МАК рэкамендаваў дапусціць беларускіх спартсменаў да спаборніцтваў, але ёсць некалькі пікантных нюансаў

Сёння па выніках пасяджэння выканкама Міжнароднага алімпійскага камітэта была зроблена заява наконт допуску беларускіх і расійскіх атлетаў да міжнародных спаборніцтваў. У цэлым МАК рэкамендуе федэрацыям па асобных відах спорту дапусціць беларусаў і расійцаў да стартаў, бо, маўляў, нельга парушаць іх правы. А далей пачынаюцца нюансы. 

regnum_picture_16769954822600_normal.jpg

Па-першае, беларускія і расійскія спартсмены ў выпадку дазволу змогуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах толькі пад нейтральным сцягам і толькі ў індывідуальных турнірах.

А вось удзел прадстаўнікоў краін-суагрэсараў у камандных відах спорту «не разглядаецца», як заявіў на прэс-канферэнцыі 28 сакавіка прэзідэнт МАК Томас Бах.

Атрымліваецца, што хакей, баскетбол, валейбол і іншыя беларускія гульнявыя віды спорту застануцца пад санкцыямі. Пры гэтым футбалісты свае матчы ў Еўропе праводзяць — УЕФА і ФІФА на іх абмежаванняў не накладалі, хаця разгляд гэтага пытання чакаецца на пачатку красавіка.

«Сёння выканаўчы камітэт МАК выпускае міжнародным федэрацыям і арганізатарам міжнародных спартыўных спаборніцтваў наступныя рэкамендацыі: па-першае, атлеты з расійскімі ці беларускімі пашпартамі павінны выступаць толькі ў якасці індывідуальных спартсменаў. Па-другое, удзел спартсменаў з расійскімі ці беларускімі пашпартамі ў камандных відах спорту не можа разглядацца», — так гучыць цытата Томаса Баха з прэс-канферэнцы пасля пасяджэння выканкама.

Яшчэ адным важным нюансам, і Бах пра гэта таксама сказаў, з'яўляецца тое, што, акрамя нейтральнага статусу, беларусы і расійцы могуць браць удзел у спаборніцтвах толькі тады, калі не падтрымліваюць вайну ва Украіне і не маюць кантрактных сувязяў з ваеннымі альбо сілавымі ведамствамі сваіх краін.

Тут цікава тое, што якраз за сілавымі ведамствамі і замацаваны многія беларускія атлеты — маюць там выслугу гадоў, атрымліваюць грошы, носяць пагоны. Аб гэтым яны неаднойчы распавядалі ў сваіх інтэрв'ю. Цяпер гэтыя факты будуць працаваць супраць фармальных беларускіх «міліцыянтаў» ці «кадэбэшнікаў» ад спорту. Як гэтую калізію вырашыць рэжым Лукашэнкі, пакуль невядома.

Нарэшце адзначым, што пытанне ўдзелу беларусаў і расійцаў у Алімпійскіх гульнях МАК сёння не разглядаў. Рашэнне на гэты конт будзе прынята пазней.