ФСБ заявіла, што прадухіліла забойства «па загадзе СБУ» Сіманьян і Сабчак. Чаму гэта фэйк
ФСБ Расіі адсправаздачылася аб затрыманні ў Маскве і Разанскай вобласці чальцоў «неанацысцкай групоўкі», якія рыхтавалі замахі на галоўнага рэдактара прапагандысцкага RT Маргарыты Сіманьян і журналісткі Ксеніі Сабчак, паведамляе «Інтэрфакс».
Агенцтва піша, што «чальцоў неанацысцкай групоўкі» затрымалі
14 чэрвеня. Удакладняецца,
што гаворка ідзе пра групоўку «Параграф-88», чальцы якой нібыта праводзілі
выведку каля месцаў працы і пражывання журналістак па заданні спецслужбаў
Украіны. У ФСБ сцвярджаюць, што СБУ абяцала па паўтара мільёна расійскіх рублёў за кожнае забойства.
Акрамя таго, у расійскай спецслужбе паведамілі, што пры ператрусах у затрыманых канфіскаваны аўтамат Калашнікава, 90 патронаў да яго, нажы, кастэты, гумовыя дубінкі, кайданкі, «сродкі сувязі і камп'ютары з інфармацыяй, якая пацвярджае іх злачынныя намеры».
Колькасць затрыманых не ўдакладняецца. Паводле наяўнай інфармацыі, у дачыненні да затрыманых СК плануе распачаць крымінальныя справы «з экстрэмісцкай і тэрарыстычнай афарбоўкай».
Чаму наконт удзелу СБУ інфармацыя, хутчэй за ўсё, фэйкавая
У Расіі пасля пачатку «спецыяльнай ваеннай аперацыі» ўсе больш-менш гучныя злачынствы з палітычным падтэкстам здзяйсняюцца паводле «загада ўкраінскіх спецслужбаў» (у Беларусі лукашэнкаўцы таксама часта «выкрываюць» СБУ). Відавочна, што кідаючы цень на Кіеў, расійскія ўлады намагаюцца атрымаць пэўныя прапагандысцкія дывідэнды. Выглядае, што «замах» на Сіманьян і Сабчак — якраз з гэтай оперы.
Чаму? Таму што ва Украіны няма ніводнай прычыны забіваць гэтых прадстаўніц расійскіх медыя. «Неанацысты», магчыма, такія планы і мелі (хаця таксама сумнеўна), а вось матываў у Кіева дакладна няма. Прынамсі цяпер.
Калі б такое забойства здарылася, гэта выклікала б велізарны розгалас у сусветных медыя і ў міжнародных палітычных колах. Калі б украінскія спецслужбы аказаліся пад падазрэннем, то гэта б яўна не пайшло на карысць далейшым пастаўкам заходняй зброі на патрэбы контрнаступу УСУ. Цалкам імаверна, што кейс з «выкрыццём замаху» на тое і накіраваны.
Тут важна яшчэ і тое, што са згаданай пары жанчын
толькі Сіманьян з’яўляецца людажэрнай прапагандысткай вайны. Яна неаднаразова
заклікала бамбіць украінскія гарады і пагражала свету ядзернай вайной. Сабчак
жа ў такой чалавеканенавісніцкай прапагандзе асабліва не заўважана, то навошта
рабіць замах яшчэ і на яе? Да таго ж Сабчак, акрамя расійскага, мае таксама
ізраільскае грамадзянства, пра што яна неаднаразова распавядала ў медыя. Знішчаць
грамадзяніна Ізраіля — гэта значыць асудзіць сябе на жорсткую палітычную
рэакцыю афіцыйнага Іерусаліма з яго немалым уплывам у свеце. Як вядома,
ізраільская дзяржава вельмі ашчадна ставіцца да сваіх грамадзян. І ў Кіеве, дзе
прэзідэнтам з’яўляецца яўрэй па нацыянальнасці, гэта цудоўна разумеюць.