У Кіеве прэзентавалі стратэгію Украіны адносна Беларусі
Сёння, 28 лютага, у Кіеве адбылася прэзентацыя «Стратэгіі Украіны адносна Беларусі» — важнага дакумента, які можа стаць дарожнай картай і вызначыць падыход Украіны да Беларусі і беларусаў Украіны. Мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў заканадаўчай і выканаўчай улады Украіны, СМІ, а таксама беларускіх добраахвотнікаў.

Фота прэс-службы народнага дэпутата Украіны Ігара Гузя.
Сярод асноўных пасылаў — неабходнасць прызнаць Беларусь часова акупаванай тэрыторыяй, узмацніць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, зрабіць Кіеў цэнтрам беларускага дэмакратычнага руху, стварыць механізмы ліквідацыі дыктатарскага рэжыму, падтрымаць беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну.
Па словах дэпутата Ігара Гузя, які працаваў над стратэгіяй разам з першым камандзірам Палка імя Кастуся Каліноўскага Дзянісам Прохаравым, былым намеснікам камандзіра Палка імя Кастуся Каліноўскага, прадстаўніком Аб'яднанага пераходнага кабінету па абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзімам Кабанчуком, гэты дакумент з'яўляецца першым важным крокам да змены падыходаў Украіны да Беларусі і змяншэння пагрозы новага расійскага нападу з беларускага кірунку.
Ігар Гузь, у прыватнасці, адзначыў: «Украіне патрэбна выразная стратэгія ў дачыненні да Беларусі! Гэты дакумент з'яўляецца дарожнай картай для ўсіх, хто займаецца бяспекай, знешняй палітыкай, адносінамі з нашым паўночным суседам. Наша галоўная мэта — зрабіць усё магчымае, каб у будучыні Беларусь стала дэмакратычнай дзяржавай без рэжыму Лукашэнкі, а пагроза нападу з яе тэрыторыі была цалкам ліквідаваная. Лукашэнка — гэта Пуцін. Яны такія ж дыктатары, і мы павінны падтрымліваць усе ініцыятывы, якія будуць спрыяць падзенню ягонага рэжыму».
Гузь падкрэсліў, што Украіна павінна прызнаць Беларусь акупаванай Расіяй дзяржавай, максімальна ўзмацніць санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнкі, зрабіць Кіеў цэнтрам барацьбы за свабодную Беларусь, стварыць асобнае беларускае нацыянальнае падраздзяленне ва Узброеных сілах Украіны, падтрымаць інфармацыйныя ініцыятывы, якія працуюць на беларускую аўдыторыю, і пачаць барацьбу за вызваленне беларускіх палітвязняў.
Сярод дакладчыкаў на мерапрыемстве былі дэпутаты Ігар Гузь, Саламія Баброўская, Алег Дунда, а таксама суаўтар стратэгіі Вадзім Кабанчук.