На Алімпіядзе ў Токіа выявілі яшчэ 17 выпадкаў заражэння каронавірусам

Агульная колькасць інфікаваных COVID-19 сярод тых, хто звязаны з правядзеннем Гульняў у Токіа, павялічылася да 123 чалавек.

12f8e7ae_6d63_4d90_a825_03ca128099e8_cx0_cy12_cw0_w1023_r1_s.jpg

Пра гэта паведамляе DW.
Арганізатары Алімпійскіх гульняў у Токіа раніцай у суботу, 24 ліпеня, паведамілі пра 17 новых выпадкаў заражэння каронавірусам у людзей, звязаных з правядзеннем Гульняў альбо ўдзелам у іх. Тым самым агульная колькасць тых, чый тэст на COVID-19 у перыяд з 1 ліпеня быў станоўчы, узрасла да 123 чалавек.
За дзень да гэтага стала вядома, што ад удзелу ў спаборніцтвах будуць вымушаныя адмовіцца скейтбардыстка з Нідэрландаў і гулец у настольны тэніс з Чэхіі. Пра першы выпадак заражэння каронавірусам паведаміла і нямецкая зборная: інфекцыю выявілі ў раварыста Сімона Гэшке.
Новыя выпадкі заражэння COVID-19 выяўляюць у Алімпійскай вёсцы нягледзячы на жорсткія меры засцярогі, прынятыя арганізатарамі Гульняў. Паводле правілаў, удзельнікі спаборніцтваў могуць прыбыць на Алімпіяду не раней, чым за пяць дзён да свайго выступу, і абавязаныя пакінуць Японію не пазней як праз 48 гадзін пасля яго. Акрамя таго, было вырашана, што большасць спаборніцтваў адбудуцца без гледачоў.
XXXII летнія Алімпійскія гульні праходзяць на фоне бесперапынных пратэстаў. Многія японцы лічаць, што правядзенне масавых спартовых спаборніцтваў падчас пандэміі негатыўна адаб’ецца на ўзроўні заражэнняў каронавірусам у краіне.