У ФРГ патлумачылі, чаму Меркель абмяркоўвала сітуацыю ў Беларусі з Пуціным, а не з Лукашэнкам
Нямецкі ўрад лічыць, што расійскае кіраўніцтва мае пэўны ўплыў на беларускае. Таму сёння Ангела Меркель тэлефанавала Уладзіміру Пуціну. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік кабінета міністраў ФРГ Штэфен Зайберт.
«Паводле ацэнкі нямецкага ўрада, расійскае кіраўніцтва мае пэўны ўплыў на беларускае. Перамовы з прэзідэнтам Пуціным — гэта перамовы з тым, да каго прыслухоўваюцца ў Мінску», — перадае словы Зайберта «Интерфакс-Запад».
Паводле слоў нямецкага чыноўніка, пасля выбараў у Беларусі Меркель спрабавала пагаварыць з Лукашэнкам, аднак гэтага не адбылося з-за нежадання беларускага боку.