можна спыніцца, калі табе няма куды пайсці. Алена Жаркевіч арганізавала беларускі дом у Кіеве, а пасля пачатку вайны — у Беластоку. У дванаццаці пакоях жывуць беларусы, якіх на радзіме пераследвалі ўлады, і ўкраінцы, што збеглі ад вайны.

Прыйсці ў сябе і ехаць далей

Алена вымушана была выехаць з Беларусі ў 2021 годзе — паводле яе слоў, праз абвінавачанні ў перакрыцці дарог, арганізацыі акцый пратэсту і гвалце над сілавікамі.

З Беларусі актывістка выязджала з 13-гадовым сынам Назарам праз Расію, мяжу перасекла нелегальна. Першы час у Кіеве сям’і давялося начаваць у хостэле, на вакзале і нават на пляжы. Алена спрабавала знайсці працу.

Пасля перажытага яна падумала, што добра было б арганізаваць месца, куды маглі б прыехаць беларусы ў крытычнай сітуацыі, «каб не бадзяцца». Алена вырашыла зняць дом, з грашыма першы час дапамагаў прыяцель. Пазней на выдаткі па доме скідваліся яго жыхары — хто мог.

Беларусы са складанымі гісторыямі

Пасля пачатку вайны Алена дапамагала жыхарам беларускага дома выехаць з Украіны. Разам з імі яна адправіла свайго сына, а сама яшчэ на два месяцы засталася ва Украіне: дапамагала беларусам і ўкраінцам з эвакуацыяй, вазіла ваду на памежныя пераходы.

З беларускага дома тады выязджалі, паводле слоў Алены, беларусы «са складанымі гісторыямі».

«Гэта людзі, якія нелегальна перасеклі ўкраінскую мяжу, у некаторых не было пашпартоў або ўязных штампаў, у некага — толькі пасведчанне аб нараджэнні або фота старога пашпарта. Яшчэ з імі быў хлопчык з аўтызмам, і мой сын: у яго з дакументамі было ўсё добра, але ён выязджаў па даверанасці на трэціх асоб, без маці. Увогуле памежнікі былі ў шоку ад гэтай кампаніі, але неяк выехалі, хоць і не адразу».

Усе пераключыліся на Украіну, а беларусы маўчалі

Пераехаўшы ў Польшчу, Жаркевіч даведалася, што ў некаторых беларусаў, якія прайшлі праз рэпрэсіі, ёсць праблемы, у тым ліку і з жыллём. Сярод іх былі і тыя, хто ўжо жыў у Алены ў Кіеве.

«Кіра Баяранка, якая да нас у Кіеў прыехала адразу пасля калоніі, жыла ў сваіх сяброў дома, спала на кухні, на падлозе, таму што больш не было дзе. Не магла пайсці на працу з-за праблем са здароўем, якія трэба было вырашаць. І вось ужо ніхто рукі не працягнуў. Не таму, што не хацеў, а, напэўна, таму, што ўжо было занадта шмат. У той момант усе пераключыліся на дапамогу Украіне. А беларусы сціпла маўчалі».

Алена вырашыла зноў пашукаць дом — такі, як быў у Кіеве. Прыдатны знайшоўся ў Беластоку: так было танней і бліжэй да Беларусі, адкуль бягуць людзі.

Не шэлтар, а дом

Цяпер у доме жыве 19 чалавек, дзевяць з іх — дзеці. За час працы дома ў Польшчы ў ім паспелі пажыць 29 сем’яў.

«Мы прымем столькі, колькі трэба будзе. Так, будзе цесна, але тыя, хто праз Акрэсціна прайшоў, разумеюць, што ў крытычнай сітуацыі спаць можна і не ў такіх умовах. Надзьмуты матрац будзе проста шчасцем», — абнадзейвае яна.

Дом у Беластоку часта называюць шэлтарам, але сама Алена супраць такой назвы.

«Гэта ніякі не шэлтар, не. Гэта наш агульны дом», — лічыць яна.

