МАК паспрабаваў дапамагчы беларускім і расійскім спартоўцам, але спарадзіў хаос
Міжнародны алімпійскі камітэт вырашыў не шукаць лёгкіх шляхоў і рэкамендаваў дапусціць да спаборніцтваў беларусаў і расійцаў. Тое, што пачалося пасля заявы Томаса Баха, цяжка ўкласці ў галаву.
28 сакавіка пасля пасяджэння выканкама МАК зрабіў шырокі крок насустрач атлетам з дзяржаў-ізгояў. Прэзідэнт арганізацыі Томас Бах асабіста загінаў пальцы, пералічваючы ўмовы, на якіх беларусы і расійцы змогуць вярнуцца да міжнародных спаборніцтваў.
Выявілася, што МАК не будзе лічыць спартоўцаў з РБ і РФ занадта таксічнымі, калі яны:
- будуць выступаць у нейтральным статусе (без гімнаў, сцягаў і г.д.);
- не заўважаныя ў актыўнай падтрымцы расійскай агрэсіі ва Украіне;
- не маюць дачынення да ваенных і сілавых ведамстваў у сваіх краінах.
Асобна Міжнародны камітэт падкрэсліў: гаворка пра ўдзел беларусаў і расійцаў у камандных відах спорту наогул не ідзе. Мусіць, таму, што ў гэтым выпадку цяжка выканаць умову нейтральнасці. Калі, скажам, гэта будзе зборная Расіі па баскетболе — то як яе назваць? Каманда трох Іванаў, двух Пятроў і аднаго Колі? То лепш пакінуць пад «банам».
Броўнаўскі рух
Як толькі МАК агучыў свае рэкамендацыі, у сусветным спорце пачалося нешта неймавернае. Ход перайшоў да міжнародных федэрацый па відах спорту, а ўжо яны пачалі даваць гапака пад сваю ўласную музыку.
Музыка тая, як вядома, замаўляецца, сыходзячы з кан’юнктуры ў кожным канкрэтным выпадку. Калі ўзяць, скажам, бокс, то тут у міжнароднай федэрацыі пануе прарасійскі настрой. Арганізацыю ўзначальвае набліжаны да ўлады РФ функцыянер з характэрным прозвішчам Умар Крамлёў. Яму і яго камандзе нават сігналу ад МАК не спатрэбілася. Яшчэ да гэтага беларускім і расійскім баксёрам дазволілі зноў выходзіць на рынг, і яны ўжо паспелі паўдзельнічаць у чэмпіянаце Еўропы. Прычым — і з гімнамі, і са сцягамі, нібы няма аніякай вайны ва Украіне, якая вядзецца акурат пад гэтай сімволікай у аздабленні адыёзных сімвалаў Z і V.
А вось, скажам, Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі любыя прарасійскія лобі адрынула і заявіла аб падаўжэнні санкцый у дачыненні да атлетаў з дзвюх краін-суагрэсараў. А паколькі гэты від нездарма называюць каралевай спорту, то адпаведна і балюча стала лукашэнкаўскім спартоўцам.
Мяркуйце самі: на апошняй Алімпіядзе ў Токіа Беларусь прадстаўлялі 108 удзельнікаў у 20 відах спорту. Лёгкаатлетычны складнік аказаўся самым шматлікім — 33 чалавекі, амаль траціна. У тым ліку і адыёзны скакун у вышыню Максім Недасекаў, які паслядоўна ўхваляе палітыку Лукашэнкі. Ён выйграў у сталіцы Японіі бронзавы медаль. Але цяпер, выглядае, мае ўсе шанцы застацца без квітка ў Парыж у 2024-м.
І такая стракатая карціна зараз — ва ўсім спорце. У фехтаванні — і таксама яшчэ да рэкамендацый МАК — перад лукашэнкаўскімі і пуцінскімі прыгоннымі спартоўцамі запалілі зялёнае святло. У спецыфічным тхэквандо таксама далі дазвол прадстаўнікам дзвюх дзяржаў-ізгояў. Тое ж самае — у настольным тэнісе, барацьбе.
А вось у конным спорце і біятлоне пайшлі шляхам лёгкай атлетыкі — заявілі, што санкцыі ў сіле, і ў календары спаборніцтваў для беларусаў і расійцаў па-ранейшаму месца няма.
У большасці ж федэрацый рэкамендацыі МАК сустрэлі насцярожана. Не пабеглі навыперадкі, каб дапусціць да турніраў грамадзян РБ і РФ, але і аб працягу санкцыйнай палітыкі не заявілі. Заявілі іншае: маўляў, рэкамендацыі прынятыя да ведама, будзем ствараць працоўную групу, вывучаць крытэрыі і нешта вырашаць. І, бадай, гэта той выпадак, які дае беларусам і расійцам не столькі надзею, колькі кепскі сігнал. Бо час не чакае — ужо трэба ўдзельнічаць у кваліфікацыйных турнірах, каб атрымаць алімпійскую ліцэнзію. А тут — працоўная група і «памяркуем-падумаем».
