Топ-10 фільмаў Біла Мюрэя: да 75-годзьдзя актора

Сёньня цудоўнаму актору споўнілася 75 гадоў. У юбілей Біла Мюрэя мы склалі аўтарскі сьпіс з дзесяці лепшых фільмаў майстра. Гэта чалавек, які здольны развесяліць, натхніць і адвесьці ў мэлянхалічны стан адначасова. Прыемнага прагляду!

Біл Мюрэй

Біл Мюрэй

Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.

Нумар 10. Зомбілэнд (Zombieland). 2009

zombieland_1.jpg

Як вынікае з назвы, шмат ад стужкі не варта чакаць, але яна мае і свае плюсы, каб быць у стане заняць адзін з вашых вечароў. Фільмы пра зомбі, як вядома, рэжка адрозьніваюцца адзін ад аднаго. Але тут сярод акторскага ансамблю Вудзі Харэльсан, Эма Стоўн, Біл Мюрэй – і засумаваць не прыйдзецца нават снобам.

Гэта змрочная камедыя, якая напоўненая зомбі па самую шыю. Галоўныя героі спрабуюць справіцца з навалай і робяць гэта вельмі сьмешна. Стужка можа пазабавіць вас. А на заўтра вы яе забудзеце.

Нумар 9. Каралеўства Поўні (Moonrise Kingdom). 2012

moonrise_kingdom.jpg

Стужка Ўэса Андэрсана зьяўляецца мілай одай юнацкаму каханьню, але ў гісторыі пра дзяцей-уцекачоў і выспы, ахопленыя штормам, знаходзіцца месца і для адной з самых ціхіх і кранальных роляў Біла Мюрэя. У ролі няшчаснага ў шлюбе бацькі юнай дзяўчыны, Мюрэй грае чалавека, які кінуўся на волю лёсу ў свой складаны перыяд уласнай разгубленасьці. Тое, што часта называюць крызісам сярэдняга ўзросту.

У кінасьвеце Андэрсана, дзе дзеці здаюцца больш упэўненымі ў сабе, чым дарослыя, герой Мюрэя ўвасабляе далікатнасьць і крохкасьць дарослых, якія страцілі свой компас жыцьця.

Нумар 8. Паляўнічыя за прывідамі 2 (Ghostbusters II). 1987

ghostbusters_ii.jpg

Другая частка фэнаменальнай камедыі 1984 года (зь якой вы сустрэнецеся ніжэй). «Паляўнічыя за прывідамі 2» застаецца адным з тых фільмаў, якія назаўжды засталіся ў цені папярэдніка. Тым не менш, у гэтай нэонава-сьлізкай вясёлай дурноце маецца майстэрская гульня Біла Мюрэя, якая робіць працяг вартым таго, каб абавязкова паглядзець

Галоўны герой больш фліртуе або жартуе, чым сур'ёзна трымае ў руках навуковае абсталяваньне для пошуку прывідаў. Будзем шчырымі, без яго ўдзелу фільм мог бы адчувацца як замагільнае жыцьцё, якое лепш не дасьледаваць.

Нумар 7. Тутсі (Tootsie). 1982

tootsie_1.jpg

Выдатны абразец ня глупай камедыі, у якой герой Дасьціна Хофмана, актор, вымушаны зьмяніць сваё сцэнічнае (ды і жыцьцёвае) ўвасабленьне з мужчыны ў жанчыну, каб проста атрымаць працу.

Сапраўднасьць вобраза кабеты, створанай Хофманам, прымушае на імгненьне забыць, што пад парыком і макіяжам насамрэч знаходзіцца адзін з самых таленавітых актораў пакаленьня.

Маладыя Біл Мюрэй і Джэсіка Лэнг дапаўняюць чароўны акторскі ансамбль фільма. Сама стужка спрабуе зьвярнуць увагу на праблемы і перавагі жаночага полу. Тое, з чым носяцца сёньня, было актуальным і нашмат раней. У «Тутсі» гледачы сутыкнуцца з праявамі, калі правы жанчыны становяцца яе сродкам маніпуляцыі.

Нумар 6. Цяжкасьці перакладу (Lost in Translation). 2003

lost_in_translation_4.webp

Сафія Копала, дачка тытана кіно Фрэнсіса Форда Копалы, асоба самадастатковая. Яна так і не стала ў першыя шэрагі творцаў, але асобныя працы Сафіі – бліскучы прыклад майстэрства. Менавіта такім прыкладам зьяўляецца стужка з Білам Мюрэем і Скарлет Ёхансэн у галоўных ролях.

Гісторыя заснаваная на малаверагоднай сувязі паміж дзьвюма страчанымі душамі: састарэлым амэрыканскім акторам, якога Біл Мюрэй паказвае з фірмовай мэлянхоліяй, і маладой жанчынай, якая проста плыве па ўласным жыцьці.

Дзеяньне адбываецца ў шматмільённым Токіа, дзе на безьліч людзей існуе прорва самотных.

Нумар 5. Эд Вуд (Ed Wood). 1994

ed_wood_1.jpg

Сумесная праца вялікага тандэму Ціма Бёртана і Джоні Дэпа. Стужка зьяўляецца сьведчаньнем падарожжа чалавека, якога не хвалююць няспынныя няўдачы. Джоні Дэп выконвае ролю Эдварда Д. Вуда-малодшага, якога называюць «горшым рэжысэрам усіх часоў».

