Расія абвяшчае ў вышук вядомых замежных дзеячаў. Навошта?

За апошнія месяцы ўлады Расіі папоўнілі базу вышуку небяспечнымі «злачынцамі» і «тэрарыстамі» — знакамітымі грамадскімі, палітычнымі і культурнымі дзеячамі дэмакратычнага свету. Каб стаць ворагам «звышдзяржавы», цяпер неабавязкова падтрымліваць Украіну ці рэзка негатыўна выказвацца супраць расійскага супольства. Дастаткова, напрыклад, не падзяляць настальгію па Савецкім Саюзе і яго сімвалах.

vokladka_29.jpg


Літва

30 кастрычніка 2023 года літоўскае медыя Delfi Lietuva паведаміла пра знаходку ў расійскай базе пошуку карткі 29-гадовай дэпутаткі Каміле Шэрайце. Дзяўчына нарадзілася ў Літве, мае літоўскае грамадзянства і не мае ніякіх адносін да Расіі. Каміле займае пасаду дэпутаткі Віленскай гарадской рады і кіраўніцы гарадской камісіі па гістарычнай памяці, цікавіцца ўрбаністыкай і займаецца паляпшэннем якасці жыцця ў сталіцы. 

У ліпені ўлады Вільні, у тым ліку Шэрайце, паведамілі пра пачатак працэсу дэсаветызацыі грамадскай прасторы. У прыватнасці, кіраўніцтва горада расказала аб планах пазбавіцца ад савецкай сімволікі на помніках і замяніць мемарыяльныя дошкі з рускамоўнымі надпісамі.

Напрыканцы верасня гарсавет Вільні зацвердзіў дэмантаж ды замену 16 мемарыяльных дошак, на якіх захаваўся тэкст на рускай мове ды згадваецца Літоўская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка.

«Мы ацэньваем тое, што гавораць нам гэтыя сімвалы, у сённяшнім кантэксце. Гэтым рашэннем мы адмаўляемся ад памятных дошак на рускай мове і замяняем іх новымі тыповымі дошкамі Вільнюса. Пазбаўляемся ад адбіткаў ідэалогіі сярпа і молата», — сказала тады кіраўніца гарадской камісіі па гістарычнай памяці. 

Каміле Шэрайце

Каміле Шэрайце

Пасля дадзенай падзеі, ніяк не звязанай з сучаснай Расіяй, Міністэрства ўнутраных спраў РФ абвясціла Шэрайце ў вышук. У картцы адзначана, што яна «расшукваецца па артыкуле Крымінальнага кодэксу». Якую крымінальную справу на яе завялі сілавікі — невядома.

Раней, 24 лютага, у гадавіну пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, Каміле давала каментар наконт выстаўленага на цэнтральнай плошчы знішчанага танку расійскай арміі:

«Сапраўды, вельмі сімвалічна, што менавіта ў гэтую ноч — я б не назвала яго танкам, хутчэй, хламам — трапіў на Кафедральную плошчу. Зараз гэта музейны экспанат, які належыць Музею вайны ў Кіеве і да 31 снежня часова знаходзіцца ў арэндзе ў нашым Ваенным музеі ім. Вітаўта Вялікага».

Відавочна, гэта цягне на «дыскрэдытацыю расійскай арміі», але невядома, што павінна адбыцца, каб Каміле будзь-якім спосабам трапіла ў краіну-агрэсарку і панесла адказнасць за «злачынства».

 «Трыбунал для кіраўніцтва Расіі будзе хутчэй»

28 кастрычніка 2023 года прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава прыгразіла Міністру замежных спраў Літоўскай рэспублікі Габрыэлюсу Ландсбергісу крымінальнай адказнасцю за тое, што той нібыта заклікаў да гвалтоўнай змены ўлады ў Расіі.

«Ландсбергіс не першы раз дазваляе сабе агучваць падобныя экстрэмісцкія ідэі, і за гэта ён ужо ўнесены ў спіс асоб, якім забаронены ўезд у нашу краіну», — заявіла Захарава падчас брыфінгу.

Якія менавіта ідэі агучваў Ландсбергіс, прадстаўніца Расіі не ўдакладніла, аднак адзначыла, што ў адпаведнасці з заканадаўствам Расіі і міжнароднай практыкай за заклікі да гвалтоўнай змены ўлады літоўскаму міністру пагражае крымінальная адказнасць.

Нагадаем, сама Захарава ўключана ў спіс асоб, да якіх прымяняюцца санкцыі Еўразвязу. Людзям з гэтага спісу забароненыя паездкі па Еўропе, а іх банкаўскія рахункі замарожаныя.

Габрыэлюс Ландсбергіс

Габрыэлюс Ландсбергіс

«Спадзяюся, што трыбунал для расійскага кіраўніцтва за агрэсію супраць Украіны будзе праведзены хутчэй, чым трыбунал для Ландсбергіса ў Расіі», — адказаў літоўскі міністр.