Беларускі дом у Беластоку абыходзіцца ў пяць тысяч злотых на месяц. З аплатай дапамагаюць жыхары і тыя, хто жыў у беларускім доме ў Кіеве, а цяпер уладкаваў сваё жыццё тут. Алена кажа, што дапамагчы, калі будзе трэба, гатовы байцы з палка Каліноўскага. Адзін час там жылі сваякі некаторых байцоў, і таму добраахвотнікі трымаюць сувязь і прапануюць дапамогу.

Напрыклад, Ліза з братам, які цяпер ваюе ў палку. Дзяўчына хадзіла на пратэсты, з Беларусі з’ехала пасля ператрусу ў брата. Каб дабрацца ва Украіну, давялося ехаць праз Польшчу, займацца легалізацыяй, таму Ліза затрымалася ў доме на чатыры месяцы.

«Гэты дом, людзі, якія ў ім былі, мне сталі як другая сям’я. Я не толькі жыла ў доме — мне ва ўсім дапамагалі: з дакументамі, паказалі горад, расказалі, куды звярнуцца па дапамогу. У доме было шмат людзей, і пастаянна прыязджалі новыя, таму трэба было перасяляцца з пакоя ў пакой. Але гэта дробязі, улічваючы, што быў і дах над галавой, і плаціць не трэба было, таму што мне і не было б чым», — успамінае яна.

На ежу жыхары дома скідваюцца, у сярэднім выходзіць па 100 злотых на тыдзень. Разам ездзяць у краму, разам закупляюцца і гатуюць.

«Але гэта не значыць, вядома, што мы сталі ўсім натоўпам да пліты і гатуем, не. Няма ў цябе сёння настрою — зоймешся гэтым іншым разам. Ці наадварот, вось Юля наша ўстала з настроем, кажа: "Хачу сёння боршч зварыць, буду гатаваць на ўсіх, а вы нічога не рабіце". Учора дзеці патэлефанавалі: "Мама, мяса ёсць?" Я кажу: "Ёсць". І яны на ўсіх згатавалі плоў», — тлумачыць Жаркевіч.

Галоўнае правіла — карміць усіх дзяцей за адным сталом, каб у хаце не было галодных і сумных малых, кажа Алена.

Пра важнасць для дзіцяці такога месца расказаў Пётр, муж палітзняволенай, які пасля ператрусаў збег з Беларусі разам з сынам. Ён пазнаёміўся з Аленай яшчэ да вайны, часта бываў у Беларускім доме ў гасцях — сыну не хапала камунікацыі ў новай краіне. Калі і з Украіны давялося пераязджаць, Пётр з сынам спыніліся ў Алены ў Беластоку.

«Нам так было прасцей, асабліва з сацыялізацыяй для сына пасля яшчэ аднаго пераезду, асабліва ў краіну з новай, не вельмі зразумелай для яго мовай. З’ехалі з дома ўвосень, калі сын ужо пайшоў у школу. Гэты дом, напэўна, больш даў яму, чым мне», — успамінае ён.

Бывае, расказвае Алена, у дом заязджаюць людзі, якім цяжка жыць усім разам, без зацішку. Часам бывалі канфлікты, але цяпер «праблем не ўзнікае».

«Тут былі людзі, якія ўвечары леглі спаць, раніцай прачнуліся і дзень ляжаць. Яны крыўдзіліся, калі ім казалі, што тут нельга не працаваць, што ні ў каго няма грошай, каб іх утрымліваць. Гэта ж не дом для пастаяннага жыцця, не санаторый», — дзеліцца жанчына.

На Новы год у доме было шмат гасцей. Прыязджалі тыя, хто ўжо неяк уладкаваў сваё жыццё пасля дома ў Беластоку, і тыя, хто жыў у Кіеве. А пасля Новага года Алена чакае наплыў жыхароў.

«Звычайна пад Новы год людзі бягуць толькі ў экстранных выпадках, такіх не шмат. А пасля свят колькасць людзей, якія з’язджаюць з Беларусі, павялічваецца. Таму чакаю, што жыхароў у нас стане больш», — тлумачыць яна.

Цалкам матэрыял чытайце на «М*дыязоне».