Спроба дзяржаўнага перавароту ў Балівіі правалілася, арганізатары затрыманыя

Балівійскія вайскоўцы ў ноч на 27 чэрвеня сышлі з плошчы перад прэзідэнцкім палацам у Ла-Пасе, фактычнай сталіцы Балівіі, а тэрыторыю пад свой кантроль узяла паліцыя, паведамляе Reuters са спасылкай на відавочцаў. Генерал Хуан Хасэ Суньіга, што кіраваў вайскоўцамі, якія больш за пяць гадзін займалі плошчу, затрыманы. 

У Балівіі правалілася спроба перавароту —вайскоўцы адступілі ад прэзідэнцкага палаца. Фота GETTY IMAGES

У Балівіі правалілася спроба перавароту —вайскоўцы адступілі ад прэзідэнцкага палаца. Фота GETTY IMAGES

Паліцыя арыштавала генерал Хуана Хасэ Суньіга, які паспрабаваў ажыццявіць ваенны пераварот у Балівіі, праз некалькі гадзін пасля таго, як вайскоўцы атачылі прэзідэнцкі палац у сталіцы краіны Ла-Пасе і паспрабавалі штурмаваць яго.

Як паведамляе тэлеканал Bolivia TV, генералу прад'явілі абвінавачванні па артыкулах аб узброеным паўстанні і замаху на прэзідэнта. Таксама па справе аб спробе дзяржаўнага перавароту затрыманы былы камандуючы ваенна-марскімі сіламі Балівіі Хуан Арнес Сальвадор.

Ваенныя падраздзяленні пад камандаваннем генерала Суньіга занялі цэнтральную плошчу ў Ла-Пасе, дзе размешчаны прэзідэнцкі палац і парламент, днём 26 чэрвеня. Вайскоўцы заблакавалі ўваходы на плошчу Мурыльё, дзе размешчаныя ўрадавыя будынк. Танк нават паспрабаваў пратараніць браму прэзідэнцкага палаца, пасля чаго ўнутр уварваліся салдаты. Бронетэхніка і салдаты занялі пазіцыі на плошчы.

Прэзідэнт Балівіі Луіс Арсэ заклікаў жыхароў краіны выступіць супраць дзяржаўнага перавароту, пасля спробы ўзяць штурмам яго рэзідэнцыю: «Неабходна, каб балівійскі народ арганізаваўся і мабілізаваўся супраць дзяржаўнага перавароту дзеля дэмакратыі. Мы не можам дапусціць, каб спробы перавароту зноў забралі жыцці балівійцаў», — звяртаўся прэзідэнт да грамадзян краіны.

Луіс Арсэ, які ў той час знаходзіўся ў палацы, абвінаваціў вайскоўцаў у спробе перавароту. Ва ўрадзе Балівіі заявілі, што Хуан Хасэ Суньіга збіраўся ўзначаліць краіну і распусціць Кабінет міністраў.

Прэзідэнт пазней паведаміў, што прывёў да прысягі новае кіраўніцтва Узброеных Сіл. Новым камандуючым стаў Хасэ Санчэс Веласкес. Ён аддаў загад адступіць ад палаца і вяртацца ў часткі.

Пасля гэтага вайскоўцы пачалі пакідаць плошчу Мурыльё.

Падчас спробы перавароту, паводле звестак уладаў, пацярпелі дзевяць чалавек.

Ці быў пераварот? Як Балівія засталася без Эва Маралеса

Чуткі, што генерал Хуан Хасэ Суньіга знаходзіцца на мяжы звальнення, з'явіліся ў аўторак, 25 чэрвеня, піша AFP.

А ў панядзелак, 24 чэрвеня, генерал выступіў па тэлебачанні і заявіў, што арыштуе былога прэзідэнта Эва Маралеса, калі той зноў збярэцца балатавацца на выбарах у 2025 годзе.

Генерал Суньіга, які кіраваў штурмам палацу 26 чэрвеня, заявіў, што мэта вайскоўцаў — аднаўленне дэмакратыі ў краіне. Ён таксама паабяцаў вызваліць з турмаў палітвязняў.

«Узброеныя сілы маюць намер перабудаваць дэмакратыю, зрабіць яе сапраўднай дэмакратыяй, а не той, якой кіруюць адны і тыя ж некалькі чалавек на працягу 30–40 гадоў», — казаў генерал ля прэзідэнцкага палаца, калі стаяў у асяроддзі салдат і васьмі танкаў.

Напружанасць у Балівіі нарастае перад выбарамі прэзідэнта ў 2025 годзе, паколькі на пасаду кіраўніка дзяржавы збіраецца балатавацца былы прэзідэнт Эва Маралес.

Маралес стаў першым у гісторыі краіны этнічным індзейцам, які заняў пасаду прэзідэнта. Ён кіраваў краінай у 2006–2019 гадах, але сышоў у адстаўку ў пачатку свайго чацвёртага тэрміну — пасля масавых пратэстаў праз меркаваныя фальсіфікацыі на выбарах. Як адзначае Reuters, шмат хто ў Балівіі не хоча вяртання Маралеса да ўлады.

У апошнія гады Балівія перажыла некалькі перыядаў палітычнай нестабільнасці.

З асуджэннем дзеянняў вайскоўцаў выступілі лідары Чылі, Эквадора, Перу, Мексікі, Калумбіі, Венесуэлы і Бразіліі.

«Я — прыхільнік дэмакратыі і хачу, каб яна перамагла ва ўсёй Лацінскай Амерыцы. Мы асуджаем любую форму дзяржаўнага перавароту ў Балівіі», — напісаў у сацсетцы X бразільскі прэзідэнт Луіс Інасіа Лула да Сілва.

У Белым доме заявілі, што адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ўважліва сочыць за падзеямі ў Балівіі і заклікае да спакою.

Паводле www.bbc.com,  meduza.io