Рэферэндум на Андрэя
30 лістапада 2010 года ў Дзень Святога Андрэя можа пачацца працэс выхаду Шатландыі са складу Вялікабрытаніі. (На здлымку: Алекс Салманд)
30 лістапада 2010 года ў Дзень Святога Андрэя можа пачацца працэс выхаду Шатландыі са складу Вялікабрытаніі.
(На здлымку: Алекс Салманд)
Ідэя правядзення рэферэндуму была агучана два гады таму. На той момант шатландскія нацыяналісты знаходзіліся ў стане эйфарыі. Упершыню ў гісторыі вядучая Шатландская нацыянальная партыя (SNP) здолела
сфармаваць кабінет міністраў.
Першае, што зрабілі новыя ўлады, абвясцілі дэбаты наконт пытання, як дабіцца поўнай самастойнасці ад Лондана. Дэбаты працягваліся 27 месяцаў. У панядзелак, 30 лістапада, Алекс Салманд, шатландскі
прэм’ер і лідэр SNP, падвёў вынікі дыскусіі і прапанаваў публіцы справаздачу «Белыя паперы шатландскай незалежнасці».
Першы міністр краю Алекс Салманд дэклараваў: «Выключна поўная незалежнасць дасць Шатландыі свабоду, неабходную для рэалізацыі свайго патэнцыялу ў якасці роўнага сябра міжнароднай
супольнасці». Пры гэтым Салманд далёкі ад таго, каб патрабаваць надання Эдынбургу поўнай незалежнасці цяпер і зараз. Незалежнасць надыдзе пасля таго, як Шатландыя пройдзе некалькі фазаў.
Вось яны:
Devolution plus. Шатландскі парламент атрымае права самастойна збіраць падаткі, браць пазыкі за мяжой у таго ж Міжнароднага валютнага фонду, уводзіць мясцовыя падаткі.
Devolution max. Шатландыя атрымлівае поўную фінансавую аўтаномію, уся сістэма падаткаў пераходзіць таксама пад кантроль Эдынбургу. Шатландскі ўрад становіцца ўласнікам прадпрыемстваў па здабычы газу
ў Паўночным моры.
Full independence. Шатландыя атрымлівае поўную незалежнасць як краіна — сябар Еўрасаюза. Яна таксама стварае свае ўласныя сілы абароны, МЗС.
Аднак дзеля таго, каб пачаць працэс пераходу да поўнай незалежнасці, Салманду неабходна згода нацыі. Ён мае намер атрымаць мандат на пачатак аддзялення ад Вялікабрытаніі на рэферэндуме, які
прызначаны на наступны год. Галасаванне адбудзецца ў сімвалічны для шатландцаў Дзень Святога Андрэя, які лічыцца патронам горцаў.
Рэакцыя на ініцыятывы SNP нават у Шатландыі была дастаткова асцярожная. Справа ў тым, што залатыя часы нацыяналістычных ілюзій засталіся ў мінулым. Эканамічны крызіс паказаў, як цяжка эканомікам
малых нацый змагацца з крызісам. Сярод ахвяр глабальнай рэцэсіі Ірландыя і Ісландыя — краіны, якім у прапагандзе SNP адводзілася ключавое месца. Іх досвед быў лепшым доказам таго, што малыя
паўночныя нацыі могуць выжываць у цяперашняй сітуацыі. Пасля дэфолту ў Ісландыі ў міфы пра «кельцкіх тыграў» мала хто верыць.
Бізнес-супольнасць Шатландыі ўжо выказалася наконт прапаноў SNP. На думку прадпрымальнікаў, незалежная Шатландыя не здольная рэагаваць на эканамічныя выклікі глабалізацыі.
Ініцыятыва нацыяналістаў выклікала агульную негатыўную рэакцыю з боку ўсіх буйных партый. Яны дружна крытыкуюць ідэю з рэферэндумам, праўда, з розных пляцовак.
