Сёння герой, а заўтра — злачынец. Хто такі прапагандыст Аляксей Дзермант?

Сярод тых, хто абавязкова павінны апынуцца на лаве падсудных, мусяць быць не толькі чыноўнікі і сілавікі, але і прапагандысты: яны не ў меншай ступені адказныя за сённяшнія рэпрэсіі. «MediaIQ» расказвае пра аднаго з іх — вядоўцу з канала СТБ Аляксея Дзерманта.

Дзяржаўны прапагандыст Аляксей Дзермант. Фота: «БелТА»

Дзяржаўны прапагандыст Аляксей Дзермант. Фота: «БелТА»

«Media IQ» расказвае пра ключавыя фігуры ў беларускай прапагандзе, адна з ключавых фігур у якой — Аляксей Дзермант, які пазіцыянуе сябе як філосаф, публіцыст, палітычны аглядальнік. Перш за ўсё, цікава тое, як ён пачынаў сваю публічную дзейнасць і як пасля кардынальна змяніў свае погляды, пачаўшы абслугоўваць прапаганду.

Дзермант з'явіўся ў інфармацыйнай прасторы на пачатку 2000-х гадоў як актывіст неапаганскага руху і адзін з заснавальнікаў ультраправай (неанацысцкай) арганізацыі. Падрабязна пра гэта расказвала «Наша ніва».

Вучыўся ў Польшчы, выкладаў у ЕГУ, цікавіўся ідэямі еўрапейскіх «новых правых»

Сутнасць прапагандуемых Дзермантам на той час поглядаў была ў тым, што ён настойваў на балцкай прыродзе беларусаў, шырока выкарыстоўваў назву «Крывія» для абазначэння краіны. Займаў крытычную пазіцыю ў дачыненні да еўразійскага выбару для Беларусі, заяўляў пра тое, што Беларусь — краіна еўрапейская, а не еўразійская. У прыватнасці, на пытанне пра тэзіс аб «адзіным народзе» беларусаў, украінцаў і расійцаў ён сцвярджаў:

«Лічу, што гэта гістарыяграфічны міф, які мае, перш за ўсё, ідэалагічнае паходжанне і прызначэнне. Ні ў старажытнасці, ні ў сучаснасці такога народа з адзінай мовай, саманазвай і свядомасцю ніколі не існавала (...) Калі параўноўваць фізічнае аблічча беларусаў і расійцаў, як гэта робяць антраполагі, то, безумоўна, ёсць значныя адрозненні. Напрыклад, асноўная частка беларусаў з'яўляецца паўночнымі еўрапеоідамі і далучаецца да рэгіянальнага тыпу балтыйскай расы».


Глядзіце таксама

Дзермант вучыўся ў Польшчы па праграме падтрымкі маладых навукоўцаў — па стыпендыяльнай праграме польскага ўрада, затым некаторы час выкладаў у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце.

Мяняць свае погляды ён пачаў у 2010–х гадах: адмовіўся ад еўрапейскага выбару для Беларусі і выступаў ужо за інтэграцыю з Расіяй, стаў прыхільнікам «еўразійства».

Дзерманта сталі запрашаць для выступаў у дзяржмедыя Беларусі і Расіі, а асабліва папулярным як спікер ён стаў пасля 2020-га года — калі актыўна падтрымліваў у сваіх заявах Аляксандра Лукашэнку, інтэграцыю з Расіяй, а з 2022 года – і ваенную агрэсію супраць Украіны.

Сам ён так тлумачыў трансфармацыю свайго светапогляду:

Я назіраў за беларускім нацыяналізмам з боку, але некаторыя рэчы, якімі цікавіўся ў той час — этнаграфія, старажытная гісторыя, дахрысціянскія традыцыі, — дазвалялі мець зносіны з носьбітамі гэтай ідэалогіі і нават знаходзіць нешта агульнае. Затым паўстада цікавасць да ідэй еўрапейскіх "новых правых" — яны, дарэчы, вельмі адрозніваліся ад мясцовага нацыяналістычнага канону. "Новыя правыя" Заходняй Еўропы даволі пазітыўна глядзелі на досвед  імперый, выступалі за кантынентальны саюз Еўропы і Расіі і ў цэлым не былі заражаныя паталагічнай русафобіяй, у адрозненне ад усходнееўрапейскіх нацыяналістаў. Гэта было незвычайна і свежа».

