Кіраўнік NАТО: Расія «таемна працуе з эколагамі», каб захаваць газавую залежнасць Еўропы
Генеральны сакратар NАТО Андэрс Фог Расмусэн заявіў, што Масква вядзе кампанію дэзінфармацыі, каб захаваць залежнасць Еўропы ад расійскага газу.
Паводле Расмусэна, Расія хоча падарваць еўрапейскія праекты, звязаныя з выкарыстаннем тэхналогіі гідраўлічнага разрыву (fracking).
Расмусэн, былы прэм’ер-міністар Даніі, сказаў у чацвер, выступаючы ў лонданскім даследчым цэнтры Chatham House: «Я сустракаўся з саюзнікамі, якія могуць паведаміць, што Расія, сярод
іншых складаных інфармацыйных аперацый і аперацый дэзінфармацыі, актыўна супрацоўнічае з так званымі няўрадавымі арганізацыямі — экалагічнымі арганізацыямі, якія працуюць супраць сланцавага
газу — для падтрымання залежнасці Еўропы ад імпарту расійскага газу».
Ён адмовіўся паведаміць падрабязнасці гэтых аперацый, сказаўшы: «Гэта мая інтэрпрэтацыя». Расмусэн даў зразумець, што метад гідраўлічнага разрыву, на ягоную думку, варта
выкарыстоўваць, каб атрымаць новыя крыніцы газу і нафты для павышэння энергетычнай бяспекі Еўропы.
Прэсавая служба NАТО патлумачыла, што гэта асабістыя погляды Расмусэна, а не афіцыйная палітыка арганізацыі.
Гідраўлічны разрыў пласту — гэта метад, які ўжываецца, каб павялічыць здабычу на нафтавых і газавых свідравінах. У пласце робіцца расколіна з дапамогай адмысловай вадкасці пад вялікім
ціскам. Шэраг экалагічных групаў пратэстуюць супраць гэтага метаду, папярэджваючы пра небяспеку забруджвання вады, а таксама тлумачачы, што гэта прывядзе да большага выкарыстання выкапнёвых відаў
паліва і ўзмацніць глабальнае пацяпленне.