ФБР затрымала падазраванага па справе аб зліве сакрэтных дакументаў Пентагона

Федэральная служба бяспекі ЗША абвясціла аб затрыманні падазраванага ва ўцечцы сакрэтных дакументаў Пентагона, паведамляе «Новая газета. Еўропа» са спасылкай на «The New York Times». Амерыканскі чыноўнік пацвердзіў выданню, што арыштаваны 21-гадовы лётчык Нацыянальнай гвардыі ВПС ЗША Джэк Тэйшэйра.

Джэк Тэйшэйра. Фота з сацсетак

Джэк Тэйшэйра. Фота з сацсетак

Агенты ФБР з вінтоўкамі прыбылі ў дом нацгвардзейца ў Дайтоне, штат Масачусэтс, паведамляе газета.

Пра тое, што да ўцечкі сакрэтных дакументаў можа быць датычны Тэйшэйра, раней паведамілі ў NYT. Па даных газеты, Тэйшэйра быў мадэратарам закрытага анлайн-чата «Thug Shaker Central», у якім знаходзіліся ад 20 да 30 чалавек, у асноўным маладыя людзі, якія цікавяцца мемамі, зброяй і відэагульнямі. Хоць суразмоўцы NYT не называлі яго па імені, газета ўстанавіла асобу гэтага чалавека па лічбавых слядах.

Адзін з падлеткаў, якія былі ў чаце, размясціў дакументы ў агульнадаступным анлайн-форуме, затым дакументы падхапілі рускамоўныя тэлеграм-каналы, распавядае выданне.

13 красавіка «The Washington Post» таксама паведаміла, што сакрэтныя дакументы Пентагона, якія ўтрымліваюць выведданыя ЗША і іншых краін, апублікаваў у закрытым чаце ў «Дыскардзе» малады чалавек, які называў сябе супрацоўнікам аднаго з вайсковых прадпрыемстваў ЗША. У гэтым чаце былі карыстальнікі з Расіі і Украіны.

Нагадаем, што ў злітых у сеціва даных Пентагона і амерыканскай выведкі змяшчалася шмат інсайдаў, датычных дзейнасці вышэйшых службовых асоб розных краін і падзей, якія адбываліся ў розных кутках свету.

Ёсць там згадка і пра Беларусь. Так, паводле злітых звестак, за арганізацыяй дыверсіі ў Мачулішчах нібыта стаіць Служба бяспекі Украіны. «ЗША пры дапамозе праслухоўвання высветлілі, што некаторыя супрацоўнікі СБУ без афіцыйнага загаду і ведама ўкраінскага кіраўніцтва ўдзельнічалі ў арганізацыі падрыву расійскага самалёта А-50 на беларускім аэрадроме ў Мачулішчах», — пісала пра гэта выданне «The Economist».

Адзначаецца, што зліты дакумент з гэтай інфармацыяй быў пазначаны грыфам «надзвычайна сакрэтна».

Украіна ў сакрэтных дакументах таксама згадвалася. Напрыклад, паведамлялася, што Кіеў нібыта мае вострую патрэбу ў боепрыпасах для сваіх СПА і што яе запасы апошніх супрацьпаветраных ракет будуць вычарпаны да траўня.

Апроч гэтага ў сеціва ўцяклі звесткі аб украінскіх і расійскіх ваенных стратах (забітымі) на момант канца 2022 года — да 17 500 украінскіх вайскоўцаў і да 43 000 расійскіх вайскоўцаў. І да 41 тысячы мірных жыхароў Украіны.

Плюс да ўсяго стала вядома, што на тэрыторыі краін НАТО праходзяць навучанне 12 украінскіх баявых груп колькасцю па 4-5 тысяч салдат кожная. 6 з іх скончылі навучанне яшчэ да 31 сакавіка, дадатковыя 3 будуць гатовы да пачатку траўня.

Таксама высветлілася верагодная прычына адмовы ЗША ад паставак Украіне наступальных ракетных комплексаў вялікай далёкасці — заключаецца яна ў агучаным на адным з украінскіх брыфінгаў плане ўдарыць па Растоўскай вобласці Расіі, чаго не хочуць у ЗША.

Зыходзячы з інфармацыі, якая з'явілася ў інтэрнэце, амерыканская выведка таксама выдатна дасведчана практычна аб кожным кроку вайсковага і палітычнага кіраўніцтва Расіі.

Інфармацыя ў выведданых з'яўлялася дзякуючы крыніцам у ГРУ, ФСБ, ПВК «Вагнер», расійскай вайсковай выведцы і інш. Менавіта таму ЗША загадзя папярэджвалі Украіну аб многіх расійскіх ваенных планах, а таксама забяспечвалі ўкраінцаў інфармацыяй аб будучых палітычных рашэннях кіраўніцтва Расіі.

Акрамя гэтага, дакументы паказалі, што яшчэ ў канцы верасня 2022 года Расія ледзь не збіла вайсковы самалёт Вялікабрытаніі недалёка ад Крыма, што магло справакаваць глабальны канфлікт з НАТА.

Расія ў сваім каментарыі аб амерыканскіх уцечках адзначыла, што будзе вывучаць гэтыя дакументы, хоць яны і могуць быць свядомай дэзынфармацыяй.