Дэпутат Дзярждумы фантазіруе: Расія з дапамогай ПВК Вагнера атакуе з Беларусі Сувалкскі калідор
Кіраўнік камітэта па абароне Дзярждумы Расіі Андрэй Картаполаў у эфіры расійсага ТБ, у перадачы адыёзнага прапагандыста Уладзіміра Салаўёва, агучыў фантазію, якую падхапілі медыя. Нібыта ПВК Вагнера, сказаў ён, «адправілі ў Беларусь» не толькі і не столькі» для таго, каб навучаць беларускіх вайскоцаў, як паведамлялася раней.
«Ёсць такі Сувалкскі калідор... І вось гэты Сувалкскі калідор у выпадку чаго нам вельмі патрэбны», — заявіў Картаполаў.
«Гаворка ідзе пра тое, што гатовы ўдарны кулак, які гэты
няшчасны калідор возьме за лічаныя гадзіны», — заявіў дэпутат, цытуемы выданнем BILD.
Сувалкскі калідор — сухапутны калідор паміж Беларуссю і
Калінінградскай вобласцю РФ, названы так па размешчаным на ім польскім горадзе
Сувалкі. Расійскія прапагандысты
згадваюць яго ў сувязі з тым, што гіпатэтычны захоп гэтай тэрыторыі злучыў бы
Калінінградскую вобласць і Беларусь, «адрэзаўшы» ад іншых краін NATO Літву,
Эстонію і Латвію.
Для дзейснай абароны Сувалкскага калідора неабходна
размясціць у Літве брыгады саюзнікаў па NATO, заявіў у чэрвені прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа на прэс-канферэнцыі
з удзелам генеральнага сакратара NATO Енса Столтэнберга.
14 ліпеня Мінабароны Беларусі пацвердзіла прыбыццё наймітаў ПВК Вагнера ў лагер у Магілёўскай вобласці. Ведамства апублікавала рэпартаж, у якім распавядаецца, што «вагнераўцы» пачалі навучаць тэрытарыяльныя войскі Беларусі ў лагеры пад Асіповічамі.
Каментуючы заяву
Картаполава, ваенны эксперт Томас Тайнер заявіў, што ў ПВК Вагнера няма ніякіх шанцаў у баявым
сутыкненні з падрыхтаванымі натаўскімі брыгадамі. На сваёй старонцы ў
сацыяльнай сетцы Twitter ён адзначыў, што расійская ПВК пратрымаецца блізу 4 хвілін супраць 16-й механізаванай
дывізіі Войска Польскага і баявой групы 2-й бранятанкавай брыгады войска ЗША,
3-й пяхотнай дывізіі; баявой групы 2-й бранятанкавай брыгады 1-й бранятанкавай
дывізіі і 3-й брыгады баявой авіяцыі 3-й пяхотнай дывізіі.
Дадамо, што
наратывы пра захоп пэўных тэрыторый еўрапейскіх краін альбо пра ядзерныя ўдары
па «цэнтрах прыняцця рашэнняў» з’яўляюцца ў вар’яцкіх ток-шоу на
расійскім ТБ рэгулярна. Уласна, такая рыторыка там — звычайная справа. Таму
ўсур'ёз успрымаць вербальныя інтервенцыі спадара Картаполава не варта — гэта тыповы
белы шум з тэлевізара.
Адметна, што дэпутат Дзярждумы пагражае ўзяць Сувалкскі карыдор сіламі «вагнераўцаў» за «лічаныя гадзіны». Стылістычна гэта вельмі падобна да ранейшых заяў пра заваяванне Кіева «за тры дні». Але, як бачым, вайна ідзе ўжо амаль паўтара года, Расія захапіла зусім мала ўкраінскіх тэрыторый, якія цяпер патроху аддае пад націскам контрнаступа УСУ.