Санкцыі мясцовага значэння
Адметна, што нават атрыманы дазвол яшчэ нічога «спартоўцам вайны» не гарантуе. Вельмі красамоўна гэта выявілася, напрыклад, у фехтаванні.
Міжнародную федэрацыю тут узначальваў расійскі алігарх Алішэр Усманаў. Але толькі да сакавіка мінулага году. Неўзабаве пасля нападу РФ на Украіну пуцінскі прадпрымальнік трапіў пад санкцыі, у сувязі з чым сышоў са спартыўнай пасады. Але ўплыў, вядома, захаваў, то не дзіўна, што беларускім і расійскім фехтавальшчыкам дазволілі спаборнічаць на міжнародным узроўні. Але толькі дэ-юрэ, бо дэ-факта пачаўся сапраўдны вэрхал.Сістэма ў гэтым відзе спорту грунтуецца на Кубку свету і іншых лакальных спаборніцтвах, этапы якога прымаюць розныя краіны паводле раскладу. Дык выявілася, што адна за другой яны на знак пратэсту супраць «усманаўшчыны» пачалі адмяняць турніры «мушкецёраў».
За апошні месяц такое рашэнне прынялі ў Германіі і Даніі, Фінляндыі і Францыі, Швецыі і Польшчы… Вы хацелі як лепш і «спорт па-за палітыкай»? То атрымайце ў адказ на вашу «рэал-палітык» нашу прынцыповую пазіцыю.
Прычым якраз у фехтаванні не скажаш, што дрэнныя еўрапейскія чыноўнікі страляюць сабе ў нагу, парушаючы інтарэсы сваіх жа атлетаў. Не, бо і самі спартоўцы шчыльнымі радамі выступілі супраць прысутнасці лукашэнкаўцаў і пуцінцаў. 323 фехтавальшчыкі розных краін (з іх 286 дзейныя) напісалі адкрыты ліст прэзідэнту МАК Томасу Баху супраць вяртання беларусаў і расійцаў.
Дзе гарантыя, што нечага падобнага не адбудзецца ў іншых відах, дзе вырашылі не заўважаць вайну і забойствы мірных украінцаў?
Лукашэнка згодны на ўсё
Ва Украіне, канечне, не ўзрадаваліся крокам МАК насустрач беларусам і расійцам. Афіцыйны Кіеў пратэстуе і ледзьве ўжо не забараніў сваім спартоўцам выходзіць на адны пляцоўкі з «суагрэсарамі». Аднак больш цікавая тут якраз рэакцыя саміх атлетаў з РБ і РФ.
Расійцы, перабіваючы адно аднаго, абураюцца: бач ты, іх абавязваюць удзельнічаць у нейтральным статусе. А гімн і сцяг — гэта ж наша радзіма, а радзімай мы, кажуць, не гандлюем. Як сказала галоўная трэнерка расійскай зборнай па сінхронным плаванні Таццяна Пакроўская, «яна нас падштурхваюць да здрады, але мы не паддадзімся!».
Зразумела, чаму ў Расіі пануе такая рыторыка. Усё ж пасля 24 лютага мінулага года шмат якія спартоўцы паспяшаліся ўголас падтрымаць «спецыяльную ваенную аперацыю». Ужо паводле гэтага крытэрыя, згодна з рэкамендацыяй МАК, ім будзе нельга трапіць на Алімпіяду. Таму і галосяць.
У Беларусі сітуацыя іншая. Ці па негалосным распараджэнні зверху, ці праз уласныя асцярогі беларускія атлеты (за выключэннем адзінкавых выпадкаў) на бок расійскай агрэсіі не паўсталі. Так, Украіну таксама ніхто з дзейных спартоўцаў не падтрымаў — у асноўным, як і ў 2020 годзе, шэрая маса набрала ў рот вады. Атрымліваецца, што прынамсі ў гэтай частцы яны пазіцыі МАК адпавядаюць. Таму і агулам у Беларусі да нейтральнага статусу стаўленне спакойнае.
Што казаць, калі нават Лукашэнка, які колькі часу таму называў Міжнародны алімпійскі камітэт «бандай Баха», ужо паспяшаўся пагадзіцца на «нейтральнасць» сваіх майстроў спорту. Падчас нядаўняга «паслання народу і парламенту» галоўны беларускі спартовец паблажліва заявіў: «Ну, не хочаце, каб мы выступалі пад сваім сцягам, добра, пацерпім. Хоць гэта брыдота — чаму вы пад сцягам, а мы не? Мы гэта вытрымаем. Гэта трэба перажыць. Не парцеся».
Але, як бачна, спорт парыцца. МАК вырашыў дапамагчы беларусам і расійцам ды толькі спарадзіў хаос. Як будзе развівацца сітуацыя, невядома. Ясна хіба адно: шмат будзе залежаць ад падзей ва Украіне і вакол яе. Адно толькі заедзе ў Беларусь расійская ядзерная зброя — і мігатлівы алімпійскі агеньчык можа згаснуць для Мінска і Масквы. А, можа, да Гульняў украінцы наогул перамогуць у вайне — тады, здаецца, Пуціну і Лукашэнку стане зусім не да спорту.