ABC News: Трампу будзе рэкамэндавана прадаваць зброю Украіне
Савет нацыянальнай бяспекі (СНБ) ЗША будзе рэкамэндаваць прэзідэнту краіны Дональду Трампу прадаставіць Украіне фінансаванне для набыцця амерыканскай зброі. Гэта мусіць умацаваць абароназдольнасць краіны перад расійскай агрэсіяй, паведамляе Радыё Свабода.
Пра гэта паведаміў у суботу амэрыканскі тэлеканал ABC са спасылкай на крыніцу ў Дзяржаўным дэпартамэнце. Рашэнне выдзяліць Кіеву 47 мільёнаў даляраў у выглядзе бязвыплатнага крэдыту было прынятае бліжэйшымі памочнікамі Трампа з СНБ ў мінулы аўторак. Гаворка ідзе аб продажы Украіне сучаснага супрацьтанкавага ракетнага комплексу тыпу «Джавэлін». Пастаўкі зброі павінны быць завізаваная прэзідэнтам і Кангрэсам.
У мінулым месяцы ўкраінскія заканадаўцы выказалі задавальненне «паскораным» паляпшэннем двухбаковых стасункаў з Вашынгтонам. Міністар абароны ЗША Джэймс Маціс, будучы ў жніўні ва Украіне, абяцаў зноўку паглядзець на перспэктывы ваеннай дапамогі Кіеву ў выглядзе смяротнай зброі абарончага прызначэння.
Агульная сума амерыканскіх ваенных паставак Украіне за апошнія некалькі гадоў склала амаль 750 мільёнаў даляраў.
Паводле svaboda.org