Але гэта фільм далёкі ад змрочнасьці, якой можна было б чакаць у гісторыі, пазначанай пастаяннымі паразамі. Гэта прыгожая даніна павагі нязломнаму чалавечаму духу.

Джоні Дэп паказвае вобраз эксцэнтрычнага рэжысэра, напоўненага фенаменальным аптымізмам. Сярод моцных бакоў стужкі варта адзначыць і бліскучыя сумесныя сцэны Джоні Дэпа з Марцінам Ландаў, які грае ролю другаснага вугорскага актора, што спецыялізуецца на фільмах жахаў 30-х гадоў. Разам яны ствараюць дуэт адданага сяброўства, якое праходзіць праз безьліч правалаў іх сумесных стужак. Біл Мюрэй мае не ў фільме не галоўную, але цікавую ролю.

Цудоўная стужка, каб ахінуцца ў нечаканы бок «Залатога веку Галівуда».

Нумар 4. Кава і цыгарэты (Coffee and Cigarettes). 2003

coffee_and_cigarettes.jpg

Стужка Джыма Джармуша зьяўляецца склеенай з фрагментаў размоваў, серыі чорна-белых частак, у якіх персанажы размаўляюць, паляць і п'юць каву. Гэта сваеасаблівая кінематаграфічная мазаіка бязьдзейнасьці, якая раскрываецца ў адступленьнях ад няіснага сюжэту. Біл Мюрэй зьяўляецца, бадай, у самым запамінальным сэгменце «Дэлірыюм», граючы самога сябе.

Ён апынуўся ў няёмкай, сюррэалістычнай сустрэчы з рэперамі за адным столікам. Прысутнасьць Мюрэя ўзмацняе дух імправізацыі ў фільме, сьведчачы пра тое, што кіно не заўсёды павінна абапірацца на сюжэт, каб утрымліваць увагу.

Нумар 3. Паляўнічыя за прывідамі (Ghostbusters). 1984

ghostbusters_3.avif

Легендарныя прыгоды каманды навукоўцаў пасьля таго, як яны страчваюць свае зручныя пасады ва ўніверсітэце Нью-Ёрку і вырашаюць стаць «паляўнічымі за прывідамі», каб весьці высокатэхналягічную барацьбу са звышнатуральным за грошы. Яны трапляюць на брамы ў іншае вымярэньне — праём у дзьвярах, што выпускае зло на горад.

Зараз паляўнічыя за прывідамі павінны выратаваць Нью-Ёрк ад поўнага зьнішчэньня. Фірмовая машына, на якой езьдзяць нашыя героі, даўно стала надзвычай папулярнай у фанаў кіно: існуе цэлая індустрыя, што выпускае як падобныя працоўныя копіі, так і рознага кшталту мадэлькі.

Нумар 2. Зламаныя кветкі (Broken Flowers). 2005

broken_flowers.jpg

Фільм Джыма Джармуша гэта цудоўны прадстаўнік жанру дарожнага кіно. Героі ўвесь час кудысьці едуць, зь імі ўвесь час нешта здараецца. Біл Мюрэй у стужцы грае адну з самых вытанчаных роляў у сваёй кар'еры. Яго герой – былы «дон Жуан», які цяпер знаходзіцца ў сярэдне-позьнім узросьце. Аднойчы да яго прыходзіць ананімны ліст, у якім паведамляецца, што ў яго можа быць сын. Галоўны герой неахвотна адпраўляецца ў пошукі па былых каханках па ўсёй краіне.

Мюрэй грае чалавека, які пастаянна адстае ад уласнага жыцьця. Яго маўчаньне, застылыя выразы твару – стварае партрэт чалавека, які не столькі жыве, колькі назірае за сабой. Жанчыны, якіх ён зноў наведвае, кожная зь якіх выканана ў бліскучай манэры Шэран Стоўн, Джэсікай Лэнг, Фрэнсіс Канрой і Тыльдай Суінтан – утвараюць галерэю жыцьцяў, якія працягваліся без яго.

Нумар 1. Дзень Сурка (Groundhog Day). 1993

ghostbusters_3.avif

На першым радку нашага рэйтынгу – фантастычны і добры фільм з Білам Мюрэем і Эндзі МакДаўэл.

Тэлевізійны сіноптык Філ вымушаны з прадусарам і аператарам ехаць у далёкі, маленькі, правінцыйны і нікому нецікавы гарадок, каб зьняць чарговы сюжэт, як 2-га лютага гарадзкія ўлады выцягнуць з нары сурка, і будуць глядзець, ці ёсьць ад яго цень – калі так, тады мясцовасьць чакае яшчэ 6 тыдняў зімы. Філ вельмі цынічны і зьдзекуецца зь любой нагоды. Каманда абы-як здымае сюжэт, Філ у сувязі са сьнежным штормам вымушаны застацца ў гарадку яшчэ на адну ноч. Надыходзіць раніца, і атрымліваецца, што ўсё пачынаецца наноў і ён пражывае той жа дзень. А потым яшчэ раз. Бясконцы Дзень Сурка. Як жа выблытацца?

Прыемнага прагляду!