Але ў нашым выпадку, перш за ўсё, важная дзейнасць Дзерманта як прапагандыста. Яму далі эфірны час для аўтарскай перадачы пасля актыўнай падтрымкі рэжыму ў 2020 годзе. Праграма «Смыслы», у якой прапагандыст «тлумачыць» палітычныя падзеі, якія адбываюцца, выходзіць на дзяржаўным тэлеканале СТБ, там жа Дзермант выступае ў аўтарскіх перадачах іншага прапагандыста — Рыгора Азаронка.

Тлумачыць, чаму Беларусь інтэгруецца не ў Еўропу, а ў Азію

«MediaIQ» сабрала апошнія найбольш характэрныя выказванні Дзерманта, у якіх ён прасоўвае тэзісы як беларускай, так і расійскай прапаганды, а таксама ўдзельнічае ў фармаванні ідэалогіі рэжыму Лукашэнкі.

Напрыклад, прапагандыст паўтарае Аляксандра Лукашэнку ў тым, што «свет непазбежна змяняецца» і таму «мы павінны быць не на задворках, а ў авангардзе гэтага новага свету»:

«Мы выдатна разумеем, што ўся гэтая калянасць і дысцыпліна ў заходнім блоку дасягаецца за кошт дамінавання і дыктату з боку ЗША. Ці хочам мы такую ж мадэль адносінаў? Думаю, што не. Мы павінны ствараць сваю, больш гнуткую і разнастайную. Але каб мець рэальную сілу і ўплыў, мала адных амбіцый, пад імі павінен быць базіс, а сёння гэта — перадавыя тэхналогіі, якія будуць вызначаць лёсы свету. І таму Аляксандр Лукашэнка прапануе цеснае супрацоўніцтва ў рамках ШАС».


Глядзіце таксама

Гэтую думку пра «еўразійства» Дзермант развіў у сваім тэлеграм-канале:

«У ШАС уваходзяць самыя розныя еўразійскія краіны. Хтосьці нават здзівіцца, а што там Беларусі рабіць, быццам бы еўрапейская краіна? Ды не ж — Беларусь там на сваім месцы, гэта Еўропа — усяго толькі паўвостраў вялікай Еўразіі, і мы можам знайсці шмат агульнага з самымі рознымі краінамі і народамі. Беларусь — гэта прыклад для тых еўрапейскіх краін, хто хацеў бы бачыць сябе не аддзеленымі ад суседзяў жалезнай заслонай, а разам з імі ў рамках вялікай еўразійскай сям'і».

Апраўдвае вайну Расіі, таталітарны лад і размяшчэнне ў Беларусі ядзернай зброі

А што тычыцца «новага свету», пра які нярэдка гаворыць Дзермант, то ў яго фармаванні «трэба з Расіяй удзельнічаць, а не быць проста пасіўным рэцыпіентам», сцвярджаў ён яшчэ ў траўні 2022 года. І ўжо тады заяўляў, што Беларусі неабходна «з дапамогай Расіі рабіць ракетную зброю, якую можа дабіць да Варшавы, а то і да Берліна».

Тут жа Дзермант выказваў адабрэнне імкненню рэжыму ўсталяваць у Беларусі таталітарны лад (не называючы яго такім):

«Цяпер важна ўнутры грамадства займацца ўласным развіццём, не расхістваць сітуацыю ў краіне, усе гэтыя намеры "пятай калоны" спыняць на корані. Усіх дыверсантаў, тэрарыстаў проста на корані спыняць і знішчаць дзесьці, калі трэба. Каб наша грамадства было маналітным, стабільным, упэўненым у сабе».