Так, для лейбарыстаў самае важнае — вярнуць сабе імідж галоўнай левай партыі ў Шатландыі, які перахапіла ў іх SNP. Партыя Гордана Браўна актыўна эксплуатуе лічбу — 12 мільёнаў. 12
мільёнаў фунтаў будзе каштаваць шатландцам арганізацыя і правядзенне плебісцыту. Грошы давядзецца браць з іншых бюджэтных артыкулаў. Так, з-за рэферэндуму ахова здароўя і сацыяльная служба не
далічацца 1,5 мільёнаў фунтаў.
Лідэр мясцовых лейбарыстаў не можа знайсці сябе месца: «Тое, што людзям трэба зараз — працоўныя месцы і добрая эканоміка. А не «пыхлівы праект» Алекса Салманда.
Тэма рэферэндуму, які быццам будзе праведзены за народныя грошы, можа дапамагчы ім рэабілітавацца ў вачах мясцовага электарату». Пры гэтым, што вельмі важна, лейбарысты не супраць пашырыць
аўтаномны статус Шатландыі. У сваім нядаўнім выступе (тэкст якога пішацца прэм’ерам) каралева паабяцала шатландскаму парламенту новыя ўладныя кампетэнцыі.
Незвычайную пазіцыю занялі дастаткова ўплывовыя ў рэгіёне пост-трацкісты з Шатландскай сацыялістычнай партыі (SSP). Яны абедзвюма рукамі за незалежнасць, аднак выключна пры ўмове, што выхад са складу
Вялікабрытаніі будзе значыць шырокія сацыяльныя рэформы на карысць бедных груп насельніцтва.
А вось кансерватары лічаць, што цяперашніх паўнамоцтваў у шатландскага парламента і так зашмат. Аднак паколькі Шатландыя традыцыйна галасуе за левых, торы зрабілі стаўку на англійскі нацыяналізм.
Дэвід Камерун, лідэр партыі торы, паабяцаў, што ў выпадку перамогі на прызначаных на наступны чэрвень выбарах у парламент, правы дэпутатаў ад Шатландыі будуць паменшаныя. Яны не змогуць галасаваць па
шэрагу пытанняў (адукацыя, медыцына). Тут ёсць логіка. Усе пытанні адукацыі і медыцыны ў Шатландыі вырашае мясцовы ўрад. Атрымліваюцца, што галасуючы па гэтых пытаннях, шатландскія дэпутаты ў
брытанскім парламенце прадстаўляюць невядома каго, ні за што не нясуць адказнасць.
Нарэшце, ліберал-дэмакраты. Яны назвалі SSP «партыяй з вялікімі эга». На іх думку, сваімі авантурызмам нацыяналісты нанеслі ўдар па сістэме школьнай адукацыі. Лібералы плачуць, што
малыя дзеткі ў пачатковых класах не атрымаюць нейкіх бонусаў.
Усе партыі, якія супрацьстаяць нацыяналістам Шатландыі, гуляюць без вялікай рызыкі. На цяперашні момант толькі 20 працэнтаў насельніцтва краю падтрымліваюць ідэю поўнай незалежнасці. Гэта дае
апазіцыі шансы зрабіць сабе добры піяр. І прымушае задумацца, ці патрэбны рэферэндум у такіх нязручных умовах. Тым больш, што, адпаведна экспертам, параза SNP на рэферэндуме папросту здымае пытанне
шатландскай незалежнасці з павесткі дня як мінімум на 15–20 гадоў.
Да таго ж шатландскія нацыяналісты маюць меншасць у парламенце. Каб ідэя наконт рэферэндуму пачала рэалізоўвацца, SNP патрэбна яшчэ 18 дэпутацкіх галасоў. Дзе яны іх возьмуць — невядома.
Галасаваць за праект гатовыя толькі два дэпутата ад Зялёных і адзін незалежны парламентарый. Але такі расклад пакідае тэму незалежнасці і далей актуальнай.
Першым ускосным тэстам на тое, як электарат паставіўся да ініцыятывы партыі Салманда, стануць датэрміновыя выбары ў парламент на адным з участкаў у Эдынбургу, прызначаныя на пачатак снежня.