Хабар, бізнес, узнагароды. Як пуцінская Расія залагоджвае сусветны спорт

За словамі спартыўных чыноўнікаў пра роўнасць, братэрства і ідэалы алімпізму часта можна разгледзець сувязі з Масквой і карыслівую заангажаванасць.

sport_corruption.png


Які ўжо тыдзень працягваюцца дыскусіі наконт допуску расійскіх і беларускіх спартсменаў да Алімпіяды-2024. Працэс быў запушчаны Міжнародным алімпійскім камітэтам — і асабіста прэзідэнтам арганізацыі Томасам Бахам, які цягам года быў не супраць санкцый, а цяпер прагне іх змякчэння.
МАК настойвае, што нельга пазбаўляць атлетаў права ўдзельнічаць у спаборніцтвах толькі праз наяўнасць расійскага ці беларускага пашпарта. Што гэта парушэнне іх базавых правоў. Што калі яны не падтрымліваюць пуцінскую агрэсію ва Украіне, то іх варта запрасіць у Парыж, прынамсі, у нейтральным статусе.
Гучыць прыгожа. У нейкім стэрыльным сусвеце — нават слушна і справядліва. Але чаму міжнародная супольнасць рэагуе на прымірэнчую актыўнасць Баха і яго паплечнікаў без энтузіязму? Настолькі, што дзясяткі краін ужо выступілі супраць расійска-беларускай прысутнасці на Алімпіядзе, а некаторыя нават пагражаюць байкотам?
Як падаецца, справа не толькі ў крывавай лазні, якую два суагрэсары зладзілі ва Украіне. Ёсць яшчэ пытанне даверу да міжнародных спартыўных структур, якія раней неаднойчы былі заўважаны ў неадназначных стасунках з Крамлём.
Варта згадаць некалькі выразных пракладаў.

Лёгкая атлетыка: хабар на 3 мільёны еўра

Сенегалец Ламін Дзіяк быў вядомы не толькі як бацька 15 дзяцей, але і як чалавек, што цягам 16 гадоў — з 1999-га да 2015-га — узначальваў Міжнародную асацыяцыю лёгкаатлетычных федэрацый (ІААФ). Менавіта на перыяд яго прэзідэнцтва прыйшоўся аглушальны скандал з расійскімі спартоўцамі, рэха якога гучыць дагэтуль.Гэта вельмі доўгая і занадта вядомая гісторыя, каб узгадваць яе ў дэталях. Гугл у дапамогу — і ў два клікі вы знойдзеце журналісцкія расследаванні пра тое, як расійскія лёгкаатлеты ўжывалі конскімі дозамі допінг і як потым таемнае стала вядомым.

