Ці атрымаецца гэтым разам у Лукашэнкі ўсядзець на двух крэслах, каб не зрабіць сабе горш?
У Мінску ёсць і ізраільская амбасада, і палесцінская — верагодна, рэжым не хоча псаваць адносіны ні з тым, ні з іншым бокам. Але ці атрымаецца?
Напад палесцінскага радыкальнага руху ХАМАС на Ізраіль раніцай 7 кастрычніка не выклікаў бурную рэакцыю афіцыйнага Мінска. Беларускае МЗС абмежавалася стрыманай заявай пра «непрымальнасць агрэсіі» і «недапушчальнасць ахвяр сярод мірнага насельніцтва», у той час як заява Аляксандра Лукашэнкі не прагучала наогул.
Аднак беларуская прапаганда маўчаць не стала: у дзяржСМІ і тэлеграм-каналах асобных прапагандыстаў сустракаюцца выказванні супраць Ізраіля і ў падтрымку ХАМАСа, які Еўрасаюз, ЗША і Ізраіль класіфікуюць як тэрарыстычную арганізацыю.
Так, на сайце дзяржаўнай газеты «Мінская праўда» з'явілася калонка, дзе гаварылася, што «перамога Палесціны — гэта перамога Масквы і Мінска», хоць пазней матэрыял быў выдалены. Падобныя заявы прапаганды выглядаюць дзіўна, улічваючы нядрэнныя адносіны Беларусі з Ізраілем, чый пасол застаецца ў Мінску нават пасля падзей 2020 года.
З чым звязаная такая рэакцыя і наколькі стаўленне да канфлікту ў Ізраілі залежыць ад пазіцыі Расіі, разбіралася «Deutsche Welle».
Беларуская прапаганда паўтарае расійскую
Афіцыйную заяву МЗС адносна нападу ХАМАСа на Ізраіль палітолаг і экспертка ў міжнародных адносінах Роза Турарбекава называе дзяжурнай і абязлічанай, бо ў ёй нават не паказваецца, якім менавіта краінам трэба спыніць агонь. Што тычыцца рэакцыі прапаганды, то яна, паводле слоў эксперткі, проста паўтарае наратывы расійскай.
«Яны вызначана занялі бок ХАМАСа, хоць і не пішуць пра гэта наўпрост, пішуць у цэлым пра Палесціну. Гэты такі прапагандысцкі прыём абагульнення. Трэба памятаць, што ХАМАС не адзіны прадстаўнік палесцінскага руху супраціву. Але прапаганда не разбіраецца ў сітуацыі, а проста паўтарае маскоўскі наратыў пра тое, што ва ўсім вінаватыя ЗША — гэта такая вельмі крывадушная схема», — кажа Турарбекава.
Эксперт «Фінскага інстытута міжнародных адносін» Рыгор Ніжнікаў лічыць, што беларуская прапаганда паспрабавала згуляць на апярэджанне, лічачы, што гэта будзе тая лінія, якую «зойме партыя». Але ў выніку, паводле слоў эксперта, яны прамахнуліся — гэта быў «фальстарт» і непрафесіяналізм, неразуменне сітуацыі і кантэксту. «Атака на Ізраіль, які для іх заходняя дзяржава, ёсць атака на заходнія каштоўнасці і на Захад, які для Лукашэнкі і Масквы галоўны вораг. Плюс антысемітызм таксама мае месца, у многіх з прапагандыстаў, як мне здаецца, застаецца флёр савецкага антысемітызму».
Ці залежыць пазіцыя Мінска ад пазіцыі Масквы?
Роза Турарбекава мяркуе, што выступы беларускай прапаганды старанна ўзгодненыя з уладамі і такая пазіцыя заўсёды была. «Для Лукашэнкі антызаходняя рыторыка заўсёды была больш важнай, чым для Крамля. Цяпер, калі Ізраіль выступае стратэгічным хаўруснікам ЗША, усё, што дрэнна для ЗША, — добра для Мінска і Масквы. Для Лукашэнкі гэта не вынік залежнасці ад Расіі, а адкрыты погляд на сітуацыю».
З такой пазіцыяй не згодны Рыгор Ніжнікаў, які адзначае, што ў Беларусі цяпер няма аніякай незалежнай знешняй палітыкі. «Галоўны ўплыў на пазіцыю Мінска аказвае маўчанне Масквы. Заява Пуціна пра тое, што "наша пазіцыя добра вядомая", гучала даволі абцякальна. І раз Масква не змагла заняць ні адзін з бакоў, Мінск робіць тое самае», — мяркуе эксперт.
Акрамя таго, Ніжнікаў адзначае, што для Мінска вельмі важныя сувязі з арабскімі дзяржавамі, улічваючы сённяшнюю ізаляцыю Лукашэнкі. Паводле слоў эксперта, Беларусь хацела б развіваць адносіны з Ізраілем, але не заўсёды можа гэта рабіць. «Тое самае тычыцца арабскіх краін, дзе развіццё адносінаў ідзе толькі з расійскімі саюзнікамі — Іранам і Сірыяй. Мінск проста не можа дазволіць сабе рабіць нешта, што выходзіць па-за рамкі таго, што Масква ўважае за дапушчальнае», — кажа эксперт.
Лукашэнка не хоча рабіць сабе горш
Магчыма, менавіта складанымі знешнепалітычнымі пазіцыямі і тлумачыцца маўчанне самога Лукашэнкі адносна канфлікту, тым больш што ў Мінску працуюць як амбасада Ізраіля, так і палесцінская амбасада.
«Думаю, Лукашэнка проста не ведае, што сказаць. Ён не хоча зрабіць сітуацыю горш для сябе самога. Калі ён зойме нейкі з бакоў, гэта падарве яго і так хісткія пазіцыі на міжнароднай арэне. Таму найлепшы варыянт для яго — трымацца ўбаку, тым самым паказваючы беларусам, маўляў, вось чарговая вайна, а я трымаю вас ад яе далёка», — лічыць Рыгор Ніжнікаў.
Гаворачы пра тое, якая пазіцыя ў дачыненні да нападу на Ізраіль больш выгадная афіцыйнай Беларусі, Турарбекава мяркуе, што Лукашэнка працягне «сядзець на двух крэслах»: «Калі ў самы гарачы момант змена пазіцыі не адбылася, то я не думаю, што цяпер, па заканчэнні часу, яна зменіцца». Экспертка дадае, што прапагандысты будуць працягваць выконваць сваю ролю і трансляваць дыскурс, які падтрымлівае Палесціну, але наўрад ці такую ж пазіцыю можна будзе ўбачыць на афіцыйным узроўні.