Класкоўскі: Парог уступлення ў дыялог з Захадам для Лукашэнкі цяпер як ніколі высокі
Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі ў артыкуле для «Позірку» разважае, ці дапушчальна весці з рэжымам Лукашэнкі гандаль на прадмет выпуску на волю палітычных вязняў? На яго думку, калі на волі будуць хаця б дзясяткі палітзняволеных, гэта выкліча ў многіх праціўнікаў рэжыму маральны ўздым. І прынцыпы нікуды не падзенуцца.
Тэма абвастрылася пасля таго, як група іх сваякоў заклікала «лідараў вольнага свету да больш рашучых дзеянняў па вызваленні палітвязняў». У беларускай дэмакратычнай супольнасці — сацыяльных сетках, незалежных медыя — гэты зварот справакаваў гарачую дыскусію. Адны — за тое, каб выцягваць людзей «з палону» нават коштам кампрамісаў, іншыя паўтараюць, што такі гандаль толькі разбэшчвае дыктатара.
Зрэшты, гандаль — слоўца эмацыйна-метафарычнае. Палітыка ж, як вядома, мастацтва магчымага, яна шмат у чым складаецца з кампрамісаў. І Захад ужо практыкаваў «гандаль» з беларускімі ўладамі. Іншая справа, што абставіны моцна змяніліся.
На апазіцыйныя штабы аўтары звароту не спадзяюцца
Паказальна, што зварот адрасаваны менавіта палітычным лідарам Захаду, а не замежным штабам апазіцыі.
Праўда, Святлана Ціханоўская паспяшалася заявіць, што дэмакратычныя сілы «гатовыя ў любы момант весці дыялог з усімі зацікаўленымі бакамі, у тым ліку пачаць перамовы з прадстаўнікамі рэжыму, каб вырашаць пытанні ўмоў утрымання і/або вызвалення палітычных закладнікаў».
Пытанне, аднак, у тым, ці гатовы Лукашэнка весці такія перамовы з тымі, каго ён пагардліва называе «збеглымі».
Тут варта ўспомніць, што вясной 2021 года каманда Ціханоўскай выступала за шырокія, усёабдымныя перамовы з уладамі і нават сабрала ў падтрымку гэтай ініцыятывы сотні тысяч галасоў на платформе «Голас». Але тая стратэгія не спрацавала, рэжым не зрабіў ласкі адгукнуцца. Лукашэнка, мяркуючы па ўсім, ужо тады адчуваў сябе па вялікім рахунку пераможцам.
Цяпер уплыў апазіцыйных штабоў на сітуацыю ў краіне, напэўна, яшчэ слабейшы. І кіраўнік рэжыму, трэба думаць, тым больш не лічыць Ціханоўскую, Аб'яднаны пераходны кабінет ці іншыя структуры апазіцыі годнымі партнёрамі для дыялогу.
А што можа прапанаваць каманда Ціханоўскай?
Сваякі палітвязняў у сваім звароце ўказваюць на тое, што «нават падчас вайны ў палонных ёсць магчымасць вярнуцца дадому», і прыводзяць у прыклад абмен палоннымі паміж Украінай і Расіяй.
Так, але там у абодвух бакоў ёсць што прапанаваць для абмену. А што можа прапанаваць каманда Ціханоўскай? Хоць у яе кабінеце і з'явіліся сілавікі, але ў апазіцыі няма палонных супрацоўнікаў ГУБАЗіКа або іншых структур рэжыму.
Да таго ж сутнасць стратэгіі Ціханоўскай і яе паплечнікаў да апошняга часу зводзілася да ўзмацнення санкцыйнага ціску на рэжым. Аднак, па-першае, Захад прымае (або не прымае) санкцыі супраць Мінска, зыходзячы перш за ўсё са сваіх уласных меркаванняў. Па-другое, санкцыі відавочна не робяць рэжым больш згаворлівым.
Ва ўсялякім выпадку, ранейшы вопыт паказвае, што Лукашэнка катэгарычна не жадае выглядаць слабаком. Ён ішоў на вызваленне палітычных вязняў у рамках іншай парадыгмы: я іх выпускаю, а вы аслабляеце ціск, здымаеце санкцыі, дэ-факта прызнаяце мяне кіраўніком гэтай краіны.
Іншымі словамі, гэты працэс разгортваўся ва ўмоўна пазітыўным кантэксце, у рэчышчы нейкай намацанай бакамі стратэгіі разрадкі ў адносінах паміж Мінскам і Захадам. Цяпер такой стратэгіяй і не пахне.
Лукашэнка сеў на тыгра рэпрэсій
Варта адзначыць і такія моманты. Да пратэстаў 2020 года санкцыі супраць рэжыму ўводзіліся за ўнутраныя рэпрэсіі. Пасля анексіі Крыма Лукашэнка змог «купіць» разрадку шмат у чым дзякуючы таму, што дыстанцыяваўся ад агрэсіўнай палітыкі Крамля, здолеў выступіць умоўным нейтралам і міратворцам.
