644-ты дзень вайны ва Украіне. Ці вытрымае Расія новую «гонку ўзбраенняў»?
Расійскія войскі вырашылі выкарыстаць дрэннае надвор’е ва Украіне, каб прасунуцца наперад. Значных поспехаў не атрымалася. Тым часам на наступны год РФ патраціць на войска і сілавыя структуры каля 40% свайго бюджэту. Ці вытрымае краіна такія выдаткі?
Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 29 лістапада паведаміў, што расійскія войскі актывізаваліся на ўсіх напрамках фронту на ўсходзе Украіны: гарачэй за ўсё было на Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках — Сілы абароны Украіны за мінулыя суткі адбілі амаль 90 атак. Траціна з іх прыйшлася на Аўдзееўку.
Паводле інфармацыі Генштаба УСУ, за мінулыя суткі адбылося 87 баявых сутыкненняў. У цэлым вораг нанёс 14 ракетных і 80 авіяцыйных удараў, здзейсніў 68 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах.
На Бахмуцкім напрамку войскі РФ вялі штурмавыя дзеянні ў раёнах Багданаўкі, Кляшчэеўкі, Андрэеўкі і Паўночнага Данецкай вобласці. Тут украінскія абаронцы адбілі 16 атак. Сілы абароны Украіны працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута.
На Аўдзееўскім напрамку вораг не пакідае спробаў акружыць Аўдзееўку. Украінскія войскі трымаюць абарону. Беспаспяховымі былі наступальныя дзеянні праціўніка на поўдзень ад Новакалінавага, Стэпавага, Аўдзееўкі, Тоненькага і Першамайскага Данецкай вобласці, дзе сілы абароны адбілі 27 атак.
На Мар'інскім напрамку ўкраінскія абаронцы адбілі 17 атак ворага ў раёнах Краснагораўкі, Мар'інкі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці.
Украінскія войскі працягваюць наступаць на Мелітопальскім напрамку і ўтрымліваюць занятыя пазіцыі на левабярэжжы Дняпра на Херсоншчыне.
* * *
Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што расійскія войскі працягнулі лакальныя наступальныя аперацыі ўздоўж лініі Купянск-Сватава-Крэменная і дамагліся пацверджаных поспехаў. Відэазапісы з геалакацыяй, апублікаваныя 27 і 28 лістапада, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на поўнач ад Сінькоўкі і на захад ад Першамайскага.
Расійскія войскі 28 лістапада нязначна прасунуліся ў прамысловай зоне на паўднёвы ўсход ад Аўдзееўкі. Расійскі вайсковы блогер сцвярджаў, што расійскія войскі прасунуліся ў прамысловым раёне ў асноўным таму, што туды перакінулі бронетэхніку аднаго з расійскіх палкоў.
У той жа час вядомы блогер, звязаны з Крамлём, 27 лістапада заявіў, што расійскія войскі сышлі з ускраін Стэпавага для захавання асабовага складу. Іншыя блогеры сцвярджалі, што паблізу населенага пункта працягваюцца баявыя дзеянні.
Украінскія войскі 28 лістапада працягнулі наступальныя аперацыі ў заходняй частцы Запарожскай вобласці і, як паведамляецца, прасунуліся наперад у напрамку Мелітопаля.
Украінскія войскі захавалі пазіцыі і, па паведамленнях, атакавалі на ўсходнім (левым) беразе Херсонскай вобласці. Расійскія блогеры сцвярджалі, што ўкраінскія войскі атакавалі блізу Поймы і ў лясным масіве блізу Крынкаў.
* * *
У ноч на 29 лістапада Расія атакавала Украіну ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed з кірунку Прыморска-Ахтарск (РФ) і кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі Х-59 з паветранай прасторы акупаванай Херсоншчыны, паведаміла прэс-служба паветраных сіл УСУ.
Усяго па Украіне быў выпушчаны 21 ударны БПЛА Shahed-136/131 і тры кіраваных авіяцыйных ракеты Х-59. Асноўны напрамак удару беспілотнікаў — Хмяльніцкая вобласць, ракет — поўдзень Украіны.
