«Фота дашліце па факсе». У Мінску ад прыватнікаў патрабуюць высадзіць кветкі і вывесіць дзяржсцяг
У «Зелянбудзе» Фрунзенскага раёна Мінска запатрабавалі ў прыватных арганізацый высадзіць кветкі і вывесіць дзяржаўныя сцягі на замацаваных за імі тэрыторыях. Пра гэта «Люстэрку» паведаміла чытачка. Тым, хто гэта праігнаруе, прыгразілі «адміністрацыйкай».
Наталля (імя змененае) працуе ў адной з прыватных арганізацый Мінска, офіс якой знаходзіцца на тэрыторыі Фрунзенскага раёна. На днях, распавядае суразмоўца, ім прыйшоў ліст з «Зелянбуда» свайго раёна. У ім было напісана, што да 17 ліпеня ім «даручаюць выканаць кветкавае афармленне, вывесіць сцяг» на замацаванай за іх прадпрыемствам тэрыторыі. Тых, хто гэтай просьбай вырашыць пагрэбаваць, у гэтым жа паведамленні папярэдзілі: у дачыненні да іх пачнуць адміністрацыйны працэс паводле арт. 22.10 КаАП.
Артыкул 22.10 КаАП — гэта парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў. Ён прадугледжвае штраф для ІП — ад 10 да 50 базавых (ад 370 да 1850 рублёў). Для юрыдычных асоб — ад дваццаці да ста базавых (ад 740 да 3700 рублёў).
— Магчыма, лісты з падобнымі просьбамі былі і раней, але ніякіх сцягоў у нас у арганізацыі да гэтага ніхто не вывешваў, — кажа суразмоўца. — Наколькі памятаю, у лісце прасілі таксама даць справаздачу аб выкананай працы.
З чым звязана ініцыятыва вывесіць сцягі на прылеглых тэрыторыях, чытачка не ведае. Мяркуючы па календары, ніякіх святочных дзён у краіне не прадбачыцца. Са слоў суразмоўніцы, у лісце ад «Зелянбуда» аб урачыстасцях таксама не было ніякіх згадак.
У «Зелянбудзе» Фрунзенскага раёна, куды журналістка звярнулася як прадстаўнік прыватнай арганізацыі, пацвердзілі: яны сапраўды рассылаюць лісты з патрабаваннем высадзіць кветкі і вывесіць сцягі. З чым звязаная гэтая ініцыятыва, на прадпрыемстве не патлумачылі.
— Гэта вельмі шмат каму [прыходзіць], гэта ўсяму Фрунзенскаму раёну, — сказала спецыяліст, адзначыўшы, што толькі ў пятніцу, 14 ліпеня, адправіла па факсе 35 лістоў, у якіх прыватнікаў праінфармавалі аб неабходнасці высадзіць кветкі і вывесіць сцягі на прылеглай тэрыторыі.
Паводле яе слоў, сцягі трэба павесіць на будынак арганізацыі, а аб праведзенай працы — даць справаздачу: выслаць фота ў «Зелянбуд».
— У вас ёсць факс? Можаце яго (здымак) раздрукаваць і скінуць па факсе, нумар якога паказаны ў патрабаванні, — патлумачыла спецыяліст.
На выпадак, калі факса няма, яна падказала вайбер, куды таксама можна адправіць фота. Са здымкам павінен быць суправаджальны ліст, у якім варта напісаць, што арганізацыя выканала тое, што ад яе патрабавалася.
Нагадаем, у студзені 2021-га выданне dev.by таксама паведамляла, што адміністрацыя Першамайскага раёна Мінска запатрабавала ад IT-кампаній, якія ўваходзяць у ПВТ, усталяваць дзяржсцягі на сваіх будынках.