У адрозненне ад Шэрайце Ландсбергіс рабіў шмат рэзкіх заяў у бок расійскага супольства і ўлад, таму ўдакладніць, што менавіта не спадабалася Захаравай, не прадстаўляецца магчымым. Адна з апошніх заяў міністра тычылася навіны, што Літва не будзе даваць прытулак расійцам толькі па той прычыне, што іх мабілізуюць на вайну супраць Украіны:

«Літва не дасць прыстанішча тым, хто проста бяжыць ад адказнасці. Расійцы павінны застацца і змагацца. Супраць Пуціна».


Аднак, здаецца, тут «не ўсе так адназначна»: з аднаго боку, гэта спроба заклікаць грамадства да дзеянняў супраць улады, а з іншага — яшчэ адзін крок да таго, каб пакінуць вялікую частку насельніцтва ўнутры краіны.

 Украіна

3 кастрычніка праўладнае расійскае выданне «РБК» паведаміла пра абвяшчэнне ў вышук былога дарадцы офіса прэзідэнта Украіны Аляксея Арастовіча. Даная інфармацыя вынікае з вышуковай базы МУС Расіі. У ёй адзначаецца, што палітыка шукаюць па артыкуле Крымінальнага кодэкса, але зноў не пазначана, па якім менавіта.

У красавіку 2022 года «пракуратура» так званай «Данецкай народнай рэспублікі» ўзбудзіла ў дачыненні да Арастовіча крымінальную справу аб публічных закліках да ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці. Па версіі тэрарэстычнай арганізацыі, у эфіры ўкраінскага тэлебачання ён заклікаў насельніцтва Украіны да «здзяйснення асабліва цяжкіх злачынстваў — забойстваў па матывах палітычнай, нацыянальнай нянавісці».

У траўні Расфінманіторынг уключыў Арастовіча ў спіс датычных да экстрэмісцкай дзейнасці або тэрарызму. У гэтым жа рэестры таксама лічацца шэраг іншых ўкраінскіх палітычных дзеячаў і чыноўнікаў. 

Аляксей Арастовіч

Аляксей Арастовіч

З улікам таго, што канкрэтныя абвіначачванні МУС Расіі не разглашае ці ўвогулі іх не мае, прыводзім прыклады некалькіх цытат украінскага палітыка, якія могуць сведчыць пра «тэрарыстычнасць» асобы ў краіне-агрэсарке:

  • «Ворага трэба знішчаць усімі сродкамі на полі бою. І ніякага сантыменту там не можа быць».
  • «Яны крыварукія дыбілы, мажуць па жылых дамах, то ў Дняпры, то цяпер у “Масква-сіці”».

20 кастрычніка 2023 года МУС РФ абвясціла ў вышук украінскую спявачку крымскататарскага паходжання Сусану Джамаладзінаву. Джамала вядомая ў першую чаргу як пераможца конкурса «Еўрабачанне» ў 2016 годзе. Спявачка выканала балючую песню пра сталінскія рэпрэсіі супраць крымскіх татар, аднак шматлікія слухачы заўважылі ў трэку і іншы падтэкст — звяратанне да расійцаў праз уварванне краіны-агрэсаркі ў Луганскую і Данецкую вобласць Украіны ды акупацыю Крыма:

 «Калі прыходзяць чужынцы,

Яны прыходзяць у твой дом,

Яны забіваюць усіх са словамі:

“Мы не вінаватыя, мы не вінаватыя”.

Вы думаеце, што вы богі,

Але ўсе паміраюць».

 

Джамала абышла расійскага выканаўца Сяргея Лазарава і заняла першае месца на песенным конкурсе ў Стакгольме. Ужо тады расійцы не маглі прыняць перамогі ўкраінскай спявачкі. Такія каментары давалі вядоўцы Максім Прывалаў і Яна Рудкоўская наўпрост у прамым эфіры расійскага тэлебачання:

— Перамагла Україна.

— Як гэта?

— Так.

— Слухай, я гэта не ўсведамляю цалкам.

— Я таксама не ўсведамляю. Я лічу, што гэта..

— Гэта немагчыма… Я пакуль не магу нічога сказаць. Ну я мяне шок, шчыра. Ну ты разумееш, што я давала ёй месца ў дзясятцы, нават не ў пяцёрцы.

 «Якія радыскі галасавалі, мне цяжка сказаць, але ва ўсякім разе галасаванне было прадузятым, канешне яно было прадузятым», — заявілі дыктары тэлеканала «Расія-1».

Шэраг выказванняў зрабілі і паважаныя ў расійскім супольстве медыйныя асобы:

«Тры з трыма мінусамі. Ніякай перамогі ў яе (Джамалы) не будзе. Перамога Сярожы — гэта перамога Расіі, гэта ўсе будуць разумець, што гэты хлопец перамог, што перамагла краіна», — казаў палітык Уладзімір Жырыноўскі.

«Каб грошы не даваць Украіне, яны першы прыз далі, сказалі: “мы вам прыз далі, хопіць, грошай не будзе”», — такую арыгінальную версію прасунуў дэпутат Дзяржаўнай Думы РФ Міхаіл Сярдзюк.

