Пакістан. Кожнай жанчыне па курыцы!

Пакістанскае грамадства дасюль не можа прыйсці ў сябе ад арыгінальнай ідэі прэм’ера Імрана Хана.

Імран Хан. Фота Reuters

Імран Хан. Фота Reuters

Пакістанскі прэм’ер адзначыў сто дзён знаходжання пры ўладзе, агучыўшы праграму барацьбы супраць беднасці сярод жанчын (для даведкі: у краіне каля 7,7 мільёна сямей жывуць па-за рысай беднасці). Каб ліквідаваць такую негатыўную з’яву, прэм’ер мае намер раздаваць бедным жанчынам па некалькі курыцаў.

Логіка ў чыноўніка вельмі простая. Курыца будзе несці яйкі, якія можна пасля прадаваць або павялічыць колькасць птушак у гаспадарцы. Як вынік, паступова жанчына можа пачаць свой бізнес і матэрыяльна стаць на ногі.

Шматлікія пакістанцы рэагавалі на такі рэцэпт жартамі і мемамі, выяўляючы прэм’ера як курыцу. У выніку той быў вымушаны пракаментаваць каскад жартаў на яго адрас. У тым ліку ён выклаў у сябе на акаўнце ролік з Білам Гейтсам, які, як высвятляецца, таксама верыць у чароўную здольнасць курыцы палепшыць эканоміку краіны.

Паводле амерыканскай прэсы