Трэцяя газавая, аднак не апошняя

Украіна і Расія ў трэці раз за апошнюю дэкаду выйшлі на шлях газавай вайны. Украінская прэса піша пра прычыны канфлікту і яго магчымыя сцэнары. Прапануем агляд СМІ Украіны.



snimok.jpg

Відавочна, што цяперашняя газавая вайна не падобная на дзве папярэднія. Сёння мы назіраем не эканамічны, а палітычны канфлікт, у якім тэма газу — толькі вербальны камуфляж. Праўда, не зразумела, якія канкрэтна палітычныя рэзоны пераследуюць бакі. Пішуць, што Маскву можа штурхаць на вайну цэлы спектр прычын: пачынаючы ад банальнай помсты за нядаўні напад на пасольства РФ у Кіеве і заканчваючы жаданнем давесці эканоміку суседзяў да дэфолту.
«Экономическая правда» мяркуе, што «Кіеву падчас газавых перамоваў можа быць прапанаваная схема «Крым у абмен на газ». Гэта значыць, юрыдычнае прызнанне прыналежнасці Крыму Расіі ў абмен на кошт у 268,5 долара за тысячу кубаметраў.
«Вечерние Вести» сцвярджаюць, што прычынай вайны стаў лёс праекту «Южный поток» — газаправоду, які будуецца для паставак расійскага паліва ў краіны Паўднёвай і Цэнтральнай Еўропы ў абыход Украіны. На мінулым тыдні аб прыпыненні работ па гэтым праекце заявілі Сафія і Бялград. У сувязі з гэтым газета піша: «Асноўным полем бою Брусэля з Масквой (пры ўсёй павазе да Кіева) сёння з’яўляецца «Южный поток». Кіеў у дадзенай сітуацыі — толькі «разменная манета» ў вялікай газавай гульні ЕС з Расіяй».

«Вечерние Вести» прагназуюць, што на хуткіх перамовах Крэмль і Брусэль аддзеляць украінскую газавую «муху» ад еўрапейскай «катлеты» і дамовяцца па цане на газ для Кіева. Ідэя таго, што Захад не пакіне Кіеў сам на сам з Расіяй у гэтай вайне, — адна з любімых тэмаў дэмакратычных медыя. 


Парадаксальна, але вялікі сегмент украінскай экспертнай супольнасці выступае супраць хуткага вырашэння канфлікту. Газета «Дело» называе пяць пазітыўных момантаў, якія нясе газавая вайна: «1. Украіна атрымае шанец разарваць кабальны газавы кантракт ад 2009-га года. 2. Дыверсіфікуе пастаўкі энергарэсурсаў. Правільная дыпламатыя і ўсведамленне таго факту, што з Расіі мы атрымаем нуль кубаметраў, зробяць дыверсіфікацыю рэальнасцю. 3. Зможа павялічыць стаўку транзіту. Тым больш, што альтэрнатывы ўкраінскай ГТС для Газпрому сёння няма. 4. Будзе эканоміць і скарачаць спажыванне газу. Энергаёмістасць вытворчасці ў Украіне ў 2–3 разы вышэй, чым у краінах ЕС і ЗША. 5. Пачне выкарыстоўваць свой уласны энергетычны патэнцыял. Толькі за кошт цвёрдага біяпаліва ўжо ў бліжэйшыя некалькі гадоў Украіна зможа зэканоміць ад 3,5 да 7 мільярдаў кубаметраў газу. Бягучая сітуацыя адназначна паспрыяе яго хуткаму прыняццю і, што яшчэ больш важна, выкананню. Часу на пустыя размовы няма, прыйшоў час дзейнічаць».

Прапануюць скарыстацца момантам і радыкальныя выданні. На іх думку, з улікам настрояў у грамадстве, сёння з’явіўся ўнікальны шанс разарваць рабскі газавы ланцуг, на якім Масква трымае Кіеў.


«Украінская праўда» абураецца: «Дастае гэтая гісторыя з палітычным прадуктам пад назвай газ! Рэальна забралі Крым, які каштуе Украіне больш за 100 мільярдаў долараў ЗША, пачалі вайну на ўсходзе Украіны, дзе гінуць нашы ўкраінцы. Цяпер нам яшчэ ўціскаюць свой газпрамаўскі газ з шантажом! Зачыніце гэты вентыль і забудзьцеся на расійскі газ! Тады нарэшце мы забудзем на гэты кашмар пад назвай расійскі газ! Трэба проста хацець і ставіць сабе такую мэту». 
Варта прызнаць, што газавая вайна моцна ўзняла градус антырасійскіх настрояў. «Ледзь ці не ўпершыню за многія гады аб’явы Расіяй чарговай «газавай вайны» Украіна сустрэла з рашучым настроем «но пасаран». Сапраўдная крывавая вайна ў нашай мірнай краіне, якая была б немагчымая без магутнай падтрымкі з боку «газаванага» суседа, загартавала ўкраінскія і народ, і ўладу. І стала, магчыма, першым рэальным шансам раз і назаўжды пакласці канец шантажу Масквы, падсадзіўшую на «газавую іголку» ўсю Еўропу. Наўрад ці гэта будзе лёгка, аднак рана ці позна трэба пераходзіць на рынкавыя, а не палітычныя ўмовы цэнаўтварэння», — піша «Україна Молода». 
Ура-патрыятычны тон характэрны толькі для праўрадавых газет. СМІ, якія раней падтрымлівалі Партыю рэгіёнаў, больш скептычныя ў ацэнках. 
Напрыклад, газета «Сегодня», якая належыць алігарху Ахметаву, адзначае: «Рэверсныя пастаўкі са Славакіі могуць пачацца не раней за кастрычнік (што апрыёры ўжо позна), ды і змогуць худа-бедна задавальняць толькі бягучую патрэбу ў блакітным паліве. Акрамя таго, па словах экспертаў, не варта пераацэньваць і самі магчымасці ўсходнееўрапейскага рынку газу — усіх праблем Кіева ён не зможа вырашыць. Вось і выходзіць, што застаецца толькі «Газпром». Што тычыцца судовых разглядаў, то яны могуць доўжыцца як некалькі месяцаў, так і год і больш, а пытанне транзіту трэба вырашаць да сярэдзіны ліпеня, інакш зіма будзе халоднай не толькі для ўкраінцаў, але і для еўрапейцаў. І з гэтым нешта трэба рабіць».