Ламін Дзіяк у Маскве. Фота: wikipedia

Ламін Дзіяк у Маскве. Фота: wikipedia

У выніку расійская лёгкая атлетыка патрапіла пад жорсткія санкцыі. Сяброўства федэрацыі суседняй краіны ў ІААФ было прыпынена, а спартсмены з 2015 года могуць спаборнічаць на міжнародных арэнах у скарочаным складзе і выключна пад нейтральным сцягам. Уласна кажучы, расійцы ў лёгкай атлетыцы сталі ізгоямі задоўга да таго, як гэта стала мэйнстрымам.
Вы спытаецеся: дык у чым праблема? Было злачынства — хлопцы і дзяўчаты ўжывалі забароненыя прэпараты. Было пакаранне — санкцыі, шматмільённыя штрафы, дыскваліфікацыі і звальненні. Міжнародная спартыўная супольнасць, уключна з ІААФ, годна адрэагавала на махлярствы Расіі, то і добра.
Добра, але не зусім. Якраз на фоне скандалу ў цэнтр увагі патрапіў Ламін Дзіяк. Ужо пасля вымушанай адстаўкі з кіраўнічай пасады ў ІААФ яго затрымалі ў Парыжы паводле абвінавачвання ў атрыманні хабару ў Расійскай Федэрацыі. У французскіх праваахоўнікаў меліся матэрыялы, якія паказвалі, что функцыянер з Сенегала атрымаў ад маскоўскіх чыноўнікаў 200 тысяч еўра. Грошы былі ўзнагародай за ўкрывальніцтва допінгавых гісторый з удзелам атлетаў з Расіі.
Паводле агучанай інфармацыі, на допінгу расійцы шчыльна сядзелі яшчэ з 2001 года, абароненыя заступніцтвам прэзідэнта ІААФ. 80% медалёў, выйграных за гэты перыяд, яны здабылі з дапамогай стымулятараў. Карупцыя ў міжнароднай федэрацыі квітнела, прычым з выразным расійскім адценнем.
У выніку састарэлага Дзіяка цягалі па судах да самай ягонай смерці ў снежні 2021-га. Апошні тэрмін, які ён атрымаў — два гады зняволення плюс столькі ж умоўна. Агульная сума хабару, што фігуравала ў справе, сягала да трох мільёнаў еўра.
Зразумела, што падчас выкрыцця карупцыйных грахоў Дзіяка новымі фарбамі зайгралі яго цудоўныя стасункі з гаспадарамі Крамля. У розныя гады ён хваліўся сяброўствам з Пуціным, атрымліваў ад «часовага» расійскага прэзідэнта Мядзведзева ордэн Сяброўства. У 2013 годзе чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы прайшоў у Маскве. Усё было надзейна схоплена Крамлём у ІААФ.

Футбол: Карціна Пікаса і 5 мільёнаў долараў праз афшоры

У снежні 2015 года на восем гадоў ад футбола былі адхілены яго галоўныя кіраўнікі — прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі (ФІФА) Зэп Блатэр і прэзідэнт Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) Мішэль Плаціні.Падставай стаў банкаўскі перавод двух мільёнаў швейцарскіх франкаў, які зрабіў Блатэр на карысць Плаціні за выкананне «пэўнай працы». Што за праца, цяпер ужо не так важна, дый спробы крымінальнага пераследу абодвух функцыянераў не пайшлі далей за кароткачасовыя затрыманні і допыты. Але на ФІФА і УЕФА паў цень — і галоўныя фігуранты былі вымушаны сысці з пасад, а потым і аказацца ў шматгадовай апале.

Зэп Блатэр і Пуцін. Фота: «Рэйтэрс»

Зэп Блатэр і Пуцін. Фота: «Рэйтэрс»

Расійскі след тут знаходзім не толькі ў сяброўскіх адносінах швейцарца Блатэра і француза Плаціні з «галоўным заўзятарам» Расіі Пуціным. Галоўны складнік тычыцца выбару месцаў правядзення чэмпіянатаў свету 2018 і 2022 гадоў. Гаспадарамі ЧС, як вядома, сталі Расія і Катар, і абодва турніры прайшлі пад агнём крытыкі.
У 2018-м ужо былі акупаваны Крым і частка Данбаса, і міжнародны імідж РФ ад гэтага моцна пацярпеў. У Катары стадыёны будавалі на касцях гастарбайтараў, пра што шмат пісалі сусветныя СМІ і казалі праваабаронцы.
Вядома, што не абышлося і без абвінавачванняў ФІФА ў карупцыі. Дагэтуль існуе меркаванне, што Масква і Доха здабылі права правесці прэстыжныя турніры за тлустую падзяку на адрас адказных персон, і гэтыя меркаванні, шчыра кажучы, выглядаюць праўдападобна. Асабліва ў кантэксце рэпутацыі галоўных футбольных інстытутаў свету, якіх толькі гультай не абвінаваціў у хабарніцтве і іншых карупцыйных праявах.
Вось толькі адзін прыклад. У 2020 годзе ЗША высунулі абвінавачванне грамадзяніну Трынідада і Табага Джэку Уорнеру. Падчас размеркавання месцаў правядзення ЧС 2018-га і 2022-га той займаў пасаду віцэ-прэзідэнта ФІФА. І, паводле версіі амерыканскіх пракурораў, атрымаў 5 мільёнаў долараў хабару за падтрыманне заяўкі РФ. Цікавая падрабязнасць: грошы спадару Уорнеру нібыта былі пераведзены праз дзесяць падстаўных афшорных кампаній з канчатковым размеркаваннем паміж 30 банкаўскімі рахункамі. На момант пазову з ЗША чыноўнік быў даўно звольнены з усіх футбольных пасад, яму было пад 80 гадоў, і амерыканская юрысдыкцыя да яго дацягнуцца не магла.
Раней, у 2015 годзе, у Швейцарыі затрымалі дзевяцярых функцыянераў ФІФА — у дадатак да хабарніцтва гаворка ішла пра адмыванне грошай і іншыя махінацыі. Канкрэтна Плаціні брытанскія медыя закідвалі атрыманне ад Пуціна ў падарунак карціны Пабла Пікаса, што той рашуча адмаўляў. Маўляў, паліцыя праводзіла вобшук — карціны не знайшла.
Карацей, скандал быў на ўвесь свет. Са звычайным каштоўнасным падзелам меркаванняў: дэмакратычныя краіны заклікалі Блатэра і Плаціні сысці ў адстаўку, каб яшчэ больш не пляміць футбол, Расія ж усяляк падтрымлівала іх — і абвінавачвала калектыўны Захад ва ўмяшальніцтве не ў свае справы. Летам 2015 года Пуцін заявіў, што апальны экс-прэзідэнт ФІФА Блатэр варты Нобелеўскай прэміі міру.

