Калумбія. На д’ябла з верталётам

Горад Буэнавентура, што ў Калумбіі, даўно стаў галаўным болем для ўсёй лацінаамерыканскай грамадскасці.

Фота www.google.com/maps

Фота www.google.com/maps

Справа ў тым, што ў ім вельмі моцная злачыннасць, знішчыць якую сілы правапарадку не здольныя. Толькі за апошні год у горадзе з насельніцтвам сто тысяч чалавек колькасць забойстваў вырасла з 30 да 50 выпадкаў.  

Пасля таго, як напачатку чэрвеня на вуліцы была забітая дзесяцігадовая дзяўчынка, руку дапамогі паліцыі нечакана працягнуў Касцёл. Біскуп Рубен Дарыё Харамільё Мантоя прапанаваў правесці ў небе над горадам рытуал выгнання д’ябла, які, на яго думку, прапісаўся ў населеным пункце.

Ініцыятыву падтрымала армія — у распараджэнне біскупа перадалі верталёт, з борта якога ён збіраецца акрапіць горад святой вадой. Святар упэўнены, што ў выніку рытуалу, які прызначаны на 13–14 ліпеня, дэманы будуць выгнаныя з Буэнавентуры.

Зрэшты, некаторыя скептычна ставяцца да яго словаў. У тым ліку арганізацыя «Human Rights Watch». Яе супрацоўнікі ўскладаюць адказнасць за рост злачыннасці на парамілітарныя арганізацыі, якія ўрад выкарыстоўвае супраць мясцовых партызан і заплюшчвае вочы на іх злачынную дзейнасць.

Паводле іспанскай прэсы