Фэйспалм расійскіх лібералаў. Навальністы скампраметавалі Венядзіктава, той у адказ зліў кампрамат на іх

Гісторыя, вельмі падобная на вядомы анекдот пра двух каўбояў, якія дарма наеліся лайна.

paris_tuileries_garden_facepalm_statue.jpg

Фота з вікіпедыі

7 сакавіка расійскі Фонд барацьбы з карупцыяй (ФБК) Аляксея Навальнага апублікаваў расследаванне пра людзей, якія атрымлівалі грошы ад праекта мэрыі Масквы «Мой раён». Некаторыя імёны здзівілі гледачоў: напрыклад, сярод атрымальнікаў бюджэтных грошай апынуліся Кірыл Ганчароў з маскоўскага аддзялення партыі «Яблоко», Аляксей Венядзіктаў і Ксенія Сабчак. Расследвальнікі звязалі захопленыя водгукі пра Маскву ад некаторых з іх менавіта з фінансавай падтрымкай ад мэрыі.

Ужо на наступны дзень адзін з герояў расследавання, Аляксей Венядзіктаў, у якасці своеасаблівага адказу апублікаваў у сваім тэлеграм-канале зварот з просьбай зняць санкцыі з кіраўніцтва «Альфа-Груп», сябра назіральнай рады якой Пётр Авен знаходзіцца ў спісе «распальшчыкаў вайны» каманды Навальнага. Як аказалася, гэты зварот падпісаў адзін з кіраўнікоў ФБК Леанід Волкаў. Пасля публікацыі Волкаў на час прыпыніў сваю працу з Фондам, заявіўшы, што сапраўды выступіў за зняцце санкцый супраць бізнесоўцаў, але без узгаднення з астатняй камандай.

«Новая газета. Еўропа» аднавіла храналогію нечуванай у цяперашні час вайны кампраматаў сярод лібералаў і больш падрабязна распавядае пра расследаванне ФБК і яго наступствы для людзей, якія яго выпусцілі.

«Раён Сабчак, Сіманьян і Венядзіктава»

Як заяўляюць члены Фонду барацьбы з карупцыяй, яны вывучылі больш за сто тысяч банкаўскіх транзакцый праграмы па добраўпарадкаванні Масквы «Мой раён» за тры гады, апублікаваўшы некаторыя з іх. Пры гэтым фонд не раскрыў крыніцу атрымання інфармацыі.

Расследавальнікі лічаць, што грошы, якія выдзяляюцца ў рамках гэтай праграмы асобным асобам, выкарыстоўваліся для піяру мэра Сяргея Сабяніна. Сярод тых, хто атрымліваў грошы праз «Мой раён», ёсць галоўны рэдактар прапагандысцкага RT Маргарыта Сіманьян і яе муж, тэлевядучы Тыгран Кеасаян, былы галоўны рэдактар «Эхо Москвы» і журналіст Аляксей Венядзіктаў, палітык Ксенія Сабчак, тэлеканал RTVI і намеснік старшыні маскоўскага аддзялення партыі «Яблоко» Кірыл Ганчароў.

У ФБК распавялі, напрыклад, што кампанія Ксеніі Сабчак «Джун энд Джулай» атрымала ад сталічнага дэпартамента заказ на даследаванне рынку моды за 20 мільёнаў расійскіх рублёў.

Журналісты звязваюць атрыманне Сабчак фінансавання ад мэрыі з яе станоўчымі выказваннямі аб палітыцы і ўладкаванні Масквы Сяргеем Сабяніным, а таксама аб арганізацыі ім жа мабілізацыі ў Маскве. Сама ж Ксенія ў адказ заявіла, што «калі ў Расіі ёсць хоць найменшы шанец неяк выкараскацца з гамону, то гэты шанец звязаны з такімі, як Сабянін. Ну, і яшчэ Мішусцін». Яна таксама не пагадзілася са знойдзенай ФБК сувяззю паміж атрыманнем ёю ганарараў і станоўчымі выказваннямі ў адрас мэра. «Раз я брала адкрытыя сумленныя кантракты, то з гэтага вынікае, што я няшчыра лічу, што Сабянін круты мэр? Не, я шчыра так лічу», — напісала Сабчак у сваім тэлеграм-канале.

У піяры мэра Сабяніна расследавальнікі абвінавацілі і тэлеканал RTVI: паводле іх падлікаў, тэлеканал атрымаў ад «Майго раёна» блізу 840 мільёнаў рублёў наўпрост, яшчэ 500 мільёнаў — праз фірмы-пасярэднікі, якія затым пераводзілі грошы пад выглядам аплаты рэкламы. На думку ФБК, пераведзеныя RTVI сумы — гэта больш за палову бюджэту канала.