Хакей: Грамадзянства і яблычная канцэсія

Швейцарац Рэнэ Фазель узышоў на кіруючую пасаду ў Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ) адначасова з тым, як Лукашэнка стаў прэзідэнтам Беларусі. У 1994 годзе. У адстаўку былы фрыбурскі дантыст сышоў у 2021-м — і якраз праз Лукашэнку.

Фота: ТАСС

Фота: ТАСС

У іх былі настолькі сяброўскія адносіны, што ў студзені 2021-га Фазель прыехаў у Мінск ратаваць ЧС. Турнір мусіў прайсці ў Беларусі, але супраць гэтага на фоне фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў выступіў дэмакратычны свет. Прэзідэнт ІІХФ паабдымаўся з Лукашэнкам, сфатаграфаваўся з адыёзным Баскавым (тагачасным кіраўніком беларускай федэрацыі), і гэта вырашыла ўсё.
Па-першае, ад ЧС у Мінску адмовіліся спонсары — і яго прыйшлося пераносіць у іншае месца. Па-другое, сам Фазель зганьбіўся настолькі, што неўзабаве пакінуў ІІХФ пасля 27 гадоў кіравання.
Сябраваў ён, канешне, не толькі з Лукашэнкам, але і з Пуціным. Ды што там сябраваў: адкрыта прызнаваўся, што захапляецца расійскім прэзідэнтам. Пра меркаваную карумпаванасць швейцарца шмат казалі ў хакейных колах, аднак да якіх-небудзь афіцыйных абвінавачванняў справа не дайшла.

Фота: sport-express

Фота: sport-express

Пасля адстаўкі Фазель на нейкі час сышоў у цень, але пасля зноў з’явіўся ў загалоўках медыя — і выклікаў сапраўдны фурор.
Абдымкі з Лукашэнкам на пачатку 2021-га ён называў сваёй галоўнай памылкай у кар’еры. Калі кар’ера скончылася, 73-гадовы пенсіянер не пасаромеўся ўзяць грамадзянства РФ і ў дадатак — 54% акцый расійскай кампаніі «Алма холдынг», якая займаецца вырошчваннем яблыкаў. Не збянтэжыла яго не толькі захопніцкая вайна, якую Расія вядзе ва Украіне, але і бізнес-партнёрства ў тым самым холдынгу з пуцінскім алігархам Генадзем Цімчанкам.
Для многіх у гэтым месцы пазл склаўся канчаткова. Фазель пайшоў дарогай былога нямецкага канцлера Герхарда Шродэра, які на старасці гадоў па шчодрым запрашэнні Крамля заняў менеджарскія пасады ў «Раснафце» і «Газпраме». У Фазеля канцэсія больш сціплая, але калі пачаў жыццё дантыстам — то чаму б не завяршыць яго аграномам?
Засталося толькі высветліць, за што менавіта былога прэзідэнта ІІХФ аддзячылі сінекурай у Расіі.

