У Расіі ўзарвалі аўто пісьменніка-«ватніка» Прылепіна. Што вядома

Каля горада Ніжні Ноўгарад у Расіі 6 траўня ўзарвалі аўтамабіль расійскага прапагандыста, пісьменніка, баевіка «ЛДНР» Захара Прылепіна. Аднаго з падазраваных у замаху нібыта ўжо затрымалі.

Захар Прылепін. Фота ruslit.ru

Захар Прылепін. Фота ruslit.ru

Як паведамляюць расійскія медыя і тэлеграм-каналы, Прылепін цяжка паранены, ён знаходзіцца ў цяжкім стане, верагодна, у яго зламаныя абедзве нагі.

Адзначаецца, што здарэнне адбылося прыкладна ў 10:40 раніцы ў раёне горада Бор Ніжагародскай вобласці. У выніку выбуху загінуў кіроўца аўтамабіля. Выбуховае прыстасаванне, імаверна, магло знаходзіцца пад дном Audi Q7.

«На месцы выбуху варонка глыбінёй паўтара метра. Аскепкі раскідала ў радыусе 30 метраў. Выбуховая прылада знаходзілася каля задняга сядзення «Аўдзі» публіцыста», — удакладняе тэлеграм-канал Mash.

Паводле звестак крыніц РБК, Прылепін вяртаўся ў Маскву з захопленых Расіяй тэрыторый Украіны.

«Сёння ён перасёк прапускны пункт на прыгранічнай тэрыторыі. Як мяркуецца, падазраваныя суправаджалі аўтамабіль Прылепіна. Вядома, што па дарозе ён спыняўся паесці ў Ніжагародскай вобласці. Адразу пасля таго, як ён працягнуў рух, адбыўся выбух», — паведамляе выданне.

Па даных Mash, выбуховае прыстасаванне было прыведзена ў дзеянне дыстанцыйна. «За Прылепіным сачылі і дачакаліся, калі ён высадзіць з машыны дачку. Пасля дэтанацыі аўто перакулілася», — піша ТГ-канал.

«У выніку замаху загінуў ахоўнік [ён жа кіроўка] — грамадзянін Украіны», — дадае Mash.

Загінулага кіроўцу Прылепіна звалі Аляксандр Шубін. Ён меў пазыўным Злы і быў байцом так званых луганскіх апалчэнцаў. Шубін у вынгіку выбуху загінуў на месцы.

27-гадовы ўраджэнец Луганска з 2014 года быў шараговым у батальёне Прылепіна. Адзначаецца, што яны разам з пісьменнікам адвозілі дачку Прылепіна ў Ніжні Ноўгарад. Паводле адной з версій, выбухоўка спрацавала, калі яны ўжо вярталіся з Ніжняга.

На інцыдэнт ужо адрэагавала афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ адыёзная Марыя Захарава. Яна ўсклала адказнасць за інцыдэнт на ЗША і Брытанію.

«Факт адбыўся: Вашынгтон з натаўцамі выкармілі яшчэ адну міжнародную тэрарыстычную ячэйку — кіеўскі рэжым. Бэн Ладэн, ІДІЛ, цяпер Зяленскі з галаварэзамі», — сказала Захарава.

Пазней стала вядома, што адказнасць за падрыў аўтамабіля Прылепіна ўзяў на сябе партызанскі рух «Атэш». Там заявілі, што палявалі за гэтым баевіком яшчэ з пачатку года.

«Захар Прылепін быў храновым пісьменнікам, дый як чалавек дрэнь. Ехаў на сваёй казырнай Audi Q7 да сваякоў у Ніжні Ноўгарад. Але ехаў не сам, а з сюрпрызам на дне аўтамабіля. Сюрпрыз спрацаваў. Захар у бальнічцы», — цытуе паведамленне unian.net.

Раней прыхільнікі руху «Атэш» ужо паведамлялі, што разаслалі больш за 5 тысяч СМС агентам і расійскім вайскоўцам з задачай ліквідаваць Прылепіна.

Тым часам расійскае МУС ужо адсправаздачылася аб затрыманні падазраванага ў выбуху аўтамабіля Прылепіна.

«У Ніжагародскай вобласці паліцэйскія па гарачых слядах затрымалі мужчыну, які можа быць датычны да падрыву аўтамабіля, у якім знаходзіўся Захар Прылепін», — цытуе заяву ведамства «Новая газета. Еўропа».

Прозвішча затрыманага не называецца.

Захар Прылепін вядомы як апантаны прыхільнік «рускага свету», Уладзіміра Пуціна і расійскай агрэсіі ва Украіне. Ён з 2014 года падтрымлівае акупацыйныя дзеянні РФ на ўкраінскай тэрыторыі.

Таксама Прылепін прымае непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях на баку баевікоў «ЛДНР» на Данбасе. Прылепін уключаны ў спіс асоб, якія пагражаюць нацбяспецы Украіны.

Пісьменнік неаднаразова апраўдваў злачынствы расійскага войска супраць украінцаў і выступаў з украінафобскімі заявамі. У красавіку 2022 года ён прыязджаў на захопленую Расіяй частку Херсонскай вобласці.