Акрамя таго, расійскія вядоўцы правялі свядомую фальсіфікацыю зместу песні: нібыта Джамала пела не пра дэпартацыю ўсяго крымска-татарскага народу, а толькі сваіх сваякоў. А пасля дыктары ўвогуле заявілі, што еўрапейцы ўспрымаюць сэнс трэка як словы бежанцаў з арабскіх краін.

Джамала, Еўрабачанне-2016 у Стакгольме

Джамала, Еўрабачанне-2016 у Стакгольме

Перамога Украіны вельмі моцна ўдарыла па самалюбію і ўпэўненасці расійцаў. Грамадства завочна адзначала непазбежную перамогу Лазарава яшчэ да фіналу конкурса. Украінскі палітолаг Уладзімір Фесенка ў інтэрв’ю тэлеканалу ICTV адзначыў:

«Гэта стала ўдарам нават не для Расіі, а для расійскіх палітыкаў і часткі расійцаў. Агульны каментар, які дарэчы гучыць і ў самой Расіі, ад людзей, якія цвяроза ацэньваюць сітуацыю — Расія не ўмее прайграваць».

Аўтар кнігі «Як працуе пуцінская прапаганда» Мікалай Давыдзюк дадаў, што Расіі было б значна лягчэй яшчэ раз прыняць перамогу Канчыты Вурст, чым перажыць перамогу Украіны.

 У лістападзе ўкраінская служба «Голас Амерыкі» паведаміла, што Расія аб'явіла ў вышук украінскую спявачку. Яе абвінавачваюць у нібыта распаўсюдзе «фэйкаў» аб расійскім войску, і расійскі суд прыняў рашэнне аб яе завочным арышце.

«Джамала вядомая сваімі намаганнямі для асветы і павышэння дасведчанасці грамадскасці аб сітуацыі ва Украіне пасля расійскага ўварвання. Яна неаднаразова публічна крытыкавала расійскі рэжым з гэтай нагоды, што выклікала абурэнне Масквы і прывяло да гэтай сітуацыі», — піша сайт Eurovision Fun.

Злучаныя Штаты Амерыкі

26 лістапада стала вядома пра яшчэ адзін выпадак унясення ў базу вышуку замежнага грамадзяніна, па меркаванні Расіі супрацоўніка «тэрарыстычнай арганізацыі». Гэта прэс-сакратар Meta (сацыяльныя сеткі Instagram і Facebook) Эндзі Стоўн. Выданне «Медыязона» адзначае, што Эндзі завочна пераследуюць па артыкуле аб садзейнічанні тэрарызму праз рашэнне кампаніі не блакаваць украінскіх карыстальнікаў за публікацыі, у якіх аўтары заклікаюць да смерці расійскіх захопнікаў.

Эндзі Стоўн

Эндзі Стоўн

«Мы часова зрабілі дапушчальнымі формы палітычнага выказвання, якія ў звычайнай сітуацыі парушалі б нашы правілы, у тым ліку рыторыку з (выразам) жорсткасці, як, напрыклад "смерць расійскім захопнікам". Мы не будзем дазваляць заклікі да гвалту супраць грамадзянскіх асоб Расіі», — абвясціў тады прэс-сакратар кампаніі Эндзі Стоўн.

Прасцей кажучы, кіраўніцтва сацсеткак прыняла рашэнне зняць блакіроўку і бан акаўнтаў за адмоўныя выказванні ў бок расійскіх уладаў, арміі і супольства для карыстальнікаў з шэрагу еўрпейскіх краін.

Нагадаем, у сакавіку 2022 года Следчы камітэт Расіі адкрыў крымінальную справу аб закліках да гвалту і забойстваў супраць грамадзян Расіі і расійскіх вайскоўцаў у дачыненні да супрацоўнікаў Meta, а саму кампанію абвесцілі экстрэмісцкай і тэрарыстычнай арганізацыяй. Прадстаўнікі расійскіх уладаў удакладнялі, што дзеянні суда не паўплываюць на звычайных карыстальнікаў. Але ж насамрэч у Расіі ўжо былі выпадкі прыцягнення да адказнасці за публікацыі Instagram, але прычынай быў іх змест, а не само па сабе выкарыстанне рэсурсу.

*****

Мы запыталіся ў беларускай палітычнай аглядальніцы Таццяны Ашуркевіч, у чым увогуле заключаецца сэнс дзеянняў расійскіх уладаў з улікам таго, што вышэйпералічаныя асобы ніколі не наведаюць краіну-агрэсарку.

«Аўтарытарная ўлада ўкладае ў гэта іншы сэнс. Так яны спрабуюць рытарычна паказаць сваю сілу — яны не могуць выкарыстоўваць зброю супраць заходніх краін, таму звяртаюцца да таго спосабу, які ў іх ёсць. Увогуле, гэта проста спроба зрабіць нешта, што будзе "гучна абмяркоўвацца"», — адзначыла Таццяна.

А якім чынам Расія збіраецца прыцягваць да адказнасці ўсіх гэтых людзей, здаецца, не вядома нікому. І Расіі таксама.