Атака дронаў на Маскву. Каго шукалі беспілотнікі?
Мэр расійскай сталіцы Сяргей Сабянін заявіў пра атаку дронаў. У сталіцы Расійскай Федэрацыі раніцай 30 траўня прагрымелі выбухі, у Маскве спрацавала сістэма СПА, пацярпелі шматпавярховікі.
Паведамленні аб выбухах і меркаванай працы СПА прыходзілі з Адзінцова, Барвіхі, Краснагорска і іншых месцаў, размешчаных у непасрэднай блізкасці ад Масквы. У Маскве відавочцы паведамілі пра траплянне дронаў па трох адрасах на Ленінскім праспекце і Прафсаюзнай вуліцы, а таксама на Атласнай вуліцы ў Новай Маскве, гэта значыць за межамі МКАДа.
Адзначаецца, што дроны збівалі і ў Падмаскоўі. Два беспілотнікі былі збіты ў Істрынскім раёне Падмаскоўя з розніцай у паўгадзіны. Ляцелі яны з боку элітнага пасёлка Бенілюкс у бок Краснагорска на вышыні 30-40 метраў.
Мінабароны Расіі заявіла, што Кіевам была распачата «тэрарыстычная атака» беспілотнымі лятальнымі апаратамі «па аб'ектах у горадзе Маскве». Аднак, апроч называння «вінаватага», паведамленне МА Расіі цалкам супярэчлівае. З аднаго боку, вядзецца гаворка пра тое, што ў атацы было задзейнічана восем дронаў самалётнага тыпу і «ўсе беспілотнікі праціўніка паразілі». А з іншага, у той жа зводцы кажацца, што тры дроны не былі збіты, а толькі «затрыманы сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, страцілі кіраванне і адхіліліся ад намечаных мэт».
Тэлеграм-канал «Можам патлумачыць» супаставіў месцы збіцця беспілотнікаў і на падставе гэтага супастаўлення дапускае, што атака дронаў была псіхалагічнай аперацыяй. Прычым скіраванай найперш на атачэнне расійскага кіраўніка Уладзіміра Пуціна. У эпіцэнтры атакі дронаў аказаліся прэстыжныя паўднёва-заходнія мікрараёны Масквы, дзе знаходзяцца маёнткі пуцінскай эліты, а ў Падмаскоўі — Рублёўская шаша і яе ваколіцы, дзе жывуць набліжаныя да Пуціна алігархі і чыноўнікі.
Адзін з дронаў упаў у пасёлку Ільінскае — усяго за тры кіламетры ад рэзідэнцыі прэзідэнта Пуціна ў Нова-Агарове.
У пасёлку Знаменскае — маёнтак у пуцінскага сябра Генадзя Цімчанкі. Па суседстве — рэзідэнцыя прэм'ера Міхаіла Мішусціна «Горкі-9» і дом экс-зяця прэзідэнта Кірыла Шамалава. Побач жывуць бацька губернатара Падмаскоўя, сенатар Юрый Вараб'ёў і міністр абароны Сяргей Шайгу.
Побач з вёскай Жукаўка ў КП «Ільінскае поле» стаяць адзін насупраць аднаго асабнякі найбліжэйшых сяброў Пуціна, братоў Аркадзя і Барыса Ратэнбергаў. А па суседстве дом палюбоўніцы Шайгу Алены Шабуновай. У пасёлку «Ландшафт» — дом у Сяргея Кірыенкі. У Барвісе дом у Ігара Сечына. Былой дачай Мікаяна валодае кіраўнік Расгвардыі Віктар Золатаў.
У Архангельскім — дом у кіраўніка Канстытуцыйнага суда Валерыя Зоркіна, які на днях прынёс Пуціну карту Еўропы з «адсутнай» там Украінай (якая потым аказалася прысутнай).
У Раздорах (куды даляцеў яшчэ адзін дрон) жыве палюбоўніца кіраўніка ВТБ Наіля Аскер-Задэ, намеснік міністра абароны Руслан Цалікаў, цешча Чэмезава — Людміла Рукавішнікава.
Дрон накіроўваўся ў пасёлак Уласіха. Там — цэнтральны камандны пункт Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння.