Дыктатарская кулінарыя

Адбыўся прарыў у такой незвычайнай сферы, як даследаванне ладу жыцця дыктатараў. У Англіі пабачыла свет кніга «Абеды дыктатараў: дрэнны густ, або Як забаўляць тыранаў».



pic106.jpg

Аўтары кнігі — Вікторыя Кларк (Victoria Clark) і Меліса Скот (Melissa Scott) намагаюцца даследаваць такое незвычайнае пытанне, як гастранамічныя густы дыктатараў. Праблема толькі на першы погляд падаецца несур’ёзнай. Як кажа папулярная народная прымаўка: «Мы — тое, што мы ядзім». Іншымі словамі, характар ежы вельмі часта ўплывае не толькі на фізічныя здольнасці, аднак таксама на псіхіку і энергетыку асобы.

І не толькі адной асобы. Часта дыктатары за кошт ежы марылі змяніць людскія масы. Напрыклад, Гітлер лічыў, што бабы — гэта сапраўдная арыйская ежа, якая дазваляе целу набыць арыйскую чысціню. Адсюль яго захапленне вегетарыянствам. Гітлер не любіў мяса, якое, як ён прызнаваўся Гебельсу ў 1942 годзе, пасля вайны будзе забароненае. Сам Гітлер, як вядома, яшчэ да вайны адмовіўся ад мясных страў плюс у дадатак наняў сабе доктара Тэадора Морэла (Theodore Morrell), які адказваў за яго вегетарыянскі рацыён. Бедны фюрэр не ведаў, што звязаўся з шарлатанам. Морэл, які распрацаваў для Гітлера спецыяльную дыету з 28 блюдаў, умудрыўся падсунуць кліенту нават фекаліі балгарскіх сялян.

Як прызнаюць аўтары, дыктатары, як правіла, баяцца, што могуць стаць ахвярамі атручвання. Таму першае патрабаванне да дыктатарскіх меню — адмоўны тэст на наяўнасць рознага кшталту хіміі. У якасці перастрахоўкі лідар камуністычнай Югаславіі Іосіф Броз Ціта, напрыклад, піў выключна праз трубачку, каб у арганізм не трапілі цвёрдыя рэчывы. А Чаўшэску ўключыў у сваю ахову спецыяльнага афіцэра-хіміка, які падчас паездак з дапамогай мабільнай лабараторыі аналізаваў прадукты, што дастаўлялі да стала дыктатара.

З улікам сказанага, не дзіўна, што ў штаце каманды, якая абслугоўвае дыктатараў, запатрабаваныя прадстаўнікі такой незвычайнай прафесіі, як дэгустатар. У таго ж Гітлера дэпартамент дэгустатараў налічваў ажно 15 асоб. Дэгустатары ўжывалі блюда, што было прыгатавана для кіраўніка Трэцяга рэйху, і пасля 45 хвілін чакалі, якая будзе рэакцыя арганізму. Калі ўсё было ў норме, блюда дазвалялася падаваць на стол фюрэра. Калі верыць аўтарам кнігі, за ўвесь час вайны гэты складаны рытуал ніколі не быў парушаны.

Захаваліся ўспаміны адной з жанчын, якая працавала дэгустатарам фюрэра: "Паміж 11.00 і 12:00 мы павінны былі паспытаць ежу... уся ежа была вегетарыянскай — самыя смачныя свежыя рэчы. Там не было мяса, і я не памятаю ні адной рыбы».

Аўтары кніжкі таксама сцвярджаюць, што прафесія дэгустатара толькі падаецца лёгкай. На самай справе, тыраны — такія ж людзі, як усе, і час ад часу хварэюць. Натуральна, адказнасць за недамаганне часта падае на дэгустатараў. Шмат хто з іх заканчваў жыццё ў турме. Дакладна вядомы факт, калі ў 1988 годзе Садам Хусейн забіў прыдворнага дэгустатара.

Некаторыя дыктатары былі ўпэўненыя, што атруту можа прынесці госць. Таму, напрыклад, Чаўшэску, калі меў нейкі сумесны ланч, заўсёды патрабаваў, каб госць абавязкова дзяліў з ім трапезу.

А вось у КНДР ежу разглядалі як эліксір маладосці. Пры паўночна-карэйскім дыктатары Кім Чэн Іры працаваў цэлы інстытут ежы. Вучоныя, што працавалі ў той установе, ламалі галаву над пытаннем, як з дапамогай ежы працягнуць тэрмін жыцця правадыра. Праўда, вынік аказаўся адваротны: "любімы кіраўнік" памёр даволі рана.

Асобная тэма — персанальныя забабоны дыктатараў у кулінарыі. Нягледзячы на амаль каралеўскі лад жыцця, часам яны надавалі перавагу вельмі дзіўным стравам. Напрыклад, Ціта амаль штодня патрабаваў, каб яму прыносілі на стол вялікі кавалак свінога сала. Далікатэсам у сям’і Чаўшэску лічылася курынае рагу. Прычым чамусьці па патрабаванні дыктатара трэба было абавязкова рабіць рагу з цэлай курыцы. У ход ішлі нават лапы і дзюба.

Напэўна, такія капрызы былі неяк звязаныя з біяграфіяй палітыкаў. Так, партугальскі дыктатар Антоніа Салазар вельмі паважаў сардзіны. Шматлікія сучаснікі ўзгадваюць, як, накідваючыся на талерку з сардзінамі, ён ахвотна распавядаў эпізод з яго беднага дзяцінства, калі неяк яму давялося падзяліцца адной сардзінкай з братам.

61ms6bjexzl_sy344_bo1_204_203_200_.jpg

А вось для Маа Цзэдуна ежа была сродкам зняць стрэс ад напружанай працы. Таму еў ён вельмі шмат. У выніку арганізм быў вымушаны перабудавацца на тое, каб хутка выводзіць прадукты спажывання. У адным з лістоў малады Маа прызнаваўся: «Я шмат ем, і з мяне шмат выходзіць». Неабходнасць шмат хадзіць у прыбіральню ледзь не каштавала Маа дыпламатычнага скандалу падчас яго візіту ў Маскву. Сталін вельмі падазрона глядзеў на рэгулярныя паходы свайго саюзніка ў клазет. У сваю чаргу, Маа быў вельмі незадаволены тым, што ў Крамлі няма звычайных сельскіх прыбіральняў а-ля шпакоўня.

Увогуле, праца дыктатара не вельмі пасуе страўнікава-кішачнай сістэме. У Мусаліні рэгулярна былі запоры. А Ціта вельмі часта ванітавала за сталом. Яму нават прыдумалі спецыяльную кішэню на рукаве, куды б ён мог вывяргаць змесціва свайго страўніка.

Натуральна, далей за ўсё ў палітызацыі ежы зайшоў самаабвешчаны імператар Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі Жан-Бедэль Бакаса. Ён ужываў у ежу апанентаў, як бы сімвалічна знішчаючы палітычную крамолу. Лічыцца, што на канібалізм пакутавалі таксама Ідзі Амін з Уганды і Францыска Нгуема з Экватарыяльнай Гвінеі.

На гэтым месцы кнігі аўтары адчуваюць сябе не вельмі ўтульна, паколькі ім давялося прыводзіць рэцэпты прыгатавання чалавека (захаваліся мемуары кухара Бакасы, які казаў, што фаршыраваў апазіцыянераў рысам). Таму напрыканцы кнігі Вікторыя і Меліса прапануюць чытачам лепш эксперыментаваць з грузінскім блюдам сацыві, якое вельмі любіў Сталін.