Нідэрланды разглядаюць два варыянты суда над вінаватымі ў катастрофе MH17

Суд над вінаватымі ў катастрофе рэйса MH17 на Данбасе можа адбыцца ў адной з краін, якая яе расследуе, альбо ў міжнародным трыбунале. Аднак для абодвух варыянтаў пакуль ёсць перашкоды для ажыццяўлення, папярэдзілі ў галандскім ўрадзе.

Фота: ЕРА

Фота: ЕРА


Улады Нідэрландаў разглядаюць два варыянты судовага пераследу вінаватых у катастрофе рэйса MH17 на Данбасе ў 2014 годзе. Пра гэта заявіў у парламенце міністр юстыцыі і бяспекі Нідэрландаў Ард ван дэр Сцюр, паведамляе gordonua.com.
Паводле яго слоў, абмяркоўваецца варыянт разгляду ў міжнародным трыбунале. У прыватнасці, вывучаецца магчымасць трыбунала ААН пасля вета Расіі.
Другі варыянт — разгляд справы адбудзецца ў нацыянальным судзе адной з краін, якія супрацоўнічаюць у рамках расследавання. У іх лік уваходзіць і Украіна. Галандскі ўрад лічыць, што суд павінен адбыцца менавіта ў Нідэрландах.
Сцюр падкрэсліў, што цяпер існуюць юрыдычныя перашкоды для абодвух варыянтаў.
Нагадаем, Boeing 777, якi ажыццяўляў рэйс MH17 (Амстэрдам — Куала-Лумпур), пацярпеў крушэнне 17 ліпеня 2014 года ў Данецкай вобласці. Загінулі ўсе 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце. 195 з іх былі грамадзянамі Нідэрландаў.
28 верасня ў Нідэрландах міжнародная следчая група, якая складаецца з прадстаўнікоў Нідэрландаў, Малайзіі, Бельгіі, Аўстраліі і Украіны, абвясціла прамежкавыя вынікі расследавання.
Згодна з высновамі камісіі, рэйс MH17 быў збіты з комплексу "Бук", прывезенага з Расіі, з тэрыторыі, падкантрольнай прарасійскім баевікам. Пасля крушэння самалёта "Бук" вярнулі ў РФ. Пры гэтым камісія заявіла, што дадзеныя аб датычнасці да катастрофы Расіі як дзяржавы пакуль не выяўлены.
Спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што доказаў віны Расіі ў дакладзе няма. Афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава абвінаваціла следчых у прадузятасці і палітычнай матываванасці.