The Times: Пуціна абвінавацілі ў тым, што ён водзіць за нітачкі ў памежным крызісе
«Тысячы мігрантаў і жаўнераў супрацьстаяць адзін аднаму на процілеглых баках мяжы Польшчы і Беларусі, што заахвоціла еўрапейскіх лідараў выступіць з папярэджаннем, што супрацьстаянне можа перарасці ў сур'ёзны канфлікт», — піша The Times.
«Польшча абвінаваціла Лукашэнку ў заахвочванні дзясяткаў тысяч мігрантаў з краін Блізкага Усходу, Азіі і Афрыкі да парушэння яе межаў у апошнія некалькі месяцаў у адказ на санкцыі, уведзеныя ЕС супраць ягонага рэжыму. У Германіі высокапастаўлены міністр абвінаваціў Турцыю і Расію ў распальванні крызісу ў ходзе ўзгодненых намаганняў па “дэстабілізацыі Захаду”», — гаворыцца ў артыкуле.
«Ізаляваныя групы мігрантаў на працягу некалькіх месяцаў спрабавалі перасекчы 250-мільную лясную мяжу ў ЕС, але цяпер гэты рух ператварыўся ў значна больш буйную, спансаваную дзяржавай, аперацыю. Прэм'ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі заявіў учора ўвечары, што прэзідэнт Расіі Пуцін выкарыстоўвае Беларусь у якасці пасярэдніка для рэалізацыі сцэнара аднаўлення Расійскай імперыі. Ён дадаў: «Гэта першая сітуацыя за 30 гадоў [пасля падзення камунізму], калі бяспека і цэласнасць нашых межаў атакуецца гэтак жорстка. Мы маем справу не толькі з гвалтам, але і з пастановачным спектаклем, мэта якога — парушыць межы, пасеяць хаос у Польшчы і ЕС».
«Сяргей Лаўроў, міністр замежных спраў Расіі, выказаў меркаванне, што ЕС можа пакласці канец крызісу, заплаціўшы Беларусі за тое, каб яна не падпускала мігрантаў. Ён спаслаўся на ўгоду 2016 года, у адпаведнасці з якой Брусэль накіраваў Турцыі 5,1 млрд фунтаў стэрлінгаў на ўтрыманне лагераў уцекачоў і ўтрыманне трох мільёнаў сірыйцаў».
(...) «На беларускім баку сабралася да 4 тысяч мігрантаў. Уздоўж плота сфармаваўся нефармальны лагер, і некаторыя мігранты спрабавалі прарвацца, ссякаючы дрэвы, каб прыціснуць драцяны плот, або выкарыстоўваючы разакі і рыдлёўкі. Польская паліцыя ўхілялася ад камянёў і ўжыла слезацечны газ. (...)», — адзначаецца ў публікацыі.
«Польшча разглядае магчымасць выкарыстання механізму артыкула 4 NATO для склікання сустрэчы дзяржаў-членаў для абмеркавання сумеснай пагрозы для бяспекі, — адзначае The Times. — Яна атрымала рашучую падтрымку з боку Германіі, якая зарэгістравала 6000 просьбітаў прытулку, што прыбылі праз Беларусь за апошнія шэсць тыдняў. Міністр унутраных спраў Германіі Хорст Зеехофер абвінаваціў Пуціна і прэзідэнта Турцыі Эрдагана ў “арганізацыі міграцыі ў палітычных мэтах”. Лічыцца, што некаторым мігрантам дазволілі прыляцець у Беларусь праз Турцыю. Многія мігранты распавядаюць, што іх завабілі ў Беларусь абяцаннем хуткага траплення ў ЕС, але яны былі збітыя і абрабаваныя, а затым затрымаліся на мяжы пры тэмпературы ніжэй за нуль».
Паводле inopressa.ru, пераклад НЧ