МАК: «Усё не так адназначна»

Немец Томас Бах узначаліў Міжнародны алімпійскі камітэт у верасні 2013 года. Спачатку ён з вялікай прыязнасцю ставіўся да Расіі і не стамляўся хваліць узровень арганізацыі зімовых Алімпійскіх гульняў-2014, якія прайшлі ў Сочы. Але «цудоўная» Алімпіяда ў выніку аказалася ледзьве не самай скандальнай у гісторыі.Расія чарговы раз уляпалася ў грандыёзны допінгавы скандал. Выявілася, што дзеля здабычы найбольшай колькасці медалёў у РФ распрацавалі цэлую сістэму ўжывання забароненых рэчываў. Было даказана, што датычнасць да махлярства мелі дзяржаўныя органы — уключна з Мінспорту і ФСБ. Было прадугледжана не толькі ўжыванне допінгу, але і спосабы «ачышчэння» проб для далейшага аналізу. Сапраўдным мемам стала схема замены прабірак з мачой праз дзірку ў сцяне спецыяльнага памяшкання. Сюжэт, які заслугоўвае дэтэктыўных раманаў.

Фота: АР

Фота: АР

Схаваць гэтую сістэму расійскім дзялкам не ўдалося. Калі ўсё выкрылася, ліпавых расійскіх «чэмпіёнаў» і «прызёраў» пачалі пазбаўляць узнагарод. Гісторыя расцягнулася на гады, медалі бесперапынна пераразмяркоўвалі, Алімпіяда канчаткова была сапсавана.
А што ж Бах? А Бах у адказ на гэта фактычна заняў пазіцыю «не ўсё так адназначна». Не адмаўляючы ні віны, ні адказнасці Расіі, кіраўнік МАК выказваўся даволі стрымана. Казаў пра індывідуальную адказнасць атлетаў, пра «спорт па-за палітыкай», пра тое, што допінг — гэта сусветная, а не толькі расійская праблема.
Пры гэтым, так-так, Бах таксама сябраваў з Пуціным. Сустракаўся з ім, абдымаўся, у Сочы яна разам глядзелі хакей. У сакавіку 2021-га расіец павіншаваў немца з чарговым пераабраннем на пасаду прэзідэнта МАК.
Расія, канешне, не пазбегла санкцый за сочынскія прабіркі. Пачынаючы з Гульняў-2016, спартсмены з РФ знаходзяцца пад абмежаваннямі. З Пхенчхана-2018 яны спаборнічаюць у нейтральным статусе. Пры ўзнагароджанні замест расійскага гімна на стадыёнах уключаюць музыку Чайкоўскага. Аднак да поўнага адхілення ад Алімпіяд справа не дайшла.

Фота: DW

Фота: DW

Здавалася, што чырвоную рысу пуцінскі рэжым перайшоў у лютым 2022-га, пасля развязвання вайны ва Украіне. Тут ужо МАК радыкальна змяніў і рыторыку, і палітыку ў дачыненні да РФ. Гэта па рэкамендацыі Баха расійскі спорт (разам з беларускім) амаль цалкам ізалявалі ад міжнароднага. Гэта паводле рашэння МАК у Пуціна — во справы — нават забралі ўручаны некалі Залаты алімпійскі ордэн.
І што ж? Мінуў год вайны, наблізіліся Гульні ў Парыжы... І, як бачым, той жа Бах ужо спявае іншыя песні. Ён ужо ў авангардзе руху за вяртанне расійцаў (і беларусаў) на Алімпіяду. Зноў «усё не так адназначна», хаця ва Украіне працягвае ліцца кроў і гінуць дарослыя і дзеці.
Чаму здарыўся гэты паварот, што за гэтым стаіць і чым усё скончыцца, мы дазнаемся толькі з часам. Але калі Расію ўсё ж дапусцяць да Алімпіяды, гэта дакладна стане чарговай палітычнай перамогай Крамля над сусветным спортам.