Хто спыніць Цыпраса?
Адным з наступстваў вынікаў рэферэндуму 6 ліпеня стала маргіналізацыя лагера апанентаў Алексіса Цыпраса. Хто з грэчаскіх палітыкаў мае шанс кінуць выклік лідару левага блоку «Syriza»?
У адным з нядаўніх з інтэрв’ю цяперашні прэм’ер Грэцыі распавёў пра тое, як вялікая палітыка ўплывае на атмасферу ў яго сям’і. Аказваецца, Перыстэра, грамадзянская жонка Алексіса, пагражае яго кінуць, калі той праявіць слабасць у барацьбе з сусветным капіталізмам.
Думаецца, ультыматум Перыстэры быў не апошняй прычынай для Цыпраса, каб 27 чэрвеня пайсці ва-банк. Крок для ўраду быў вельмі рызыкоўны, паколькі прыхільнасці грэкаў па згаданым пытанні спачатку былі падзеленыя пароўну. Аднак у выніку каля 60 працэнтаў элінаў усё ж падтрымалі пазіцыю ўраду, абраўшы у бюлетэнях опцыю «не». Такім чынам, Цыпрас не толькі ўзмацніў свае пазіцыі ў перамовах з Тройкай, але стаў культавай фігурай сярод левых усяго свету. Вынікі рэферэндуму таксама цалкам перафарматавалі грэчаскую палітычную сцэну, ператварыўшы правую апазіцыю ў статыстаў на фоне «непаслухмянага хлопчыка» (такую мянушку далі Цыпрасу ў еўрапейскай прэсе).
Крызіс апазіцыі праявіўся таксама ў сыходзе з палітыкі Антоніса Самараса, пра які ён абвясціў на наступны пасля плебісцыту дзень. Самарас — папярэдні прэм’ер Грэцыі, да рэферэндуму кіраваў найбольш буйной апазіцыйнай партыяй «Новая дэмакратыя» (ND), якая трымаецца правацэнтрысцкіх поглядаў. «Я разумею, што нашай партыі патрэбны свежы старт», — сказаў палітык у апошнім выступе ў статусе кіраўніка ND.
Сыход Самараса выглядае лагічным, паколькі стратэгія новых дэмакратаў будавалася менавіта на чаканні правалу кабінету Цыпраса. Усе даўно разумелі, што дэфолт Грэцыі непазбежны, паколькі выплаціць астранамічны доўг краіны ў 350 мільярдаў долараў — падобна на фантастыку. Паводле французскага «Le Monde», у апараце «Новай дэмакратыі» быў распрацаваны хітры план — ускласці ганаровую місію абвесціць дэфолт на Цыпраса, які, будучы сацыялістам, мусіў загнаць адносіны з крэдыторамі ў клінч на працягу некалькі месяцаў. Пасля абвяшчэння дэфолту «Новая дэмакратыя» чакала датэрміновых выбараў і вяртання ў складзе ўраду, над якім тэма пазыкі ўжо не мусіла вісець, нібы Дамоклавы меч.
Аднак Цыпрас за кошт рэферэндуму прымусіў кансерватараў як крытыкаў плебісцыту фактычна выступаць за далейшыя антысацыяльныя рэформы. Як следства, «Новая дэмакратыя» яшчэ больш замацавала свой імідж партыі старога палітычнага тыпу, асабліва ў вачах моладзі. Каб неяк пазбавіцца такой асацыяцыі, аднапартыйцы Самараса сёння выстаўляюць былога лідара як крайняга. «Часы Самараса закончыліся. Таму цяпер сыход ураду Цыпраса дакладна непазбежны», — кажа Евангелас Меймаракіс, які часова, да правядзення партыйнага з’езду, пастаўлены кіраваць «Новай дэмакратыяй».
