У Маскве па ТБ транслявалі паведамленне аб паветранай трывозе. Што адбываецца?

У тэлегледачоў у расійскай сталіцы сёння, 9 сакавіка, вяшчанне перапынілася ролікам аб ракетным удары. Было рэкамендавана прайсці ва ўкрыцці і выкарыстоўваць адгазнікі. Падобныя паведамленні прагучалі і ў Свярдлоўскай вобласці РФ. Улады заявілі пра ўзломе сервераў радыё і тэлебачання.

maskva_apavjaszczenne_pra_tryvohu2.jpg

Па тэлеканалах у Свярдлоўскай вобласці паказалі папярэджанне са словамі: «Усе неадкладна ва ўкрыцці!». Улады заявілі аб узломе тэлеэфіру.

«На тэрыторыі Свярдлоўскай вобласці ў выніку ўзлому сервераў радыёстанцый і тэлеканалаў у эфіры прагучала інфармацыя аб абвяшчэнні паветранай трывогі. ГУ МНС Расіі па рэгіёне паведамляе, што дадзеная інфармацыя з'яўляецца ілжывай, не адпавядае рэчаіснасці», — заявілі ў МНС.

Крыху пазней сігнал аб паветранай трывозе прагучаў у Маскве — гэта таксама адбылося з-за ўзлому сервераў радыё і ТБ, заявілі ў МНС. У гледачоў у Маскве вяшчанне перапынілася ролікам аб удары, рэкамендацыяй прайсці ва ўкрыцці і выкарыстоўваць адгазнікі, піша канал «Асцярожна, Масква».

«Усе неадкладна ва ўкрыцці!» — такое паведамленне з'явілася на экранах тэлевізараў (відэа публікуюць тэлеграм-каналы).

Гэта ўжо не першы выпадак у Расіі. Раней падобныя папярэджанні гучалі ў расійскіх рэгіёнах.

Так, 28 лютага рэгіянальныя радыёстанцыі і тэлеканалы перадалі апавяшчэнне аб паветранай трывозе. У іх эфірах загучалі абвесткі аб «ракетным удары» з заклікам неадкладна прайсці ў сховішча, на фоне гукаў сірэн. У МНС РФ тады заявілі, што гэта стала следствам узлому сістэм апавяшчэння хакерамі.Аналагічны інцыдэнт здарыўся і 22 лютага, калі жыхары многіх расійскіх рэгіёнаў пачулі па радыё апавяшчэнне пра ракетную атаку.


Нагадаем, як пісаў НЧ, сёння, 9 сакавіка, была абвешчана паветраная трывога па ўсёй Украіне — Расія здзейсніла чарговы маштабны ракетны ўдар. Расія падчас сённяшняй атакі выпусціла па Украіне 81 ракету і 8 дронаў-камікадзэ. Амаль палову з іх збілі ўкраінскія сілы СПА. 

Паводле ВВС, Медузы, сацсетак