Палітыкі тыдня: Нурсултан Назарбаеў, Жэрар Ланге, Міхаіл Прохараў

Прэзідэнт Казахстана марыць жыць вечна. 1 лістапада яго мара пачала набываць рэальныя контуры. Навуковая ўстанова «Універсітэт Назарбаева», што шукае па загаду Нурсултана эліксір жыцця, прадставіла першую сваю распрацоўку ў гэтай галіне.



39212.jpg

Гэта біяпрадукт «Нәр», які знешне нагадвае ёгурт. Па словах навукоўцаў, «ёгурт» дае магчымасць падвысіць якасць жыцця і садзейнічае яе працягласці. «Распрацаваны прадукт будзе спрыяць паляпшэнню стрававання, засваенню мікраэлементаў, карысных рэчываў», — кажа адзін з сяброў групы, якая прыдумала «Нәр» (з казахскага перакладаецца як «ежа»). Праўда, вучоныя прызналі, што над вынаходніцтвам яшчэ давядзецца папрацаваць. Калі прадукт запусцяць у вытворчасць, пакуль ніхто не кажа. Навукоўцы таксама загадзя знялі з сябе адказнасць за магчымую смерць тых, хто паспрабуе з дапамогай «ежы» жыць вечна. Па словах прадстаўнікоў універсітэта, «вечнае жыццё — гэта шматфактарная задача, якая ўключае і сацыяльную праблему, і экалогію, і іншае». Усё гэта дало падставу каментатарам інтэрнэт-форумаў абвінаваціць акадэмічных даследчыкаў у падмане. Быццам яны банальна цягнуць з гаранта грошы, абяцаючы яму нейкае вечнае жыццё. Аднак развязка наступіць хутка. Назарбаеў, якому зараз 72 гады, даў навукоўцам тэрмін — прадаставіць яму эліксір жыцця да 2020 года.


Жэрар Ланге

longuet.jpg

Былы міністр абароны Францыі абвастрыў адносіны паміж Парыжам і Алжырам. Усё з-за непрыстойнага жэсту, які ён дазволіў сабе, адказваючы падчас інтэрв’ю на пытанне, ці будуць былыя французскія салдаты, якія ў часы вайны Алжыра за незалежнасць удзельнічалі ў катаваннях і забойствах мірных грамадзян, прыцягнутыя да адказнасці. Каб яго жэстыкуляцыю зразумелі дакладна, Жэрар дадаў, што Алжыр павінен быць удзячны французам за тое, яны каланізавалі край і навучылі тубыльцаў асновам цывілізацыі. Такая трактоўка гісторыі, а яшчэ больш жэст, маментальна выклікалі абурэнне алжырскай грамадскасці. Практычна ўсе газеты перадрукавалі жэст, якім француз пасылае падалей ахвяр каланіялізму. Інцыдэнт яўна адлюструецца на намечаным на бліжэйшы час візіце французскага прэзідэнта Франсуа Аланда ў Алжыр.


Міхаіл Прохараў

67518886.jpg


Як вядома, напрыканцы кастрычніка партыя «Грамадзянская платформа», лідарам якой з’яўляецца Прохараў, правяла з’езд. На ім Прохараў зрабіў шэраг заяў. Адну з іх дасюль гучна абмяркоўваюць, асабліва ў нацыянальных аўтаноміях Расійскай Федэрацыі. Гэтыя суб’екты Прохараў прапанаваў ліквідаваць і падзяліць Расію так, як было да рэвалюцыі — на губерні. Эліта на месцах успрыняла прапанову Прохарава як выклік. Кіраўнікі Татарстану і Башкірыі (там настроі на карысць аўтаноміі найбольш моцныя) абвінавацілі Прохарава ў спробе раскалоць Расію, стрыжнем адзінства якой, быццам, з’яўляецца менавіта гэта нацыянальна-адміністратыўная сістэма. Аднак большы інтарэс выклікае дыскусія наконт таго, ці быў Прохараў аўтарам гэтай ініцыятывы. Ёсць думка, што агучыць праект ліквідацыі нацыянальных суб’ектаў яму прапанаваў Крэмль. Як вядома, Уладзімір Пуцін на пачатку свайго знаходжання ў Крамлі заўсёды выступаў за адыход ад прынцыпу федэралізму, называючы федэралістаў заўтрашнімі сепаратыстамі. Магчыма, ён думае вярнуцца да старой задумы, таму на ўсякі выпадак з дапамогай Прохарава праверыў рэакцыю грамадства.