Афіны накіравалі Еўрагрупе свой план рэформаў

Грэчаскі ўрад уклаўся ў тэрмін, накіраваўшы план рэформаў, неабходны для атрымання новай порцыі фінансавай дапамогі, кіраўніцтву Еўрагрупы познім вечарам, 9 ліпеня, паведамляе www.dw.com.



0_18522611_303_00.jpg

Урад Грэцыі накіраваў Еўрагрупе план рэформаў. Пра гэта ўвечары ў чацвер, 9 ліпеня, паведаміла грэчаская дзяржаўная тэлекампанія ERT1. Паводле яе даных, прапановы былі накіраваныя па электроннай пошце на адрас шэфа Еўрагрупы Ёруна Дэйселблума. Прадстаўнік кіраўніка Еўрагрупы ў сваім Twitter пацвердзіў атрыманне грэчаскіх прапаноў.

Паводле грэчаскіх СМІ, у пятніцу, 10 ліпеня, план рэформаў будзе абмяркоўваць парламент у Афінах. Пры гэтым, як сцвярджае агенцтва Reuters са спасылкай на ананімнага прадстаўніка ўрада краіны, парламентарыям трэба прагаласаваць двойчы. Перш за ўсё дэпутаты павінны даць ураду права на правядзенне перамоваў з крэдыторамі з нагоды прапанаванага Афінамі плана рэформ. Гэта галасаванне пройдзе ў пятніцу. Пазней, адзначае крыніца, парламентарыям трэба будзе зацвердзіць план першачарговых дзеянняў у рамках праграмы рэформаў. Калі адбудзецца гэта галасаванне, пакуль не вядома.

Грэцыя, якая знаходзіцца на мяжы дэфолту, падала заяўку аб прадастаўленні фінансавай дапамогі па лініі Еўрапейскага стабілізацыйнага механізму (ESM). Узамен на рэформы Афіны хацелі б атрымаць крэдыт у памеры 53,5 мільярда еўра тэрмінам на тры гады на пакрыццё існуючых даўгавых абавязацельстваў Грэцыі і забеспячэнне стабільнасці фінансавай сістэмы. Акрамя таго, грэчаскія ўлады просяць разгледзець магчымасць спісання часткі доўгу і разлічваюць на інвестыцыі ў аб'ёме 35 мільярдаў еўра. Каб атрымаць шанец на фінансавую дапамогу, Афіны павінны былі не пазней за 9 ліпеня прадаставіць дэталёвыя прапановы па вырашэнні пазыковага крызісу. Новая праграма Афін будзе разгледжана ў нядзелю на саміце ЕС.

Што канкрэтна прапануюць Афіны?

Агенцтва dpa адзначае, што накіраваны ў адрас Еўрагрупы пакет дакументаў па многіх пунктах ідэнтычны таму плане, які грамадзяне Грэцыі адкінулі на рэферэндуме. Да прыкладу, ваенныя выдаткі прапануецца знізіць, але не так значна, як таго хацелі крэдыторы.

Акрамя таго, у 13-старонкавым дакуменце гаворка ідзе аб пенсійнай рэформе. У прыватнасці, адзначаецца, што ў будучыні пенсіянеры павінны несці больш выдаткаў на сваё медыцынскае забеспячэнне, адзначае агенцтва AFP. А для таго, каб павялічыць прыбытковую частку бюджэту, прапануецца павялічыць падаткі на дабаўленую вартасць, на прыбытак, на раскошу і на марскія перавозкі. Грэцыя, у ліку іншага, таксама гатовая адмяніць да канца 2016 года падатковыя льготы для выспаў у Эгейскім моры. Урад таксама пагадзіўся прадаць астатнюю долю дзяржавы ў акцыях тэлекамунікацыйнай кампаніі ОТЕ. Акрамя таго, да кастрычніка ўлады абавязваюцца ўсталяваць тэрміны правядзення таргоў дзяржаўнымі акцыямі партоў Пірэй і Салонікі.