Зараз жа кантэкст санкцый шмат у чым іншы. Асноўную іх частку ўлады атрымалі за створаны імі міграцыйны крызіс, пасадку самалёта, які здзяйсняў рэйс паміж сталіцамі краін ЕС (гэта значыць, за пагрозы бяспекі Еўропы), а таксама за саўдзел у вайне супраць Украіны.
Інакш кажучы, у Захаду сёння нашмат больш сур'ёзны ўласны рахунак да ўлад Беларусі. Пры гэтым яе кіраўнік цяпер непараўнальна больш залежны ад Крамля, чым да 2020 года. Лукашэнка яшчэ здольны (праўда, ці доўга?) утрымлівацца ад прамога ўдзелу ў агрэсіі, але відавочна не ў сілах запатрабаваць ад Уладзіміра Пуціна вывесці з Беларусі расійскія войскі.
Так што, калі гаварыць у духу кітайскай прыказкі, Лукашэнка, сеўшы на тыгра рэпрэсій, цяпер не можа з яго саскочыць.
Цудаў не будзе, аднак…
Усё гэта рэзка звужае магчымасць дыялогу паміж рэжымам і Захадам, у тым ліку і па тэме палітвязняў.
Пры гэтым, аднак, ёсць прыклады, калі кропкавыя дамоўленасці спрацоўвалі. У сувязі з гэтым у дыскусіі згадваюцца, у прыватнасці, гісторыі вызвалення паліттэхнолага з амерыканскім грамадзянствам Віталя Шклярава, швейцарскай грамадзянкі Наталлі Хершэ, журналіста «Радыё Свабода» (фінансуецца ўрадам ЗША) Алега Груздзіловіча, актывістаў польскай дыяспары.
Гэта выпадкі, калі ў тых ці іншых заходніх сталіцах па зразумелых прычынах праяўлялі асаблівую зацікаўленасць і, падобна, ішлі на кампрамісы. У любым выпадку пытанне аб рамках падобных кампрамісаў — у кампетэнцыі Захаду.
Сваякі палітвязняў, па сутнасці, заклікаюць яго палітыкаў да большай зацікаўленасці і ў лёсе іншых палітычных вязняў — незалежна ад ступені іх сувязі з заходнімі дзяржавамі. У звароце ўтрымліваецца заклік прыкласці для гэтага «намаганні як публічнага, так і непублічнага характару». Іншымі словамі, праявіць больш гнуткасці, дыпламатычнасці.
Пэўны патэнцыял у такога падыходу, верагодна, маецца. Праўда, яго праціўнікі кажуць: які сэнс выцягваць з-за кратаў адных, калі заўтра рэжым набярэ новых закладнікаў?
Сэнс, як лічаць прыхільнікі гэтага падыходу, ёсць. «Кожны вызвалены палітвязень — гэта ўжо маленькая перамога, якая набліжае нас да галоўнай мэты. Калі сёння ёсць магчымасць выратаваць хоць бы аднаго чалавека — мы павінны гэта зрабіць. А заўтра будзем выцягваць з засценкаў тых, каго сёння вызваліць было немагчыма», — пераконваюць аўтары звароту, якія абвясцілі аб стварэнні Аб'яднання сваякоў палітвязняў і былых палітвязняў.
Можна меркаваць, што калі б Лукашэнка ўцягнуўся ў такі гандаль, то таксама быў бы вымушаны выконваць нейкія дамоўленасці (іншае пытанне, наколькі яму дазволіў бы такую гульню Крэмль).
Ва ўсякім выпадку, больш актыўна зандзіраваць глебу пад такога роду перамоўны працэс Захаду, напэўна, ёсць рацыя — хоць бы з гуманітарных меркаванняў. Апазіцыйным жа штабам, мабыць, варта яшчэ раз узважыць свае лозунгі, асэнсаваць стратэгіі. Ці заўсёды і ва ўсім дарэчны звонкі максімалізм (маўляў, на рэжым трэба толькі ціснуць, усё ці нічога, пакажам слабіну — толькі натхнім Лукашэнку)?
Напраўду, думаецца, вызваленне нават некалькіх дзясяткаў вязняў рэжыму дало б яго апанентам моцны маральна-псіхалагічны пазітыў. Не кажучы ўжо пра выратаванне канкрэтных ахвяр рэпрэсій, якіх проста знішчаюць у турмах.
Іншая справа, што цудаў, маштабных зрухаў у гэтым плане чакаць не даводзіцца. Перш за ўсё таму, што парог уступлення ў сур'ёзны дыялог з Захадам для Лукашэнкі цяпер як ніколі высокі.
Пераклад «НЧ»