Аляксей Венядзіктаў. Фота EPA

Аляксей Венядзіктаў. Фота EPA

Яшчэ адзін фігурант расследавання ФБК — Аляксей Венядзіктаў, былы галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы», якая была вымушаная спыніць працу ў сакавіку 2022 года паводле пастановы рады дырэктараў. Журналісты звярнулі ўвагу на станоўчыя выказванні Венядзіктава ў адрас мэра Масквы і звязалі іх з атрыманнем грошай ад мэрыі праз часопіс «Мой раён», які выходзіць як спецпраект гістарычнага часопіса «Дылетант», што выдаецца Венядзіктавым. Выпускі гэтага часопіса распаўсюджвалі бясплатна ў межах раёна або давалі пры куплі «Дылетанта». Паводле падлікаў ФБК, фірма Венядзіктава «Адукацыя — 21 стагоддзе» атрымала ад мэрыі каля 680,5 млн рублёў на выданне «Майго раёна».

Сам Аляксей Венядзіктаў не стаў аспрэчваць атрыманне грошай ад праекта сталічнага дэпартамента, але не пагадзіўся са зробленымі даследчыкамі высновамі. «Лічбы справядлівыя, высновы несправядлівыя, — тлумачыць ён. — [Атрыманне грошай] ніяк не звязана з маёй палітычнай пазіцыяй».

Яшчэ адзін атрымальнік грошай ад «Майго раёна» — намеснік старшыні маскоўскага аддзялення партыі «Яблоко» Кірыл Ганчароў. Паводле інфармацыі ФБК, у яго фонд абароны гарадскога асяроддзя «Среда» пералічылі каля 24 мільёнаў рублёў. Частку грошай Ганчароў пераводзіў свайму сябру Максіму Манолаву і былой дзяўчыне Кацярыне Цалон.

Кірыл Ганчароў адказаў на абвінавачванні ў асабістым тэлеграм-канале. Паводле яго слоў, выдзеленыя мэрыяй грошы выкарыстоўваліся добрасумленна: напрыклад, фонд «Среда» сабраў і адправіў на ўтылізацыю 250 тысяч батарэек, а таксама ўсталяваў па ўсёй Расіі кантэйнеры для іх збору.

Злашчасны ліст

На наступны дзень пасля выхаду расследавання ФБК адзін з яго фігурантаў — Аляксей Венядзіктаў — апублікаваў у сваім тэлеграм-канале спіс падпісантаў пад зваротам у адрас кіраўніка Еўракамісіі з просьбай зняць санкцыі з кіраўнікоў «Альфа-Груп» алігархаў Міхаіла Фрыдмана, Пятра Авена, Германа Хана і Аляксея Кузьмічова. Свае подпісы пад дакументам пакінулі сузаснавальніцы тэлеканала «Дождь» Наталля Сіндзеева і Вера Крычэўская, журналісты Леанід Парфёнаў і Сяргей Пархоменка, палітык Леанід Гозман, бізнесовец Яўген Чычваркін і — што чытачоў канала здзівіла больш за ўсё — адзін з кіраўнікоў ФБК Леанід Волкаў.

Скрын тэлеграм-канала Венядзіктава

Скрын тэлеграм-канала Венядзіктава

У красавіку 2022 года ФБК стварыў спіс «распальшчыкаў вайны», у якім апынулася больш за шэсць тысяч чалавек. Прадстаўнікі фонда сцвярджалі, што ўнесеныя ў гэты спіс людзі павінны апынуцца пад персанальнымі санкцыямі, у тым ліку з боку ЕС. Адным з людзей, які дагэтуль застаецца ў гэтым спісе, быў Пётр Авен.

Аляксей Венядзіктаў сцвярджае, што публікацыя гэтага калектыўнага звароту не звязаная з апублікаваным ФБК расследаваннем. «У мяне там шмат сяброў у ЕС, мне распавядаюць, што там адбываецца», — сказаў ён выданню «Новая газета. Еўропа».

— Я пачаў займацца гэтым яшчэ пасля таго, як спадар Волкаў заявіў Bloomberg пра тое, што ён выступае за зняцце санкцый з кіраўнікоў «Альфа-Груп», — адзначыў былы галоўны рэдактар «Эхо Москвы». — Натуральна, я спытаў у сваіх кантактаў у ЕС, ці вядома ім нешта з гэтай нагоды. Яны сказалі, што ў іх ёсць вось такі ліст. Ён не сакрэтны, ён адкрыты. У гэтым лісце мяне нічога не здзівіла, акрамя подпісу Волкава. Я рыхтаваў [публікацыю] да [выхаду расследавання], але мяне апярэдзілі, можа, як раз каб збіць з гэтай пазіцыі. Ліст у мяне з'явіўся толькі ўчора, але размовы [пра яго] я вёў даўно. У мяне яшчэ шмат чаго пакуль не з'явілася, але з'явіцца, напэўна.

Пасля публікацыі гэтага ліста ў абарону кіраўніцтва «Альфа-Груп» Леанід Волкаў у асабістым твітар-акаўнце заявіў, што ягоны подпіс туды «ўфоташоплены». «Як і навошта гэты ліст паўстаў у Венядзіктава ў такім выглядзе, я не ведаю», — дадаў ён.

