Мікрааўтобус з украінскімі дзецьмі, які трапіў у ДТЗ, не меў дазволу на перавозку
Смяротная аварыя адбылася ў нядзелю, 13 траўня, каля 07:00 на 54-м км аўтадарогі Р-98 «Камянец-Шарашова-Свіслач» каля вёскі Мартынюк.
Дзяцей было 26 і ехалі яны ў чатырох аўтобусах. У аварыю трапіў апошні з калоны. Дзяцей, якія не пацярпелі, спачатку размясцілі ў адным з дзіцячых лагераў. Цяпер ужо ёсць інфармацыя, што яны на шляху дадому.
Групу дзяцей для паездкі ў Польшчу сфармавалі з розных школ Сумскай вобласці. Што гэта была за паездка, зараз удакладняюць мясцовыя чыноўнікі.
Вядома, што адзіны загінулы школьнік менавіта з Сум. У Сумскай гімназіі №1, дзе вучыўся хлопчык, пацвердзілі журналістам ТСН, што гэта быў менавіта іх вучань 12-гадовы Уладзіслаў. У школе рыхтуюцца выставіць у холе фота загінулага з чорнай стужкай. Распавядаюць, хлопчык добра вучыўся, быў актыўным. Але мама яго ніяк не адпускала нават на экскурсіі з класам. Але на паездку падлетка ў Польшчу пагадзілася. Пра сам лагер тут амаль нічога не ведаюць.
Маме паведамілі пра смерць сына яшчэ ўчора, і яна з'ехала ў Беларусь на апазнанне. Цяпер ужо вярнулася ў Сумы. Мэрыя і абласная адміністрацыя цяпер вырашаюць як даставіць цела дзіцяці дадому.
Ёсць інфармацыя, што школьнікаў за мяжу везла грамадская арганізацыя, якая ўжо 5 гадоў запар арганізуе падобныя паездкі нібыта для абмену вопытам. Як ТСН патлумачылі ва ўпраўленні моладзі і спорту — гэта нешта накшталт патрыятычнага або моўнага лагера.
«Гэта была неафіцыйная і няўзгодненая з органамі мясцовага самакіравання штогадовая паездка абмену вопытам. Паехалі на адпачынак. Мэтай з'яўляецца адукацыйны, наколькі зразумела, характар», — распавядае кіраўнік упраўлення моладзі і спорту Сумскай АДА Дзмітрый Лантушэнка.
Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу па факце ДТЗ.
«Узбуджаная крымінальная справа па частцы 2 арт. 317 (парушэнне ППД, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека) Крымінальнага кодэкса Беларусі», – праінфармавалі ў СК.
Паводле інфармацыі ведамства, затрыманы кіроўца аўтобуса – грамадзянін Украіны, праведзены яго допыт.
Аб перавозчыке, які трапіў у ДТЗ, афіцыйнай інфармацыі яшчэ няма. Але з уласных крыніцаў журналістам ТСН удалося даведацца, што мікрааўтобус не быў зарэгістраваны як транспартны сродак для перавозкі пасажыраў. Папярэдне і ва ўладальніка нават не было дазволу на перавозку дзяцей.
Паводле tsn.ua