Еўрапейская прэса, у сваю чаргу, піша, што партыю чакае фаза ўнутранай барацьбы за пасаду лідара. У якасці кандыдатаў называюць былога сталічнага мэра, яго малодшага брата, які паспеў папрацаваць міністрам сацыяльнай абароны, былога міністра абароны і г.д. У масе прэтэндэнтаў выдзяляюць фігуру Костаса Караманліса, пляменніка вельмі паважанага ў краіне прэм’ера Канстанціна Караманліса, які адбудоўваў у Грэцыі дэмакратыю пасля заканчэння дыктатуры чорных палкоўнікаў (1974). Праўда, як прызнае прэса, усе жадаючыя заняць крэсла Самараса так ці інакш нясуць адказнасць за тое, што краіна апынулася ў такім цяжкім фінансава-эканамічным стане. Прынамсі, Костаса Караманліса лічаць аўтарам ідэі падрабляць справаздачы па міжнародных крэдытах.
У гэтым плане значна цікавейшы лідар PASOK — сацыялістычнай партыі, якая разам з партыяй кансерватараў доўгі час па чарзе кіравала Грэцыяй. Практычна напярэдадні рэферэндуму сацыялісты ў рамках агульнага галасавання абралі сваім новым лідарам 48-гадовую Фаціні Генімата, якая не скампраметаваная ў аферах з крэдытамі. PASOK вуснамі Фаціні таксама крытыкавала Цыпраса за ідэю рэферэндуму, аднак рабіла акцэнт на тым, што Цыпрас маніпулюе выбаршчыкамі. На думку сацыялістаў, лепшым варыянтам у такой сітуацыі быў роспуск парламенту і новыя выбары.
Пры ўсей сімпатыі да новага лідара PASOK, эксперты асцярожна выказваюцца наконт яе будучыні. PASOK зараз яўна не ў лепшай форме. На студзеньскіх выбарах партыю падтрымалі толькі 4,6 працэнта прагаласаваўшых (для параўнання, у 2009-м за сацыялістаў аддалі галасы 42 працэнты выбаршчыкаў).
У парламенце таксама ёсць 17 цэнтрыстаў у выглядзе фракцыі ад партыі «To Potami», якія закідвалі Цыпрасу падчас парламенцкіх дэбатаў абвінавачанні ў еўрафобіі. Гэта маладая дынамічная партыя, якая, аднак, мае выразна папулісцкую прыроду. Фактычна, праект трымаецца на харызме яе заснавальніка, папулярнага шоўмена Стаўраса Тэадаракіса, які часам робіць супярэчлівыя і наіўныя для палітыка заявы. Напрыклад, ён заклікаў крэдытораў быць мілымі з грэкамі.
У Грэцыі таксама дзейнічаюць правыя партыі. Аднак, калі меркаваць па іх рэакцыі, Цыпрас, які выступае ў абарону суверэнітэту, у чымсьці нават сімпатычны. Часам яны крытыкуюць яго за тое, што прэм’ер не абвясціў пераход на драхму. Крытыкуюць за апартунізм і непаслядоўнасць Цыпраса і камуністы, якія патрабуюць ад ураду ледзь не абвяшчэння дыктатуры пралетарыяту.
Нягледзячы на відавочны крызісны стан грэчаскай апазіцыі, Алексіса Цыпраса наўрад ці чакае бясклопатнае жыццё. Грэцыя знаходзіцца ў такой турбулетнай сітуацыі, што новыя выклікі непазбежныя. Сацыяльныя супярэчнасці ў любым выпадку будуць даваць глебу для крытыкаў на адрас ураду. Пытанне толькі ў тым, ці будуць здольныя старыя партыі рэтрансляваць гэтыя настроі, або з’явяцца новыя апазіцыйныя полюсы. Гісторыя «Syriza», якая вырасла з нізавых ініцыятыў, сведчыць, што гэта цалка рэальна.
Між тым, у сеціве з’явіліся плёткі пра тое, што сярод грэчаскіх вайскоўцаў, дзе антылевыя ідэі традыцыйна вельмі папулярныя, шырыцца ідэя вайсковага перавароту. Называюць нават яго цэнтральную фігуру — экс-мінсітра абароны Франгаса Франгуліса, якога, дарэчы, у свой час адправілі ў адстаўку менавіта па падазрэнні ў арганізацыі перавароту.