МУС Літвы: Улады Вільнюса дарэмна сеюць паніку сярод жыхароў з нагоды БелАЭС

Міністр унутраных спраў Літвы Эймуціс Місюнас заявіў, што ўлады Вільнюса, якія плануюць вучэнні па эвакуацыі жыхароў горада ў сувязі з верагоднай аварыяй на Беларускай АЭС у Астраўцы, дарма сеюць паніку.

Астравецкая АЭС. Фота Славаміра Адамовіча

Астравецкая АЭС. Фота Славаміра Адамовіча


"Яны хутчэй, здаецца, палохаюць жыхароў горада Вільнюса, сеюць паніку, хоць па сутнасці няма нават тэарэтычнай падставы гэта рабіць", — сказаў Місюнас у чацвер BNS.
Мэрыя Вільнюса паведаміла, што правядзе вучэнні з імітацыяй аварыі на БелАЭС і эвакуацыяй часткі жыхароў 5 верасня. Падчас вучэнняў будзе зроблена спроба ацаніць гатоўнасць групы муніцыпальных прадпрыемстваў, іншых службаў да адпаведных пагрозаў, будуць імітавацца і кібератакі.
Па словах Місюнаса, Вільня не трапляе ў прадугледжаную ў планах 30-кіламетровую зону вакол станцыі, з якой у выпадку аварыі будуць эвакуявацца жыхары. Паводле яго, Вільнюс знаходзіцца ў так званай 100-метровай зоне, дзе для выратавання жыхароў прадугледжаны іншыя дзеянні. "Не магу ніяк апраўдаць недахоп кампетэнтнасці (...) Ці яны план не чыталі, ці ёсць нейкія іншыя прычыны, цяжка сказаць", — адзначыў міністр. Палітык сказаў, што запланаваныя мэрыяй вучэнні не ўзгадняліся ні з МУС, ні з паліцыяй, ні з пажарна-выратавальнай службай. Паводле яго слоў, Дэпартамент супрацьпажарнай аховы і выратавання ў пачатку кастрычніка правядзе вучэнні па абароне насельніцтва ў выпадку аварыі на атамнай станцыі. "Гэта будуць нармальныя вучэнні, з усімі органамі мясцовага самакіравання, якія трапляюць у гэтую сітуацыю. Зараз мы якраз рассылаем заявы ў органы мясцовага самакіравання, узгоднім сцэнары", — сказаў Э. Місюнас.
Дырэктар адміністрацыі Віленскага самакіравання Павілас Падзярскіс сказаў, што праводзіць вучэнні таму, што цэнтральныя ўлады млява рыхтуюцца да ўводу БелАЭС у эксплуатацыю і да верагодных інцыдэнтаў. Паводле яго слоў, у горшым выпадку з Вільнюса прыйдзецца эвакуіраваць каля 50 тыс. жыхароў.
БелАЭС будуецца ў Астраўцы, прыкладна ў 50 км ад Вільні і менш чым у 30 км ад мяжы Літвы. Увод у эксплуатацыю першага рэактара станцыі намечаны на восень гэтага года. Літоўскі ўрад кажа, што пры будаўніцтве БелАЭС не выконваюцца патрабаванні да бяспекі і аховы прыроды. Беларусь такія прэтэнзіі катэгарычна адхіляе.
Паводле delfi.lt