«Не трапляйцеся ў пастку, якую рыхтуе для вас ХАМАС»: ЦАХАЛ раіць жыхарам Газы эвакуявацца

Учора армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) заявіла аб завяршэнні падрыхтоўкі да маштабнай наступальнай аперацыі ў сектары Газа.

Фота ГЕЦІ

Фота ГЕЦІ

Раніцай у нядзелю Армія абароны Ізраіля паўтарыла свой заклік да жыхароў сектара Газа эвакуявацца ў паўднёвую частку анклава.

«Наша вайна вядзецца не з народам Газы», — заявіў прадстаўнік ЦАХАЛ Рычард Хехт у відэазвароце, апублікаваным у сацыяльных сетках.

Нагадаем, ізраільскія вайскоўцы 13 кастрычніка заклікалі жыхароў Газы эвакуявацца на поўдзень сектара і далі на гэта 24 гадзіны. Раніцай 14 кастрычніка тэрмін эвакуацыі працягнулі да вечара гэтага дня. Паводле звестак ААН, за суткі свае дамы ў Газе пакінулі дзясяткі тысяч чалавек.

Праваабарончыя і гуманітарныя арганізацыі заявілі, што ў такі кароткі тэрмін нельга эвакуіраваць мільённы горад. ААН раней папярэджвала, што для мірных жыхароў Газы загад аб эвакуацыі без разбуральных гуманітарных наступстваў стане невыканальнай задачай.

У той жа час прадстаўнік арміі абароны Ізраіля Джонатан Канрыкус заявіў CNN, што ЦАХАЛ пачне «значныя ваенныя аперацыі» толькі пасля таго, як убачыць, што мірныя жыхары пакінулі Газу.

«Вельмі важна, каб людзі ў Газе ведалі, што мы вельмі, вельмі шчодра патрацілі час. Мы зрабілі дастаткова папярэджанняў, [прайшло] больш за 25 гадзін... Я ўжо не ведаю, як яшчэ сказаць, што цяпер час пакінуць Газу, — дадаў ён. — Бярыце свае рэчы і ідзіце на поўдзень. Захоўвайце сваё жыццё і не трапляйцеся ў пастку, якую рыхтуе для вас ХАМАС».

  • Армія абароны Ізраіля заявіла, што ХАМАС перашкаджае эвакуацыі мірных жыхароў з паўночнай часткі Газы, ствараючы заторы на блокпастах.

ЦАХАЛ і ўчора, 14 кастрычніка, папярэджвала жыхароў паўночнай часткі сектара Газа, дзе пражываюць каля мільёна чалавек, што неабходна эвакуявацца на поўдзень.

Паводле ЦАХАЛ, пасля гэтага папярэджання сотні тысяч палесцінцаў сталі рухацца на поўдзень Газы, аднак іх рух блакуюць баевікі ХАМАС, якія выставілі на дарогах блокпосты. Праз гэта на дарогах узніклі велізарныя заторы.

«ХАМАС абцяжарвае перамяшчэнне жыхароў сектара Газа па галоўных дарогах і перашкаджае праезду транспартных сродкаў», — заявілі ізраільскія вайскоўцы.

Глядзіце таксама


  • ХАМАС напаў на Ізраіль тыдзень таму, 7 кастрычніка. Баевікі забілі сотні чалавек і ўзялі ў закладнікі больш за 120 мірных жыхароў. Армія абароны Ізраіля ў адказ пачала наносіць удары па аб'ектах ХАМАС у Газе, дзе жывуць больш за два мільёны чалавек. У выніку палесціна-ізраільскага канфлікту, паводле апошніх звестак, загінулі не менш за 1300 жыхароў Ізраіля і больш за 2200 жыхароў сектара Газа (у тым ліку больш за 700 дзяцей, паведамілі ў ААН).

  • Нагадаем,  ЦАХАЛ плануе шырокамаштабны наступ «з прыцягненнем паветраных, марскіх і сухапутных» сіл.
  • Прадстаўнікі найбуйнейшай бальніцы Газы кажуць, што яе эвакуацыя немагчымая.
  • ХАМАС заклікаў жыхароў Газы ігнараваць заяву арміі Ізраіля. Кіраўнік Палітбюро ХАМАС Ісмаіл Ханія заявіў 14 кастрычніка, што жыхары сектара Газа не стануць бегчы і хавацца ў Егіпце.

Паводле ВВС