Асама Бен Ладэн. Таіп Эрдаган. Юрген Эльзасер
Асама Бен Ладэн Тэрарыст нумар адзін атрымаў сімвалічную перамогу над Захадам. У Парыжы пачаўся працэс над Хрысціянам Ганчанскім, былым заўзятым каталіком, які перайшоў у іслам і нават прыняў удзел у падрыхтоўцы тэракту Аль-Каіды ў Алжыры, у выніку якога загінуў 21 чалавек. Польшча, асабліва каталіцкая частка, у шоку. Як такое магло здарыцца? Ганчанскі, якому зараз 44 гады, нарадзіўся на поўдні краіны і атрымаў добрую каталіцкую адукацыю.
Асама Бен Ладэн
Тэрарыст нумар адзін атрымаў сімвалічную перамогу над Захадам. У Парыжы пачаўся працэс над Хрысціянам Ганчанскім, былым заўзятым каталіком, які перайшоў у іслам і нават прыняў удзел у падрыхтоўцы тэракту Аль-Каіды ў Алжыры, у выніку якога загінуў 21 чалавек. Польшча, асабліва каталіцкая частка, у шоку. Як такое магло здарыцца? Ганчанскі, якому зараз 44 гады, нарадзіўся на поўдні краіны і атрымаў добрую каталіцкую адукацыю.
Суседзі і родзічы, якія, праўда, цяпер адмаўляюцца публічна прызнаваць сябе роднымі Хрысціяна, кажуць, што ён не прапускаў ніводнай імшы ў мясцовым касцёле. Яго трансфармацыя ў ісламіста
пачалася ў нямецкім Дуйсбургу, дзе ён вучыўся на металурга. Кантакты з мясцовая камунай мусульман закончыліся шлюбам з жанчынай арабскага паходжання. У 1986 годзе Ганчанскі прыняў іслам і абраў сабе
новае імя — Ібрагім. Аднак гэтага яму было мала. Хрысціян-Ібрагім паехаў у Саудаўскую Аравію, каб устанавіць сувязь з чачэнскім супрацівам. Да Чачні ён, аднак, так і не дабраўся, затое
аказаўся ў Пакістане, дзе стаў асабістым павераным Асамы (лічаць, што ён выконваў функцыі кур’ера па пастаўках правадыру тэрарыстаў лекаў). З часам яму даверылі больш важныя аперацыі,
кшталту арганізацыя тэракту ў Алжыры. Аднак пазбегнуць пакарання Ганчанскаму не ўдалося: хутка яго злавілі ў парыжскім аэрапорце. Нягледзячы на арышт Ганчанскага, афіцыйная Варшава занепакоена гэтым
выпадкам. Як прызнаў афіцэр польскай разведкі, Ганчанскі — не вычварэнец-адзіночка. У Польшчы ёсць яшчэ палякі, якія прынялі іслам і з’яўляюцца тайнымі агентамі Бен Ладэна.
Таіп Эрдаган
Прэм’ер-міністр Турцыі, лідэр ісламісцкай Партыі Справядлівасці парушыў адно з галоўных табу турэцкіх палітыкаў. Ён не толькі прызнаў існаванне курдскага этнасу, аднак і дазволіў стварэнне
першага курдскага каналу тэлебачання. З самага пачатку заснавання Турцыі курды лічыліся часткай турэцкай нацыі, а іх мова — так званым горным турэцкім дыялектам. Адукацыя на курдскай мове
была забароненая. Нават публічныя выступы на ёй пасля перавароту мелі наступствам крымінальную адказнасць. Два гады таму ўлады ўпершыню дазволілі класы з курдскай мовай навучання і трансляцыі на
курдскай мове ў рамках дзяржаўнага радыё. І вось цяпер чарговы прарыў — асобны курдскі канал тэлебачання. Праўда, самі курдскія актывісты вельмі скептычна ставяцца да ініцыятывы ўраду. На іх
думку, новы тэлеканал будзе займацца выключна дзяржаўнай прапагандай. Пра рэальнае паляпшэнне сітуацыі казаць цяжка (напрыклад, нават у гарадах з высокім працэнтам курдскага насельніцтва падчас
муніцыпальных выбараў забараняецца агітаваць на курдскай мове). Спецыялісты пагаджаюцца з такімі ацэнкамі. Анкара так ці інакш была вымушаная нешта рабіць у гэтай галіне, каб адцягнуць увагу курдскай
аўдыторыі ад двух спадарожнікавых каналаў, якія вяшчаюць з Даніі і Швецыі. Абодва фінансуюцца Курдскай працоўнай партыяй, якая выступае за стварэнне самастойнай курдскай дзяржавы. Акрамя таго хутка
адбудуцца камунальныя выбары, і партыя Эрдагана павінна думаць пра тое, як заваяваць электарат курдскіх правінцый.
Юрген Эльзасер
Вядомы ў Германіі журналіст левых поглядаў, супрацоўнік газеты «Neue Deutschland» (выданне, блізкае да партыі былых усходненямецкіх камуністаў) — адзін з самых вядомых змагароў з антысемітызмам — нечакана для ўсіх радыкальна змяніў погляды і абвясціў пра стварэнне групоўкі “Народны фронт супраць фінансавага капіталу. Гэты самы фінансавы капітал, па словах Юргена, прадстаўлены выключна банкірамі яўрэйскага і англа-амерыканскага паходжання. Гэта яны сёння быццам свядома вядуць атаку на нямецкую эканоміку, развязаўшы ў краіне эканамічны крызіс. Па Юргену, змагацца з праклятымі супастатамі можна адзіным сродкам — стварыць моцную нацыянальную дзяржаву, якая нацыяналізуе ўвесь фінансавы сектар. Каб дасягнуць мэты, усе немцы павінны аб’яднацца ў адзіны Народны фронт. Нягледзячы на тое, што аўтар праекту адмаўляецца афіцыйна супрацоўнічаць з неанацыстамі, апошнія ўспрынялі навіну аб заснаванні Фронту на ўра. Кіраўніцтва самай буйнай у краіне праварадыкальнай партыі Нацыянал-дэмакраты бачыць у ініцыятыве Эльзасера спробу пераадолець дуалізм правых і левых, а берлінская секцыя партыі ўжо прапанавала Юргену падтрымку. Адначасова рэдактар «Neuen Deutschland» ужо звольніў былога супрацоўніка. Хутчэй за ўсё, ініцыятыва Юргена моцна не паўплывае на палітыку ў ФРГ, аднак сам па сабе гэты ўчынак заслугоўвае ўвагі як праява тэндэнцыі. Некалькі гадоў таму аб сваіх перакананнях нечакана заявіў іншы культавы нямецкі лявак — Хорст Малер. Ён (былы баявік левай радыкальнай тэрарыстычнай групоўкі Фракцыя Чырвонай Арміі) пасля амністыі стаў нацыянал-дэмакратам і некалькі разоў быў асуджаны за публічную дэманстрацыю забароненых у краіне фашысцкіх сімвалаў і жэстаў.