Дыпламатычны скандал: Пасол Польшчы ў Кіеве тэрмінова выкліканы ў МЗС Украіны
Пасол Польшчы ў Кіеве Ян Пекла выкліканы ў МЗС Украіны. Рашэнне прынята ў сувязі з тым, што польскія памежнікі не пусьцілі ў краіну ўкраінскага чыноўніка Святаслава Шарамета. Ён займае пасаду сакратара Дзяржаўнай міжведамаснай камісіі па справах ўшанавання памяці ўдзельнікаў сілавой аперацыі на Данбасе, ахвяр вайны і палітычных рэпрэсій.
Як у суботу, 18 лістапада, паведаміла ў Twitter прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Украіны Мар'яна Беца, кіраўнік дыппрадстаўніцтва павінен прыбыць у МЗС у тэрміновым парадку.
Як перадаюць украінскія СМІ, інцыдэнт з украінскім чыноўнікам адбыўся ў 12.00 па мясцовым часе на міжнародным пункце пропуску Шэгіні. Святаслаў Шарамета ў суправаджэнні дэлегацыі абшчыны Надсань'е накіроўваўся ў польскі Ланьцут. Памежнікі растлумачылі, што чыноўніку, у якога ў пашпарце была адкрыта нямецкая віза, на год забаронены ўезд у Польшчу і іншыя краіны Шэнгенскай зоны.
Магчымыя прычыны адмовы
У пачатку лістапада стала вядома, што Варшава будзе адмаўляць у наведванні краіны грамадзянам, якія дэманстратыўна прытрымліваюцца антыпольскіх поглядаў. Абмежаванне дзейнічае, у прыватнасці, у дачыненні да асобных афіцыйных асоб і членаў урада Украіны, якім паведамляюць пра яго пры перасячэнні мяжы.
Польскае выданне Dziennik Gazeta Prawna у сваю чаргу адзначала, што гаворка ішла аб паўнавартасным чорным спісе. Святаслаў Шарамета, як мяркуецца, з'яўляецца адным з яго фігурантаў.
Як удакладняе выданне varianty.lviv.ua, гэтым летам Дзяржаўная міжведамасная камісія, сакратаром якой з'яўляецца Шарамета, ўвяла забарону на эксгумацыю магіл у Касцюхноўцы (Валынскай вобласці) у рамках работ польскага Інстытута нацыянальнай памяці па пошуку польскіх легіянераў 1915-1916 гадоў.
Паводле tut.by