Аргенціна. Францыя. Германія. Венесуэла

  Аргенціна. Аўтапрабегам па эколагах і індзейцах

Аргенціна. Аўтапрабегам па эколагах і індзейцах


Эколагі і індзейцы Патагоніі спрабуюць, нават рызыкуючы сваім жыццём (пікеты на дарогах), прыпыніць рух сусветнага вядомага аўтамабільнага ралі Парыж — Дакар, якое ў гэтым годзе праводзіцца ў Паўднёвай Амерыцы па маршруту з Чылі ў Буэнас-Айрэс. На думку навукоўцаў, якія пратэстуюць, такая колькасць машын (у ралі акрамя гоначных аўто і матацыклаў бяруць удзел грузавікі) можа парушыць унікальную экасістэму Патагоніі. Што да індзейцаў, то, па іх словах, аўтамабільная маса выклікае ў іх памяці негатыўныя фрагменты захопу Патагоніі аргенцінскімі войскамі, якія акупавалі гэты рэгіён напрыканцы ХІХ стагоддзя. Цікава, што да акцый далучыліся і аргенцінскія нацыяналісты, якія ў настойлівых спробах ураду атрымаць права на правядзенне ралі ўбачылі праявы “прастытуцыі і “еўрафіліі.
Францыя. Хто вінаваты ў класавай вайне?
Францыя гучна святкуе 200-ю гадавіну нараджэння свайго славутага земляка П’ера Прудона, якога ў СССР за яго вядомую фразу: “Маёмасць — гэта крадзеж запісалі ў фанатычныя анархісты. П’ер Прудон сапраўды называў сябе анархістам, што не замінала яму быць дэпутатам парламента, а ў часы дыктатуры Банапарта Трэцяга апынуцца ў турме за прапаганду ідэі рэспублікі. А яшчэ Прудон праславіўся як аўтар канцэпцыі і заснавальнік “Народнага банку, які лічыцца першым кааператыўным банкам у гісторыі. Нарэшце, палемізуючы з Прудонам, які выступаў за саюз сярэдняга класу і пралетарыяту, Карл Маркс упершыню ўжыў выраз “класавая вайна. Да юбілею Прудона вядучыя выдавецтвы краіны перавыдалі шэраг яго прац, а самыя апантаныя яго прыхільнікі заклікаюць урад выкарыстоўваць ідэі “Народнага банку Прудона для барацьбы з банкаўскім крызісам.
Германія. Каму выгадны крызіс?
Вынікі выбараў у парламент зямлі Гесен, якія мелі месца 18 студзеня, паставілі ў тупік шматлікіх гісторыкаў і палітолагаў. Яны парушылі аксіёму, згодна якой у час крызісаў — а менавіта ў такім стане знаходзіцца гаспадарка Германіі — выбаршчыкі галасуюць за левых. Але не зараз. Галоўным пераможцам галасавання ў Гесене аказаліся якраз правыя. Хрысціянскі дэмакратычны саюз Ангелы Меркель набраў 37 працэнтаў. Іх галоўныя левыя канкурэнты, сацыял-дэмакраты, атрымалі толькі 23 працэнты (на 13 пунктаў ніжэй, чым на папярэдніх выбарах). Яшчэ адна правая партыя — Вольныя дэмакраты — палепшыла свае пазіцыі аж на сем працэнтаў. У лібералаў — 16 працэнтаў. Крах эсдэкаў яшчэ можна патлумачыць унутраным крызісам, у якім партыя знаходзіцца з часоў Шродэра — аўтара непапулярных ліберальных рэформаў. Аднак і другая левая партыя таксама выступіла вельмі сціпла, нягледзячы на вельмі радыкальную праграму — нацыяналізацыі банкаў і г. д. Левыя ледзь набралі пяць працэнтаў, патрэбных для ўваходу ў парламент. На думку і кансерватараў і лібералаў, выбары ў зямлі Гесен сталі рэпетыцыяй прызначаных на восень выбараў у Бундэстаг.
Венесуэла. Сталіца таксама будуе сацыялізм
Гэтымі днямі сталіца Каракаса ператварылася ў поле надзвычайнай актыўнасці радыкальных прыхільнікаў Чавеса. Малавядомая група “Народны рэвалюцыйны супраціў (Resistencia Popular Revolucionaria) атакуе дамы і кватэры вядомых апазіцыянераў фарбавымі бомбамі, размалёўвае іх будынкі графіці і г.д. Дасталося таксама офісу апазіцыйнага тэлебачання і пасольству Ватыкана. Хуліганы (прыблізна каля трох тысяч) пры гэтым нават не хаваюцца: яны разбілі лагер на цэнтральнай плошчы Балівара, адкуль робяць свае вылазкі. Мэта — муніцыпалітэт сталіцы, жыхары якой нядаўна абралі мэрам сябра апазіцыйнай партыі, што, на думку радыкалаў з Народнага рэвалюцыйнага супраціву, тармозіць праграму будаўніцтва сацыялізму, за які змагаецца ўся краіна. Па меркаванні экспертаў, лозунг пра адрыў сталіцы ад тэмпаў будаўніцтва сацыялізму — хлусня. Справа ў іншым: зараз Чавес рыхтуе новы рэферэндум, які б мог даць яму магчымасць абірацца на пасаду прэзідэнта неабмежаваную колькасць разоў (пакуль, паводле заканадаўства, адзін і той жа грамадзянін Венесуэлы можа займаць вышэйшую пасаду не больш за два тэрміны), і шляхам фарбавага тэрору ён імкнецца запалохаць апазіцыю.