9 сакавіка ў эфіры Breakfast Show іншы падпісант ліста, журналіст Сяргей Пархоменка, заявіў, што сапраўды пакінуў свой подпіс пад ім. «Я трошкі здзівіўся, убачыўшы гэты спіс, таму што я не ўяўляў сабе, што існуе нейкі спіс. Але не здзівіўся, убачыўшы сам тэкст ліста. Справа ў тым, што, можа, у канцы папярэдняга года мне патэлефанаваў адзін з кіраўнікоў «Альфа-груп» і папрасіў падпісаць тэкст, які неабходны ім для выкарыстання ў судзе. Ён даслаў мне тэкст, я яго прачытаў і падпісаў. Цяпер я ўпершыню ўбачыў гэты спіс, але даведаўся пра свой подпіс: ён адсканаваны з асобнай паперы, дзе я быў адзін, і перанесены ў агульны спіс», — так ён адказаў на пытанні журналіста Аляксандра Плюшчава.

«Новая газета. Еўропа» звязалася з яшчэ двума падпісантамі са спісу, якія таксама пацвердзілі яго сапраўднасць. Яны абодва сказалі, што яны былі ў курсе таго, што зварот будзе групавым.

«Так, я падпісваў [гэты ліст]. Адзінае, што я бачыў яго на рускай мове, потым яго перавялі на ангельскую, але ён цалкам адпавядае таму, што я падпісаў. Я падпісаў менавіта гэта, таму што я лічу, што гэта правільна, — кажа палітык Леанід Гозман. — Падчас размовы [з прадстаўніком «Альфа-Груп»] я спытаў, ці буду я там адзін, ці гэта будзе група. Мне сказалі: «Мы хочам, каб была група». Некаторыя імёны мне назвалі, я не ўсіх памятаю, але частка названых [людзей] знаходзіцца ў гэтым спісе зараз, а некаторых названых мне імёнаў у гэтым спісе няма. Мне не вядома, з якой прычыны — іх проста не апублікавалі або гэтыя людзі перадумалі падпісвацца».

Пра гэта ж распавёў і палітык і эканаміст Уладзіслаў Іназемцаў. «Я і іншыя падпісанты падпісвалі гэты зварот асобна, гэта значыць, быў распаўсюджаны адзін тэкст, ён быў падпісаны, аўтарызаваны і адпраўлены, пасля чаго некалькіх лістоў аднолькавага характару сабралі ў адзін ліст. Падпісанты, якіх [мне назвалі], супадалі практычна ўсе», — распавядае Іназемцаў. Аднак ні ён, ні Леанід Гозман не памятаюць, каб ім называлі Леаніда Волкава як аднаго з падпісантаў.

Леанід Волкаў. Фота РІА «Новости»

Леанід Волкаў. Фота РІА «Новости»

Прызнанне і адстаўка

«Калі Леанід Волкаў у такім выглядзе [ліст] не падпісваў, значыць, у нас толькі два варыянты: альбо гэты ліст падроблены, і тады неадкладна папярэдзіць Еўракамісію, альбо скарыстаемся метадам ФБК і зробім дапушчэнне, што хтосьці з арганізатараў прапаноўваў розным людзям падпісаць [ліст], яны пакідалі подпіс, і гэтыя лісты — можа быць, іх было некалькі з аднолькавым тэкстам, — затым былі зведзеныя ў адзін. Гэта цалкам законна, — разважае Аляксей Венядзіктаў, які апублікаваў зварот. — Я апублікаваў [гэты ліст], [падпісантам] няма чаго саромецца, калі яны сапраўды так лічаць. Але менавіта прозвішча Волкава выклікала такі рэзананс праз тое, што тры тыдні таму спадарыня Пеўчых, якая ўваходзіць разам з Волкавым у кіраўніцтва ФБК, заявіла ў інтэрв'ю, што спадар Фрыдман знаходзіцца не так ужо далёка ад Алішэра Усманава. Груба кажучы, іх пазіцыя ў тым, што ўсе яны павінны быць пад санкцыямі».

9 сакавіка Леанід Волкаў, нарэшце, адрэагаваў на апублікаваныя дакументы з яго подпісам. Ён заявіў, што падпісаў ліст у абарону кіраўніцтва «Альфа-Груп» без узгаднення з астатняй камандай ФБК, чым перавысіў свае паўнамоцтвы, таму ён «прыняў рашэнне ўзяць паўзу ў сваёй публічнай грамадска-палітычнай дзейнасці».

«Я падпісаў і адправіў у офіс Жазэпа Барэля наступны ліст. Гэты ліст быў вялікай палітычнай памылкай. Горш таго, зрабіўшы гэта, я перавысіў свае паўнамоцтвы — падпісаў яго не ў асабістай якасці, а ад імя арганізацыі. Калегаў я ў вядомасць не паставіў і тым самым іх падставіў», — заявіў Волкаў.