Глядзіце таксама

Таксама прапагандыст «патлумачыў» мэты вайны Расіі супраць Украіны тэзісамі крамлёўскай прапаганды:

«Нельга даць палякам, ніякім натаўцам там замацавацца, на захадзе Украіны. Але гэта шмат у чым залежыць ад сітуацыі на фронце. Мы за гэтым павінны ўважліва сачыць і на апярэджанне ў тым ліку працаваць, каб узмацняць свае межы. І, вядома, у грамадстве. Трэба людзям пастаянна тлумачыць, што адбываецца. Гэта не Расія там сама па сабе ўвайшла і творыць, як ёй там заманецца, ва Украіне. Не. Гэта была падрыхтаваная атака Украіны і NATO на Расію і на нас. Быў прэвентыўна гэты план скасаваны расійскімі дзеяннямі».

Усхваляе дзеянні Лукашэнкі і знаходзіць у іх «сімвалы»

У адным з нядаўніх выпускаў сваёй перадачы Дзермант апраўдваў ідэю размяшчэння ў Беларусі расійскай ядзернай зброі. Паводле яго, гэта «мера стрымлівання, асабліва Польшчы»:

«Для Польшчы наша Беларусь як костка ў горле, мы перашкаджаем ім рэалізаваць імперыялістычную мару аб адраджэнні Рэчы Паспалітай ад мора да мора. Менавіта праз гэта Польшча актыўна спрабавала садзейнічаць спробе дзяржаўнага перавароту ў нас у 2020 годзе. Менавіта таму яна цяпер так актыўная ва Украіне».

Практычна ў кожным выпуску сваёй перадачы Дзермант наўпрост ці ўскосна адсылае да заяў Лукашэнкі, ухваляе і ўсхваляе яго дзеянні, знаходзіць у іх «сімвалы»:

«Нездарма прэзідэнт на гадавіну чарнобыльскай трагедыі наведвае пацярпелыя ад яе тэрыторыі, якія, дарэчы, могуць быць падвойным сімвалам. Бо менавіта там, на Палессі, можна адшукаць найстаражытныя карані славян — іх прарадзіму. І менавіта гэтыя землі сталі сімвалам адраджэння пасля адной з самых страшных тэхнагенных катастроф у гісторыі чалавецтва».


Глядзіце таксама

«Але больш за ўсё ў кадрах размоў Аляксандра Лукашэнкі з мясцовымі жыхарамі дзівяць людзі, якія цэняць увагу прэзідэнта, дзякуюць яму і ў цэлым падтрымцы дзяржавы, просяць заставацца на чале краіны як мага даўжэй. Гэта сапраўды нешта вельмі старажытнае, глыбока славянскае. Прамыя, шчырыя зносіны лідара краіны з простымі людзьмі, магчымасць выказаць яму не толькі словы падзякі, але і заўвагі, скаргі — усё, што хвалюе звычайнага чалавека на зямлі. За гэта і цэняць Аляксандра Лукашэнку не толькі ў нас, але і ва ўсім свеце».

Па-ранейшаму адсылае да «каранёў і продкаў», але асцярожна

Дарэчы, тое, што адрознівае Дзерманта ад іншых прапагандыстаў, якія выпускаюць падобныя перадачы — Рыгора Азаронка і Яўгена Пуставога — ён не выкарыстоўвае для маніпуляцый хрысціянства і па-ранейшаму выказвае свае асаблівыя рэлігійныя погляды, але не адкрыта. Нагадаем, што ў маладосці Дзермант быў прыхільнікам неапаганства і ўдзельнічаў у антыхрысціянскіх рухах. А гэта ў беларускай ідэалогіі выключана: тут галоўную ролю ў духоўнай сферы адыгрывае праваслаўе.

Аднак і ў такой сітуацыі часам Дзермант спрабуе прасунуць свае погляды. У дадатак да папярэдніх яго цытат вось яшчэ адзін прыклад:

«Ад нас хочуць, каб мы выракліся сваіх каранёў, веры, здрадзілі братам і нашым продкам (...) Таму нам так патрэбныя цяпер духоўныя апоры, якія мы можам знайсці ў нашай гісторыі і культуры, у веры і памяці. Гэта важны дадатак да той зброі, якой  змагаюцца на полі бою».

Падобнымі выказваннямі-адсылкамі да «каранёў, продкаў» — гэта значыць, утоена да ідэй неапаганства — Дзермант таксама спрабуе ўплываць на фармаванне дзяржаўнай ідэалогіі, асцярожна супрацьпастаўляючы свае ідэі хрысціянскай духоўнасці.