У Еўрапарламенце лічаць, што ЕС павінен быць гатовы да ядзернай вайны

Лепшым сродкам стрымлівання Расіі была б гатоўнасць ЕС да ядзернай вайны, лічаць у найбуйнейшай еўрапейскай партыі.



jader_vybuh.jpg

Пра гэта на пасяджэнні, арганізаваным найбуйнейшай палітычнай групай у Еўрапарламенце — Еўрапейскай народнай партыяй — заявілі найбуйнейшыя «ястрабы» гэтай партыі, паведамляе «Еўрапейская праўда» са спасылкай на Euractiv.

«Час размоў і ўгавораў (у адносінах да Расіі — рэд.) скончыўся. Цяпер прыйшоў час для жорсткай рэалістычнай палітыкі і канцэнтрацыі на абароне і бяспецы, паколькі ўсходні фланг ЕС адчувае сябе ў небяспецы», — заявіў еўрадэпутат віцэ-прэзідэнт ЕНП Яцэк Сарыюш-Вольскі.

Як адзначыла румынская еўрапарламентарка Крысціян Дэн Прэда, большасць румын лічаць, што Пуцін не спыніцца пакуль не аб’яднае Расію з Прыднястроўем.

Еўрадэпутат Роланд Фрудэнштэйн, кіраўнік даследчага аддзела «Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў імя Вільфрыда Мартэнса», які з’яўляецца адным з аналітычных цэнтраў пры ЕНП, выказаў шкадаванне, што да гэтага часу гатоўнасць Еўропы да вайне не абмяркоўвалася публічна.

«Гэта неабходна змяніць. Мы павінны ясна даць зразумець, што так, мы гатовыя ісці на вайну за прынцыпы і будучыню Еўропы», — сказаў ён.

«У Нямеччыне патэнцыял ядзернага стрымлівання НАТА прадстаўлены 20 бомбамі вольнага падзення тыпу B-61, якія могуць быць знішчаныя адным ударам расійскіх войскаў. Мы павінны гэта змяніць, мы павінны падцягнуцца» — адзначыў Фрудэнштэйн.

На яго думку, заходнія лідэры павінны даць Расіі выразна зразумець, што яе паводзіны непрымальныя і ёй гатовыя супраціўляцца.