Усе ўдарныя БПЛА былі знішчаныя ў межах Адэскай, Днепрапятроўскай, Кіеўскай, Херсонскай, Запарожскай і Хмяльніцкай абласцей. Таксама знішчаныя дзве кіраваныя авіяцыйныя ракеты ў Мікалаеўскай вобласці. Трэцяя — не дасягнула мэты, паведамілі ў паветраных сілах.
Мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў, што над Падольскам знішчылі неапазнаны беспілотнік, які ляцеў на Маскву. На месцы падзення абломкаў, паводле папярэдніх звестак, разбурэнняў і пацярпелых няма.
* * *
* * *
Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс выказаў здагадку, чаму Захад так павольна дапамагае Украіне. На ягоную думку, Захад не будзе разглядаць вайну Расіі супраць Украіны як непасрэдную пагрозу, пакуль не адбудзецца аналагічнае Перл-Харбару ўзрушэнне.
Ён адзначыў, што Захад недастаткова адкрыты і сумленны ў дачыненні да таго, што насамрэч азначае расійска-ўкраінская вайна, і выказаў здагадку, што гэта можа быць звязана са страхам эскалацыі. Міністр таксама лічыць, што па большай частцы краіны Захаду спрабуюць прадставіць гэта як рэгіянальную, усё яшчэ далёкую праблему, якая іх зусім не закранае. Ён назваў гэта вялікай палітычнай праблемай, якая павінна быць у цэнтры дыскусій.
«Як чалавек, які цікавіцца гісторыяй, я баюся, што мы чакаем Перл-Харбар. Мы ўжо прайшлі ўсе этапы, але лічым, што калі Перл-Харбар не адбыўся, то ўсё добра. Аднак усё не так добра», — дадаў кіраўнік МЗС Літвы.
* * *
У Адміністрацыі прэзідэнта ЗША Джо Байдэна распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, якую выгаду атрымалі штаты краіны ад ваеннай дапамогі Украіне.
Усяго на закупку боепрыпасаў і транспартных сродкаў для патрэб арміі ЗША і саюзнікаў Белы дом выдаткаваў 27 млрд долараў.
Пенсільванія атрымала 2,4 млрд долараў у выглядзе заказаў на вытворчасць зброі і боепрыпасаў, а таксама інвестыцый для ўкаранення новых тэхналогій. Тэхас атрымаў 1,45 млрд долараў на вытворчасць 155-міліметровых снарадаў і іншай зброі. У Арызону паступіла блізу 2,2 млрд долараў. У Арканзасе і Вісконсіне атрымалі кантракты на суму больш за 1 млрд долараў. А яшчэ 18 млрд долараў кантрактных сродкаў размеркаваны паміж вытворчымі прадпрыемствамі, размешчанымі больш чым у двух дзясятках іншых штатаў.
* * *
Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў бюджэт краіны на 2024 год, які значна павялічвае федэральныя выдаткі, уключаючы рэкордны ўзровень выдаткаў на абарону, гаворыцца ў справаздачы ISW.
Паведамляецца, што ў федэральным бюджэце РФ на 2024 год дзяржвыдаткі складаюць 412,5 млрд долараў, а дэфіцыт бюджэту – 9,5 млрд долараў. У той жа час пры такім дэфіцыце бюджэту на абарону і праваахоўную сістэму расійскія ўлады плануюць выдаткаваць блізу 157,5 млрд долараў, што складае 39 адсоткаў усіх выдаткаў федэральнага ўрада.
Паводле экспертаў ISW, у 2023 годзе Міністэрства фінансаў Расіі вылучыла на абарону 72,1 млрд долараў. Але гэтая сума, верагодна, вышэй, улічваючы, што значная частка расійскага федэральнага бюджэту засакрэчаная.
Калі апублікаваныя звесткі дакладныя, то амаль 40% федэральнага бюджэту Расіі будуць накіраваныя на абарону, што складае рэкордны ўзровень расійскіх абаронных выдаткаў. Пры гэтым адзначаецца, што федэральны бюджэт не пакрывае ўсіх выдаткаў на войска і сілавікоў, частка фінансавай нагрузкі ўскладаецца на рэгіянальныя бюджэты і прыватныя бізнес-структуры.
На думку аналітыкаў ISW, Крэмль плануе накіраваць большую частку сваіх федэральных бюджэтных сродкаў, выдаткаваных на абарону, для падтрымкі ўварвання ва Украіну.