СМІ: ЕС падрыхтаваў супраць "Газпрома" абвінавачванні ў несумленнай канкурэнцыі
Еўракамісія з 2012 года вядзе расследаванне па завышэнні "Газпромам" цэн на газ для шэрагу еўрапейскіх краін. Афіцыйныя абвінавачванні будуць высунутыя 22 красавіка.

Будынак канцэрна Газпром
Еўрасаюз мае намер прад'явіць абвінавачванні расійскаму газаваму канцэрну "Газпром" у сувязі са злоўжываннем дамінуючым становішчам на еўрапейскім рынку, паведамляе шэраг заходніх СМІ, спасылаючыся на крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.
Абвінавачванні тычацца парушэнняў канкурэнтнага права ЕС у дачыненні да шэрагу еўрапейскіх краін, у прыватнасці, завышэння коштаў на газ і перашкоды свабоднай канкурэнцыі.
Згодна з падазрэннем Еўрасаюза, гаворка ідзе пра Літву, Эстонію, Балгарыю, Чэхію, Венгрыю, Латвію, Славакію і Польшчу. Спіс абвінавачванняў павінен быць перададзены ў сераду, 22 красавіка.
"Газпрому" можа пагражаць штраф у памеры да 10 працэнтаў гадавога абароту кампаніі ў краінах ЕС. Афіцыйных пацверджанняў з боку ЕС і "Газпрома" не паступала.
Еўракамісія пачала вывучаць дзейнасць "Газпрома" ў верасні 2012 года, пішуць СМІ. Як паведамляе AFP, антыманапольнае расследаванне было адкладзена з-за канфлікту на Украіне.
У лютым 2015 года Еўракамісія абвясціла, што паведаміць аб далейшых дзеяннях "на працягу некалькіх тыдняў", адзначае Reuters.
Паводле www.dw.de